Мовай продкаў і мовай нашчадкаў тваіх

- 10:35Актуально, Апошнія запісы

Пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” вызначылі ў Дзень беларускага пісьменства ў Полацку. “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну” — пад такім дэвізам у лютым стартавала творчае спаборніцтва аматараў роднай літаратуры. У пятым па ліку конкурсе “Жывая класіка”, які ў гэтым годзе пашырыў маштаб да рэспубліканскага, прынялі ўдзел больш за 13 тысяч навучэнцаў з 1 па 10 клас.

Конкурс, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі, Міністэрства адукацыі, ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” і Саюз пісьменнікаў Беларусі, праводзіўся ў чатыры этапы. Паспрабаваць свае сілы ў ім змаглі ўсе жадаючыя з усіх куткоў Беларусі. 1 верасня Полацк прымаў лепшых з лепшых — тых, хто здолеў вытрымаць усе конкурсныя выпрабаванні і атрымаў гонар прадстаўляць свае рэгіёны ў паўфінале. Перад тым як прадэманстраваць гледачам і журы сваё прачытанне любімых твораў беларускіх аўтараў, госці сёлетняй сталіцы беларускага пісьменства пазнаёміліся з горадам, паўдзельнічалі ў святкаванні Скарынаўскіх дзён у Полацку, сустрэліся з вядомымі сучаснымі майстрамі слова і ўпершыню ў жыцці ўбачылі арыгінал кнігі, надрукаванай Францыскам Скарынам.

Хваляваліся і верылі ў перамогу ўсе канкурсанты, але толькі 13 з іх здолелі трапіць у фінал. Выступленні ўдзельнікаў ацэньваліся па трох асноўных крытэрыях: тэматыка, глыбіня пранікнення ў сэнс кампазіцыі, артыстызм выканання. Безумоўна, кожны з тых, хто ступіў 2 верасня на сцэну абноўленай залы Полацкага гарадскога палаца культуры, меў права і ўсе падставы спадзявацца на перамогу. Таленавітыя і артыстычныя юныя чытальнікі пакарылі сэрцы палачан, гасцей свята і задалі няпростую работу журы, у склад якога ўвайшлі міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр адукацыі Ігар Карпенка, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук, дырэктар цэнтралізаванай сістэмы бібліятэк Мінска Таццяна Швед, генеральны дырэктар ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне” Павел Каранеўскі, мастацкі кіраўнік тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандр Яфрэмаў, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Сяргей Кавальчык, народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна.

— Класічная нацыянальная літаратура, якая выкладаецца ў школе, — гэта не толькі веды, але падмурак асобы дзіцяці, — вітаючы фіналістаў ад імя Міністэрства інфармацыі, адзначыла Лілія Ананіч. — Сёння прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх удзельнікаў з Днём беларускага пісьменства і ў сваім прывітальным слове адзначыў, што свята стала неад’емнай часткай незалежнасці беларускай дзяржавы. Гэта высокія словы для вас, дарагія дзеці, гэта падмурак вашай будучыні, таму мы рабілі і робім усё ў нашай дзяржаве, каб вы, маладое пакаленне, узбагачаліся кніжнай мудрасцю, жывіліся вытокамі нацыянальнай літаратуры, нашай духоўнасці. Але самае галоўнае, што менавіта сёння тут, у Полацку, мы пабачым нашы лепшыя творчыя дзіцячыя сілы. А ўсе 13 тысяч удзельнікаў — гэта пераможцы. Пераможца — уся наша Беларусь, якая чытае сёння жывую класіку.

Ад імя Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь фіналістаў павітаў Ігар Карпенка:

— Прыемна вяртацца ў родны горад, дзе прайшло маё дзяцінства, школьныя гады, і надзвычай прыемна сёння з гэтай сцэны сказаць: “Прывітанне, старажытны і малады Полацк!” Той факт, што вы стаіце на гэтай сцэне, — перамога, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — Жадаю вам поспехаў, новых творчых узлётаў, і няхай у вас усё ў жыцці атрымаецца так, як вы задумалі.

