Музей — скарбніца гісторыі і інструмент выхавання

- 11:52Адукацыйная прастора

Музей — надзвычайная скарбніца гісторыі, традыцый і мудрасці, якая з’яўляецца важным інструментам выхавання дзяцей і моладзі. Як эфектыўна прымяняць гэты інструмент, калі ён знаходзіцца зусім побач з дзецьмі і педагогамі — ва ўстанове адукацыі, абмеркавалі на рэспубліканскім семінары ў Нясвіжы.

Фота да матэрыяла: Музей — скарбніца гісторыі і інструмент выхавання.Нясвіж стаў ідэальнай пляцоўкай для сустрэчы: старажытны горад з яго непаўторнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, безумоўна, спрыяў размове. Тым больш, што адкрыццё семінара кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі “Выкарыстанне адукацыйнай прасторы музея для грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі: вопыт і перспектывы” і пленарнае пасяджэнне праходзілі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж”.

Удзельнікаў семінара — каля 50 прадстаўнікоў усіх абласцей краіны — вітала А.У.Ануфровіч, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Аб сучасных падыходах да арганізацыі музейнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі краіны расказала А.Я.Кравец, загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК. Сёння ва ўстановах адукацыі працуюць 1453 музеі. З іх 98 маюць званне “народны ”. Аляксандра Яўгенаўна адзначыла, што музеі становяцца цэнтрамі грамадзянскага, патрыятычнага і духоўнага выхавання, культурна-адукацыйнымі цэнтрамі, дзе набываюць веды, навыкі, уменні. І школьны музей павінен бесперапынна развівацца як у адукацыйным плане, так і папаўняцца новымі экспанатамі.

Спецыяліст звярнула ўвагу на неабходнасць работы ў кірунку выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у музейнай дзейнасці. Так, актуальным з’яўляецца стварэнне лакальных сайтаў і раздзелаў “Музей” на сайтах устаноў, электроннай базы даных музейных прадметаў і базы даных фондаў музея, фарміраванне электронных бібліятэк, калекцый аўдыя- і відэазапісаў, фотаздымкаў. Карысна арганізоўваць праектную дзейнасць, якая прадугледжвае збор матэрыялаў у інтэрнэце, пошук магчымых сеткавых партнёраў музея, перапіску з экспертамі музейнай справы, правядзенне сумесных праектаў з іншымі музеямі.

Фота да матэрыяла: Музей — скарбніца гісторыі і інструмент выхавання.Неабходны пошук і выкарыстанне інавацыйных і інтэрактыўных форм работы ў музеях устаноў адукацыі. Віртуальныя музеі, краязнаўчае арыентаванне, гульні, квесты, флэш-мобы, інтэрнэт-канферэнцыі, анлайн-выставы, форум-дыскусіі і многае іншае можа стаць сродкам далучэння моладзі да музейнай дзейнасці.

Музеі могуць быць ініцыятарамі і актыўнымі ўдзельнікамі розных музейных акцый: “Дзень сям’і”, “Дзень старэйшага пакалення” , “Музейнае сэлфі”, “Музей у падарунак маме”. Неабходна ўдзяляць увагу і рабоце з сям’ёй — стварэнне музейных сямейных праграм, арганізацыя сямейнага вольнага часу ў музеі, стварэнне сямейных клубаў спрыяе эфектыўнай камунікацыі для рэалізацыі задач сямейнага выхавання.

Абавязковымі ўмовамі дзейнасці школьных музеяў з’яўляюцца інтэграцыя ў адукацыйны працэс і сувязь з соцыумам. Экспазіцыі музеяў шырока выкарыстоўваюцца пры вывучэнні розных вучэбных дысцыплін, пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў. Таксама выступоўца нагадала аб важнасці павышэння прафесійнага ўзроўню кіраўнікоў музеяў, папулярызацыі работы музеяў праз СМІ і абмену вопытам паміж спецыялістамі.

Аляксандр Васільевіч Храмы, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея, расказаў аб патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі на прыкладзе экспазіцыі, прысвечанай 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны. Літаральна напярэдадні семінара ў музеі адбылося адкрыццё выставы “1918. Нараджэнне новага свету”, якая не толькі дае магчымасць пазнаёміцца з каштоўнымі гістарычнымі матэрыяламі, але і дэманструе сучасныя падыходы да інтэрпрэтацыі трагедыі “Вялікай вайны”. Быў прэзентаваны фотаальбом “Беларусь 1914—1918. Вайна і мір” калекцыянера і гісторыка У.А.Ліхадзедава. Таксама адбылася прэм’ера кароткаметражнага фільма “Атака мерцвякоў: Асавец”, які стварыла кампанія-распрацоўшчык камп’ютарных гульняў Wargaming. Паглядзець гэтую кінастужку маглі і ўдзельнікі семінара.

