Моцныя ў сваёй справе

- 12:11Навіны рэгіёнаў

Конкурс “Лепшы памочнік выхавальніка” арганізавалі ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.

На першым этапе конкурсу памочнікамі выхавальнікаў была прадстаўлена сервіроўка дзіцячага стала. Журы ацэньвала эстэтыку афармлення, адпаведнасць узросту дзяцей. Вельмі прыемна было бачыць, як выхаванцы дапамагалі Валянціне Баляславаўне Кацінель сервіра­ваць стол. Хочацца адзначыць памочніка выхавальніка Алену Іосіфаўну Тумко, якая сервіравала стол да Дня Святога Валянціна. Алена Антонаўна Мілько сервіравала стол у адпаведнасці з порамі года — зімой і вясной, а таксама асобна для хлопчыкаў і дзяўчынак. Ірына Аляксандраўна Анушкевіч прадставіла абарону сваёй сервіроўкі ў вершаванай форме, а стол сервіравала ў выглядзе снегавіка.

У чарговым этапе, у якім памочнікам выхавальніка неабходна было прадэманстраваць уменні работы з дзецьмі, спалучаючы гэта са сваім хобі, лепшай была А.І.Тумко, якая разам з выхаванцамі паказала майстар-клас “Пчолка-працаўніца”. Алена Іосіфаўна на 15 мінут пагрузіла дзяцей у свет пчол: расказала, дзе яны жывуць і якую карысць прыносяць лю­дзям, а таксама аб відах і карысці мёду. Вольга Ула­дзіміраўна Паўлюшчык пад вясёлую песню прадэманстравала з дзецьмі комплекс гімнастычных практыкаванняў.

Да заключнага этапу конкурсу ўдзельніцы падрыхтавалі візітоўкі, у якіх расказалі пра сябе, свае інтарэсы, а таксама ўвазе журы і глядзельнай залы прадставілі самастойна распрацаваны дызайн спец­­адзення памочніка выхавальніка з каментарыямі па яго выкарыстанні ў працы.

Конкурс паказаў, што нашы памочнікі выхавальнікаў вылучаюцца творчым падыходам, крэатыўнасцю, валодаюць навыкамі дызайнерскага майстэрства і, самае галоўнае, з’яўляюцца прафесіяналамі сваёй справы. У выніку пераможцай конкурсу “Лепшы памочнік выхавальніка” стала А.І.Тумко, сярод пераможцаў таксама В.У.Паў­люшчык, В.Б.Кацінель, А.А.Міль­ко.

На нашым сайце было абвешчана анлайн-галасаванне, у якім маглі прыняць удзел бацькі выхаванцаў. Пераможцай галасавання стала памочнік выхавальніка В.Б.Кацінель. Усім удзельніцам конкурсу былі ўручаны граматы і памятныя падарункі.

Алена ВАСІЛЬЧЫК,
загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.