Юныя чытальнікі не проста агучвалі вершы і прозу — яны пражывалі на сцэне лёсы герояў са старонак кніг. Заварожаная зала лавіла кожнае слоўца, кожны жэст — класіка сапраўды ажывала ў сэрцах. А ў перапынках паміж выступленнямі ўдзельнікі шчыра і непасрэдна расказвалі пра сябе, свае захапленні, мэту, з якой яны прыйшлі на конкурс. Паўтары гадзіны праляцелі як імгненне. Нарэшце журы пакінула залу, каб вырашыць, хто з фіналістаў варты галоўных прызоў. Ненадоўга затрымалася толькі Настасся Масквіна: знакамітая оперная спявачка так захапілася магіяй слова, што таксама выйшла на сцэну і прачытала любімыя радкі Максіма Багдановіча. А потым яна, канечне, заспявала — гэта таксама была жывая класіка. У наступныя некалькі хвілін рэй павяла народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель. Загучалі беларускія народныя песні — і тут ужо дружна падпяваць пачалі спачатку канкурсанты са сцэны, а за імі і ўся зала…

Надышоў самы хвалюючы момант: журы абвясціла пераможцаў. Дыпломы лаўрэатаў атрымалі ўсе ўдзельнікі заключнага этапу конкурсу. Спецыяльны прыз Саюза пісьменнікаў Беларусі — у навучэнак са Жлобіна Лізаветы Цітовай і Ульяны Шырокай. Па прызнанні Мікалая Чаргінца, ён не змог, як першапачаткова збіраўся, вызначыць самае таленавітае выступленне: дастойныя былі ўсе, — таму змяніў крытэрый выбару і ўручыў прыз дзяўчатам, якія, на думку пісьменніка, найбольш ярка і поўна раскрылі блізкую яму тэму Вялікай Айчыннай вайны. Прыз ад часопіса “Бярозка” за цудоўны выбар твора, неверагоднае шматбаковае прачытанне, нерэальны артыстызм атрымаў Раман Чылік са Слоніма, які ажывіў перад гледачамі класічныя бядулеўскія “Пяць лыжак заціркі”.

— Некалькі слоў перш за ўсё Дзецям, якіх я пішу апошнім часам з вялікай літары, — уручаючы фіналістам малодшай групы прызы ад часопіса “Вясёлка”, не стрымліваў эмоцый Уладзімір Ліпскі. — Сябры мае, мы здалі ў музеі багата чаго: лапці, кажухі, жорны, плугі, бароны. Можа, прыйдзе час — і адправім туды сённяшнія камп’ютары, мабільнікі. Але ўпэўнены: мы ніколі не здадзім у музеі нашу родную, мілагучную беларускую мову, наша пачуццё любові да роднай зямлі, Беларусі. Мы ніколі не здадзім нашу працавітасць, нашу веру, надзею, любоў да ўсіх людзей свету.

Прызы ад Міністэрства культуры — сертыфікаты на права наведвання музеяў нашай краіны на працягу навучальнага года — Барыс Святлоў уручыў усім фіналістам, а ўладальніцай спецыяльнага прыза стала брэстаўчанка Маргарыта Чопка — дзяўчынка чытала “Жорава і Чаплю” Максіма Танка. Па выніках конкурсу дыпломы І ступені атрымалі Дар’я Хаменка (Жлобін), Аляксей Сямашка (Гродна), Раман Чылік (Слонім) і Ульяна Жардзецкая (Мінск). Дыпломы ІІ ступені — у Эвеліны Дунчанка (Маладзечанскі раён), Уладзіслава Пракапенкі (Мінск), Лізаветы Цітовай і Ульяны Шырокай (Жлобін), Андрэя Гаргуна (Ваўкавыск). Дыпломы ІІІ ступені прывезлі з Полацка Маргарыта Чопка (Брэст), Віялета Будзько (Докшыцы), Андрэй Алемкін (Брэст) і Дар’я Раўтовіч (Любань).

Усе ўдзельнікі заключнага этапу конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, салодкімі прызамі і бясплатнымі пуцёўкамі ў НДЦ “Зубраня”. Па задуме арганізатараў у наступным годзе фіналісты VI Рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка” сустрэнуцца таксама падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Іванаве Брэсцкай вобласці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.