Мовы дзіўныя напевы

- 12:05Навіны рэгіёнаў

Школа ў вёсцы Квасоўка Гродзенскага раёна была адкрыта ў 1925 годзе. За гэты час і ў вёсцы, і ў навучальнай установе адбылося шмат змен. Сёння аграгарадок Квасоўка — цэнтр аднаго з самых перадавых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Беларусі — вытворчага кааператыва імя Героя Беларусі В.І.Крамко. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да Беларускай ССР у 1939 годзе школа стала сямігодкай з беларускай мовай навучання. Сёння гэта сярэдняя школа, а вось мова навучання ніколі не мянялася — так і засталася беларуская.

У Квасоўскай школе не проста выкладаюць усе прадметы на роднай мове, тут пастаянна ладзяць святы, шматлікія мерапрыемствы для папулярызацыі беларускай культуры, традыцый, нават рухавыя перапынкі праводзяць пад беларускія сучасныя песні. Вось і свята “Мовы дзіўныя напевы” захапіла ўсіх: і настаўнікаў (з іх дапамогай рыхтавалі сцэнарыі мерапрыемстваў, праграму), і вучняў — пачынаючы з першакласнікаў.

Настаўніца першага класа Марына Мечыславаўна Зелянкоўская расказвае, што за тры месяцы навучання дзеткі ўжо ведаюць, як правільна адказваць на беларускай мове. Канечне, часам рускае слова не-не ды і прагучыць у адказ, але школьнікі цярпліва вучацца і з радасцю дэкламуюць вершы на беларускай мове.

— Многія мае выхаванцы наведвалі беларускамоўны дзіцячы садок у нашым аграгарадку, таму пераемнасць у адукацыі ёсць, а каб замацаваць веды, праводжу факультатыў “Вытокі беларускай мовы”, — расказвае настаўніца. — Сёння я запрасіла сваіх вучняў у літаратурную гасцёўню “Зямля пад белымі крыламі”, і кожны з іх вывучыў верш на роднай мове.

— Выкладанне ўсіх прадметаў на роднай мове — натуральны працэс, — гаворыць дырэктар Квасоўскай сярэдняй школы Алег Калікставіч Хрыптовіч. — І бацькі нашых вучняў гэта падтрымліваюць. Многія з іх, былыя вучні школы, гавораць: “Мы вучыліся на роднай мове, і нашы дзеці няхай вучацца”. І хімію, і фізіку, і матэматыку дзеці лёгка ўспрымаюць на беларускай мове, бо ёсць падручнікі, добрыя настаўнікі, беларускамоўнае асяроддзе. Дарэчы, трэцяя частка нашых педагогаў — гэта выпускнікі школы.

Шасцікласнікі Ілона Баярчык і Ігар Ерамішын запрашалі ў школьны музей у вобразах гаспадароў сялянскай хаты, а Святаслаў Кац выконваў ролю Дамавіка. Свой спектакль дзеці назвалі “Ад прадзедаў спакон вякоў…”.
— Мы паказвалі, як раней жылі сяляне, — расказвае выдатніца Ілона. — Расказвалі пра асаблівасці побыту, традыцыі. Вучыцца на беларускай мове не заўсёды лёгка, але нам падабаецца.

— Пры падрыхтоўцы кожнага свята раімся з вучнямі, як яго правесці, даведваемся, што ім будзе цікава, — расказвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Чаславаўна Цыбульская. — Дзеці прапанавалі правесці фальклорнае свята, дзеянне якога разгортваецца на кірмашы. А кірмаш — гэта вяселле, гумар, песні і танцы. Вучні шукалі матэрыялы, у тым ліку, канечне, у інтэрнэце, прыносілі з дому розныя старыя рэчы, распытвалі бабуль, які ж ён, сапраўдны старадаўні кірмаш.

Спектакль дзеці спачатку паказалі ў школе, а потым будуць выступаць з ім на розных мясцовых мерапрыемствах.

Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама Андрэй Віктаравіч Батура, у раёне навучанне на беларускай мове вядзецца ў трох навучальных установах — Квасоўскай і Свіслацкай сярэдніх, Навасёлкаўскай базавай школах. У трох школах раёна па запыце бацькоў адкрыты шэсць класаў з выкладаннем на роднай мове. Па адным такім класе працуюць у сярэдняй школе № 2 Скідзеля, Верцялішкаўскай сярэдняй школе, чатыры класы адкрыты ў Путрышкаўскай сярэдняй школе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.