Дабрата і гумар — сакрэты выкладання настаўніка пачатковых класаў сярэдняй школы № 11 Жлобіна Аляксандра Кавалішына. Як праходзяць заняткі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, зазірнуўшы на ўрок да трэцякласнікаў.
У класе Аляксандра Сяргеевіча пануе цішыня, як у бібліятэцы — трэцякласнікі захоплены ўрокам рускай мовы, усе сканцэнтраваны, увага прыкавана да настаўніка і на дошку. Дзеці актыўныя, дапытлівыя, шмат чамучак, ёсць і тыя, хто спрабуе больш даведацца самастойна. Калі паступае прапанова ненадоўга адарвацца ад сшыткаў, каб зрабіць некалькі здымкаў з любімым педагогам, у класе — лес рук. Пакуль з фотаапарата “вылятае птушка”, настаўнік паспявае разрадзіць атмасферу, жартуе, і добры настрой і ўсмешкі дзяцей запаўняюць усю вучэбную прастору.
А.Кавалішын успамінае, як прыйшоў маладым спецыялістам у 1992 годзе ў сярэднюю школу № 11, у якой да гэтага часу працуе. Ёсць такія людзі, чыя працоўная біяграфія ацэньваецца кароткай, але ёмістай фразай: “Адзін запіс у працоўнай кніжцы”. За такім лаканічным азначэннем хаваюцца дзясяткі гадоў бездакорнай работы і тое, што школа для педагога літаральна другі дом. Аляксандр Сяргеевіч расказаў, што выхоўваўся ў сям’і, дзе, акрамя яго, былі дзве старэйшыя сястры. Бацькі не былі педагогамі, затое сёстры сталі выдатнымі настаўніцамі. Цяпер яны працуюць ва ўстановах адукацыі Гомеля і Мінска. На пытанне, чаму і ён свой выбар зрабіў на карысць выкладання, педагог адказвае: “Я люблю працаваць з дзецьмі. Выхоўваючы і навучаючы іх, мы ўплываем на будучыню, робім свет лепшым і дабрэйшым”. І сапраўды, у сваёй рабоце львіную долю ўвагі ён удзяляе выхаванню дзяцей.
— Паспяховасць засваення любога прадмета, любяць яго дзеці ці не, залежыць ад настаўніка, методыкі выкладання, — лічыць Аляксандр Кавалішын. — Можна і інфарматыку віртуозна выкладаць, ды так, каб навучэнцы былі пад вялікім уражаннем, імкнуліся рухацца да высокіх дасягненняў у вучобе. Мне здаецца, што толькі чалавек, які шчыра любіць дзяцей, зможа працаваць у школе. Выхаванне ж дзіцяці — гэта, перш за ўсё, любоў да яго, пастаянная і сістэматычная ўвага. На мой погляд, педагог павінен быць добрым, адкрытым, клапатлівым, праніклівым, шчырым чалавекам. Я вырашыў стаць настаўнікам пачатковых класаў, бо мне падабаецца вучыць дзяцей, а яшчэ гэтая прафесія дае магчымасць развівацца творча і духоўна.
— Упартасць, мэтанакіраванасць, здольнасць да самаўдасканалення — абавязковыя якасці, да валодання якімі павінен імкнуцца кожны педагог. Мая прафесія заўсёды падахвочвае ісці ў нагу з часам, а можа, нават быць на крок наперадзе. Праца настаўніка нялёгкая, работа не заканчваецца са званком з апошняга ўрока. Кожны дзень трэба праверыць партыю сшыткаў па рускай, беларускай мовах, матэматыцы. Праўда, калі я знаходжуся летам у водпуску, заўсёды сумую па такім імклівым рытме жыцця, — расказвае А.Кавалішын.
У настаўніку пачатковых класаў неверагодным чынам спалучаецца вялікая колькасць якасцей і кампетэнцый: ён адначасова і выкладчык, і арганізатар, і псіхолаг, сябар і памочнік дзяцей, а таксама справядлівы суддзя ў вырашэнні спрэчак сваіх вучняў. З-за асабістых якасцей і педагагічнага майстэрства А.Кавалішына менавіта да яго ў першы клас бацькі імкнуцца адвесці сваіх дзяцей.
— Нясём добрае, светлае, вечнае! А хто, акрамя нас? — акцэнтуе ўвагу суразмоўнік. — Менавіта ж настаўнік пачатковых класаў бярэ дзіця, якое не ўмее ні пісаць, ні чытаць, і выпускае яго ў пяты клас абсалютна падрыхтаваным да далейшай вучобы. Праўда, за гэты час адбываецца шмат кур’ёзных выпадкаў: гэта ж дзеці! Напрыклад, у верасні ў першым класе па дарозе са сталовай да кабінета колькасць дзяцей з 28 вучняў павялічылася да 31. Малышы зазяваліся ці доўга елі і, відаць, не запомнілі свайго настаўніка.