На семінары быў прадстаўлены вопыт работы Нясвіжскага раёна. Рэгіён валодае ўнікальнай гісторыка-культурнай спадчынай, што дае вялізны патэнцыял у фарміраванні грамадзянска-патрыятычнай свядомасці навучэнцаў. Як гэты патэнцыял рэалізоўваецца, расказалі С.А.Шатрун, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Нясвіжскага райвыканкама, і В.І.Мазалеўскі, старшы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Музей і ўпраўленне адукацыі актыўна супрацоўнічаюць. Напрыклад, стала традыцыяй сумеснае правядзенне інтэлектуальных гульняў “Кубак старога замка” і алімпіяды па гісторыі і культуры Нясвіжа “Мой горад — мая любоў”. У алімпіядзе бяруць удзел не толькі юныя несвіжане, але таксама і прадстаўнікі іншых раёнаў Міншчыны і нават юнакі і дзяўчаты з іншых краін. Латвійскія школьнікі паспрабавалі ўжо свае сілы, а ў наступным годзе гэта плануюць зрабіць і іх польскія равеснікі.

Ва ўстановах адукацыі ў Нясвіжскім раёне дзейнічаюць 10 музеяў рознага профілю, 21 аб’яднанне па інтарэсах экскурсійнага, краязнаўчага і турыстычнага кірункаў. Арганізавана ўзаеманаведванне школьных музеяў.

Важнай падзеяй стала адкрыццё дзіцячага экскурсійнага бюро ў Цэнтры дзіцячай творчасці Нясвіжскага раёна. У бюро распрацавана адукацыйна-экскурсійная праграма “Нясвіжчына гістарычная”, якая ўключае шэраг экскурсійных маршрутаў, квест-экскурсію, квесты па горадзе і па парку. Экскурсіі і квесты праводзяць выхаванцы Цэнтра творчасці.

У сістэме адукацыі раёна ўвогуле і ў сістэме краязнаўчай, музейнай работы ў прыватнасці, актыўна развіваецца міжнароднае супрацоўніцтва. Дзяржаўныя і школьныя музеі раёна наведалі навучэнцы і педагогі з гарадоў-пабрацімаў Нясвіжа — латвійскага Аўцэ і польскага Злотува. Яны сталі ўдзельнікамі краязнаўчых квестаў, экскурсійных праграм. Актыўнае міжнароднае супрацоўніцтва вядзе Сноўскі школьны народны гісторыка-краязнаўчы музей. Яго наведвальнікамі не раз станавіліся госці з Азербайджана, Кітая, Польшчы, Расіі, Японіі і іншых краін.

У рамках семінара яго ўдзельнікі наведалі ЦДТ Нясвіжскага раёна, дзе пазнаёміліся з вопытам работы гэтай установы, а таксама з абласным праектам “Малая радзіма вялікіх людзей”. Прадстаўнікі некалькіх устаноў адукацыі з Лагойска, Узды, Смілавіч, Жодзіна, Барысава расказалі, як іх навучэнцы пазнаюць свой край, вывучаючы жыццёвы шлях сваіх знакамітых землякоў.

Завіталі ўдзельнікі семінара і ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Па-першае, гэтая ўстанова цікавая тым, што размяшчаецца ў старажытным будынку і з’яўляецца спадкаемцай вядомай Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Па-другое, тут рыхтуюць турагентаў і экскурсаводаў. Па-трэцяе, тут дзейнічае музей, які расказвае гісторыю станаўлення сістэмы адукацыі ў рэгіёне і гісторыю педагагічнай адукацыі ў Нясвіжы. Госці пазнаёміліся з сапраўднымі падзвіжнікамі, натхнёнымі і шчырымі людзьмі, якія тут працуюць. І ўбачылі цікавыя формы работы: пабывалі на аніміраванай экскурсіі, узялі ўдзел у краязнаўчай каруселі і пагарталі створаную навучэнцамі графічную навелу.

Сёння неабходна, каб музейная прастора была асаблівым асяроддзем, у якім асоба, спасцігаючы культурны, духоўны, сацыяльны вопыт, інтэгруецца ў сучаснае грамадства. Для гэтага патрэбны новыя стратэгіі, сучасныя падыходы, крэатыўныя формы работы. Менавіта іх і ўбачылі спецыялісты на семінары ў Нясвіжы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.