Мужчыны выбіраюць якасць

- 10:20Навіны рэгіёнаў

Гомельскі аўтамеханічны каледж прызнаны лепшай установай сярэдняй спецыяльнай адукацыі Беларусі па выніках мінулага года. У 1954 годзе, калі пачалася гісторыя названай навучальнай установы, гэта было Тэхнічнае вучылішча № 3. Яно было створана з мэтай падрыхтоўкі кадраў для вытворчага аб’яднання “Гомсельмаш”. Дарэчы, і зараз большасць маладых людзей, якія тут вучацца, праходзяць вытворчую практыку і размяркоўваюцца на прадпрыемства, якое выпускае самую сучасную сельскагаспадарчую тэхніку.

Дырэктар каледжа Генадзь Казлоў.

Усё пачыналася з падрыхтоўкі па спецыяльнасцях “Токар”, “Слесар”, “Чарцёжнік”, “Электразваршчык”, “Электрамантажнік”, “Кантралёр АТК”. Профіль захаваўся, але значна паглыбіліся веды, якія набываюць маладыя людзі па розных машынабудаўнічых спецыяльнасцях. Дырэктар установы Генадзь Казлоў, як і многія яго падначаленыя, некалі сам быў яе выпускніком. Ён расказвае, што сёння ў каледжы каля 100 педагагічных работнікаў і 1000 навучэнцаў:

— Што тычыцца выкладчыкаў, іх сярэдні ўзрост — 44 гады. Ёсць вопыт і энергія. Нашы педагогі актыўна развіваюць інтарэсы вучняў. Разам ствараюць вучэбныя дапаможнікі, стэнды, макеты, якія дапамагаюць пры выкананні тэарэтычных і практычных заданняў.

Заходзім у аўдыторыю, дзе заняткі па дысцыплінах электра­тэхнічнага профілю праводзіць выкладчык Ула­дзімір Асадчы. Тут усё зроблена рукамі навучэнцаў. На стэндах яны выконваюць свае лабараторныя і практычныя работы. Створаны і матэрыялы для дыстанцыйнага навучання.

— На платформе Google Classroom ёсць сайт па тэхналогіі для электраманцёраў — па рамонце і абслугоўванні прамысловага электраабсталявання, — расказвае Ула­дзімір Аляксандравіч. — Таксама створаны сайты па асновах прамысловай электронікі і электрычных вымярэннях. Усё гэта матывуе навучэнцаў да вучобы.

Уладзімір Асадчы 25 гадоў выкладае ў каледжы. За плённую працу нядаўна ён атрымаў Падзяку Савета Міністраў. Педагог прызнаецца, што менавіта ў педагогіцы знайшоў сэнс свайго жыцця:

— Зразумеў, што гэта маё прызванне. Справа ў тым, што да кожнага вучня патрэбны свой падыход. Прыемна, калі атрымліваецца яго знайсці і раскрыць творчы патэнцыял навучэнцаў. Мы пастаянна ўдзельнічаем у прафесійных конкурсах рознага ўзроўню. Нядаўна атрымалі ўзнагароду па тэме, нетрадыцыйнай для электрыкаў, — стварылі постар супраць наркотыкаў.

Спецыяльнасці, якія тут атрымліваюць, вельмі запатрабаваныя. Напрыклад, нядаўна прыйшоў заказ з прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці. Дырэктар гаворыць, што ва ўсіх выпускнікоў ёсць магчымасц­ь павысіць кваліфікацыю: асвоіць наступную прыступку навучання ў гэтай установе або набыць вышэйшую адукацыю ва УВА. Прыкладна трэцяя частка выпускнікоў так і робіць — гэта толькі з ліку тых, хто выбірае дзённую форму навучання.

— Ёсць, безумоўна, і тыя, хто потым вучыцца завочна, — адзначае Генадзь Васільевіч. — Нашы вучэбныя праграмы, канечне, звязаны з ВА “Гомсельмаш”. З яго кіраўніцтвам мы ўзгадняем тэрміны практыкі. Усе навучэнцы пры яе праходжанні працуюць на аплачваемых працоўных месцах. Такім чынам, яны маюць магчымасць і грошы зарабіць, і свае здольнасці паказаць. Дарэчы, генеральны дырэктар “Гомсельмаша” Аляксандр Новікаў — таксама наш выпускнік. Больш як 90% нашых навучэнцаў — хлопцы. Класічныя мужчынскія прафесіі — тэхнолагі машынабудавання, вадзіцелі, электрыкі, зваршчыкі і слесары. Для дзяўчынак гэта спецыяльнасці “Аператар ЭВМ” і “Кантралёр”.

Метадыст каледжа Наталля Жукава.

У каледжы ганарацца створаным у 2008 го­дзе рэсурсным цэнтрам, які быў кардынальна абноўлены ў 2019—2020 гадах. Ён даказаў сваю эфектыўнасць: сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне выкарыстоўваецца для навучання і ўжо відавочная эфектыўнасць заняткаў, якія праводзяцца на базе цэнтра. На абсталяванне апошнім часам было выдзелена 1396 тысяч рублёў.

Майстар вытворчага навучання на ўчастку станкоў з праграмным кіраваннем Арцём Стэльмашонак некалі тут сам вучыўся. Ён гаворыць, што юнакі з задавальненнем бягуць да гэтага абсталявання:

— Ім цікава — на кнопачкі панаціскаць, дэталькі зрабіць, праграму скласці. Апрацоўваюць спачатку самыя простыя дэталі і паступова — больш складаныя карпусныя. Нашы дзеці вывучаюць праграмаванне і ў выніку становяцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

— Кадры, якія мы рыхтуем, — дадае майстар вытворчага навучання Максім Кулеў, — на прадпрыемстве дакладна не прыйдзецца перавучваць.

Сярод тых устаноў адукацыі, якія выканалі запланаваныя паказчыкі па паступленні пазабюджэтных сродкаў, неабходных для развіцця і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, — Гомельскі аўтамеханічны каледж. Тут за мінулы год зарабілі 451,5 тысячы рублёў. Гэта на 30% больш, чым было паступленняў у 2019 годзе. Доля пазабюджэтных сродкаў да бюджэтнага фінансавання склала 12,6%. Гэты паказчык таксама вышэйшы за сярэднеабласны.

Асноўная крыніца даходаў — паступленні заработнай платы навучэнцаў у перыяд праходжання вытворчай практыкі. Установа працавала ў цесным узаемадзеянні з базавымі прадпрыемствамі, якія дапамаглі 501 навучэнцу замацаваць працоўныя навыкі і зарабіць у сярэднім па 626 рублёў.

Выкладчык Уладзімір Асадчы.

Яшчэ каледж мае ліцэнзію на ажыццяўленне ахоўнай дзейнасці па гарантаванні пажарнай бяспекі. У мінулым годзе ён неаднаразова быў пераможцам на гандлёвых пляцоўках па аказанні гэтых паслуг. У выніку з’явіліся новыя аб’екты: камунальнае жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае ўнітарнае прадпрыемства “Сельмашаўскае” (8 інтэрнатаў), Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек, Гомельская цэнтральная гарадская паліклініка на вуліцы Мазурава і інш. Усяго каледж абслугоўвае каля 30 аб’ектаў. Прыбытак ад гэтага віду дзейнасці склаў каля 90 тысяч рублёў. Перавышэнне даходаў над выдаткамі, якое застаецца ў распара­джэнні каледжа пасля выплаты прадугледжаных падаткаў і іншых плацяжоў у бюджэт, склала амаль 96 тысяч рублёў.

Выстава займальнай навукі і тэхнікі — тэрыторыя выкладчыка Дзмітрыя Лапцейкіна. Тры гады назад тут пачалі вырабляць мадэлі, якія пацвярджаюць розныя фізічныя законы і з’явы. З таго часу і прылад стала больш, і школьнікаў, якія сюды прыходзяць, таксама.

— Усе экспанаты можна чапаць рукамі, — адзначае Дзмітрый Аляксандравіч і на хістальным маятніку дэманструе, як распаўсюджваюцца радыёхвалі. — Такім чынам і адбываецца прафарыентацыйная работа. Мы робім усё, каб запомніцца нашаму абітурыенту, які пакуль на ростанях. Мы праводзім экскурсію і імкнёмся накіраваць выбар школьнікаў на тэхнічныя спецыяльнасці.

Ёсць у каледжы свой музей вайсковай доблесці, які працуе ў дапамогу цэнтру дапрызыўнай падрыхтоўкі для мясцовых школьнікаў. Тут гаспадар — майстар вытворчага навучання Сяргей Чучвага. Ён пра кожны экспанат гатовы расказваць гадзінамі:

— Вось так выглядала першая расійская каска. Яна была на ўзбраенні да 1936 года. А на першых савецкіх зорачках была выява плуга і молата. Мы тут таксама стварылі клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Памяць”. Удзельнічаем у фестывалях рознага ўзроўню: ад раённых да міжнародных. Вывучаем гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, а таксама займаемся пошукавай і навукова-даследчай работай.

Метадыст каледжа Наталля Жукава звяртае ўвагу на стымуляванне педагогаў. Цяпер тут падводзяцца вынікі конкурсу на лепшае партфоліа:

— Спачатку іх прадставілі майстры, а вясной — выкладчыкі. Кожны дэманструе свае дасягненні — крэатыўны падыход вітаецца. Дзякуючы конкурсу маладыя педагогі бачаць, на каго трэба раўняцца. Усё сістэматызавана і аформлена — мы плануем зрабіць выставу, каб кожны змог паглядзець і зразумець, чаму лепшай прызнана тая ці іншая работа.

Стэнд з дыпломамі, якія сведчаць пра дасягненні ўстановы, можна разглядаць доўга. Наталля Іванаўна расказвае, што створаны ў каледжы сайт “Спадчыннікі перамогі” заняў 1-е месца ў краіне. Тут працягваюць рэалізоўваць інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей навучэнцаў у пазавучэбнай дзейнасці”:

— У ім удзельнічаюць і навучэнцы, і выкладчыкі. Яшчэ адзін праект мае назву “Гісторыя ў асобах”. Супрацоўнікі і навучэнцы шукалі матэрыял пра родных, якія былі ўдзельнікамі вайны. Сабраныя дакументы мы апрацавалі і прадставілі ў лічбавым варыянце і ў буклетах, створаных да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мы павінны ведаць, дзякуючы каму жывём на гэтым свеце.

Дасягненняў безліч і расказаць пра ўсе проста немагчыма. Апошнія спартыўныя ўзнагароды — кубак і медалі за 2-е месца ў зімовым мнагаборстве. Іх на рэспубліканскіх спаборніцтвах заваявала каманда вобласці, у якую ўваходзілі прадстаўнікі ўстановы. Тут, між іншым, праводзяцца і конкурсы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, выпускаецца газета і ёсць мужчынскі танцавальны калектыў, які карыстаецца асаблівай папулярнасцю.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.