Слухаючы гэтую займальную гісторыю, пара школьнікаў, што сядзяць на першай парце, старанна цягнуць рукі, каб расказаць яшчэ некалькі сітуацый з жыцця, а яшчэ пра тое, які добры ў іх настаўнік:
— Ён часта жартуе і добры, — кажа Арына Зінкевіч.
— Усё тлумачыць коратка і зразумела, — дадае Вікторыя Саўчанка.
— Вучыць нас ставіцца да ўсіх па-добраму: як ты да чалавека, так і ён да цябе. Залатое правіла, на ўроку “Чалавек і свет” праходзілі, — важнае дапаўненне да дыялогу ад Міхаіла Цішкова.
Аляксандр Сяргеевіч вучыць дзяцей узаемадапамозе, каб яны маглі разлічваць адно на аднаго не толькі ў сценах школы. А яшчэ запэўнівае, што добры жарт дапаможа ўрэгуляваць любую канфліктную сітуацыю, а ўсмешка — настроіцца на пазітыўную хвалю. Яшчэ адзначае, што яго дзеці — сапраўдныя працавікі:
— Але самае галоўнае, вучні — гэта людзі, як і ўсе мы, а ў чалавеку трэба выхоўваць чалавечнасць, павагу да навакольных. Кажу дзецям, што наша Радзіма Беларусь, наш Жлобін — самы прыгожы горад, а школа выдатная. З першага класа тлумачу ім, што вучыцца будзе няпроста, але вельмі займальна. Прызнацца, ды і мне цікава працаваць настаўнікам. Чаму? Таму што ніколі не ведаеш, што цябе чакае: сёння — едзеш на курсы, заўтра — конкурс, да якога рыхтуешся разам з дзецьмі. І калі маеш зносіны з вундэркіндамі, то сам павінен, як я кажу, трымаць нос па ветры, каб любое дзіцячае пытанне не застала знянацку. Імкнуся сачыць за ўсімі навінкамі, за развіццём сучасных тэхналогій. Мне мая работа падабаецца: ведаю, што раблю добрую справу для дзяцей, і мне ад гэтага становіцца радасна на душы. Акрамя праходжання школьнай праграмы, вучу хлопчыкаў і дзяўчынак уключаць мазгі, думаць, разважаць крытычна. Яшчэ адно правіла: спачатку думай, потым рабі.
Лічыцца, што адна з галоўных праблем у дзіцячым калектыве — булінг. І ў першую чаргу настаўнік павінен сачыць за тым, каб у класе не з’явіліся белыя вароны, на якіх астатнія будуць выліваць сваю агрэсію.
— Ганаруся сваімі навучэнцамі. Калі ў класе нешта і здараецца, ніхто з іх не стане смяяцца, а наадварот, дапаможа: мы ж адзін калектыў, — кажа педагог. — Упала ручка або развязаліся шнуркі — дзеці дапамогуць аднакласніку. А яшчэ ў класе асобная ўвага ўдзяляецца працоўнаму выхаванню. Так, пры дзяжурстве дзеці не толькі прывыкаюць да адказнасці, але і вучацца шанаваць чужую працу. Шмат робіцца і для патрыятычнага выхавання, і гэта правільна. Напрыклад, у шосты школьны дзень вучні ўдзельнічаюць не толькі ў развіццёвых і спартыўных мерапрыемствах, але і з задавальненнем разам наведваем музеі, мемарыяльныя комплексы. Гаварыць аб патрыятызме можна і з малышамі, галоўнае — знайсці адпаведныя словы, важна дастукацца да кожнага дзіцяці.
— Прызнацца, ніколі не шкадаваў аб сваім прафесійным выбары, аб тым, што стаў настаўнікам пачатковых класаў. Лічу, што педагог павінен быць узорам як для хлопчыкаў, так і для дзяўчынак. Сучасным жа дзецям не хапае мужчынскага выхавання і ўвагі. Бацькі занятыя пабудовай кар’еры і зарабляннем грошай, а некага і зусім гадуе адна мама, — кажа суразмоўнік.
Дарэчы, пра бацькоў: на школьныя сходы да Аляксандра Сяргеевіча прыходзяць цэлымі сем’ямі, не толькі мамы цікавяцца поспехамі і дасягненнямі сваіх дзяцей, але і бацькі, што ўдвая прыемна.
— Калі з бацькамі гаворым пра выхаванне падрастаючага пакалення, акцэнтую ўвагу на лепшае ўкладанне рэсурсаў — увагі, клопату, разумення, любові — ва ўласных дзяцей. Гэты ўклад з гадамі акажацца бясцэнным. Пагадзіцеся, вельмі важна, каб кожнае дзіця ў будучыні стала паспяховым і шчаслівым, — расказвае педагог.
Аляксандр Сяргеевіч выкладае ў пачатковых класах ужо 32 гады. І з першага рабочага дня і да гэтага часу паказвае, што мужчыны не толькі ўмеюць, але і вельмі хочуць займацца выхаваннем дзяцей. На яго вачах вырасла некалькі пакаленняў эрудзіраваных хлопчыкаў і дзяўчынак, і зараз ён усё часцей чуе ад школьнікаў “Добры дзень, настаўнік маёй мамы!”.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара