Мы адказваем за тых, каго падключылі…

- 13:13Сродкі навучання

Сёння дзіця немагчыма ўявіць без сучасных камунікацыйных сродкаў і рэсурсаў. Для яго глабальная камп’ютарная сетка інтэрнэт такая ж неабходная, як бацькам некалі кнігі, тэлебачанне, газеты і часопісы, вячоркі з сябрамі. Адбяры ў дзіцяці інтэрнэт — яно застанецца ізаляваным ад падзей у свеце, краіне, горадзе, класе.

Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі сёння неад’емная частка адукацыйнага працэсу. Практычна няма такога ўрока, дзе б навучэнцам не трэба было выкарыстоўваць рэсурсы сусветнай павуціны і праграмныя прадукты. І калі ў 1 класе вучань пераважна карыстаецца падручнікам і рабочым сшыткам, то перад старшакласнікамі адкрываецца бязмежны акіян сусветных інтэрнэт-рэсурсаў, сабраных за ўсю гісторыю цывілізацыі. Сучасны педагог прапаноўвае не толькі карыстацца інфармацыйнымі рэсурсамі сеткі, але і далучае навучэнцаў да сумеснай дзейнасці з выкарыстаннем даступных сеткавых сацыяльных сэрвісаў.
З бягучага навучальнага года класныя кіраўнікі нашай установы, якая рэалізоўвае рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі суправаджэння працэсаў сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”, перанеслі частку выхаваўчай работы ў віртуальнае асяроддзе сацыяльных сетак. Дзецям такім чынам мець зносіны больш прывычна і зручна. Акрамя таго, класны кіраўнік павінен быць там, дзе праводзяць значную частку свайго часу сучасныя падлеткі, гэта значыць у інтэрнэце. Але пры гэтым узнікае праблема: далучаючы навучэнцаў да сумеснай карыснай і сацыяльна значнай дзейнасці ў сетцы, мы спрыяем таму, што нашы дзеці будуць больш часу праводзіць анлайн. Такім чынам, педагогі, класныя кіраўнікі гімназіі павінны гарантаваць бяспечнае знаходжанне гімназістаў у інтэрнэце. Знакамітая фраза Антуана дэ Сент-Экзюперы ў сучасных умовах можа трактавацца так: “Мы адказваем за тых, каго… падключылі”. Навучыць дзяцей бяспечным паводзінам у сетцы — вось адна з прыярытэтных задач, якую калектыву гімназіі неабходна вырашыць для паспяховай сацыялізацыі падлеткаў у інтэрнэт-прасторы.
Правёўшы ў пачатку года невялікае даследаванне, мы зразумелі, што нашы навучэнцы маюць вельмі беднае, абывацельскае ўяўленне пра небяспекі, якія чакаюць іх у інтэрнэце: з лёгкасцю падтрымліваюць зносіны з незнаёмымі людзьмі, даюць асабістыя звесткі, выкладваюць фота. Многія з апытаных падлеткаў сутыкаюцца ў сетцы з непажаданым, негатыўным кантэнтам і ў большасці выпадкаў не ведаюць, што ў гэтай сітуацыі рабіць, як паводзіць сябе. Часцей за ўсё ў сетцы сучасныя падлеткі пакінуты на саміх сябе. Яны вымушаны самастойна змагацца з патокам інтэрнэт-пагроз і негатыўнай інфармацыі, наладжваць зносіны з суразмоўцамі. Але ж для таго каб быць граматным і паспяховым карыстальнікам сеткі, неабходна клапаціцца не толькі пра сваю бяспеку, але і пра камфортнае знаходжанне іншых карыстальнікаў у інтэрнэце. І дзяцей гэтаму трэба вучыць.
Зыходзячы з названай праблемы, адным з напрамкаў рэалізацыі інавацыйнага праекта стала ўкараненне ў вучэбную праграму курса інфарматыкі вучэбнага модуля “Security-батл”, накіраванага на фарміраванне ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу навыкаў бяспечных паводзін у інтэрнэце.
У гэтым модулі вылучаем два блокі: работа з навучэнцамі і работа з бацькамі. Аснова першага модуля — “Хвілінкі інтэрнэт-бяспекі”, якія праводзяцца на ўроках інфарматыкі ў малодшых класах і ўведзены ў вучэбны матэрыял прадмета (падрабязней з планам вучэбнага модуля можна пазнаёміцца на сайце http://chechettt.wix.com/klrukvsoc у раздзеле “Security-батл”). Вывучаючы інфарматыку, дзеці пазнаюць азы бяспечных паводзін у сетцы. На кожным уроку адводзіцца 2-3 хвіліны на вывучэнне і абмеркаванне адной з інтэрнэт-пагроз і праблем інтэрнэту.
У бягучым годзе вучэбны модуль распрацаваны для навучэнцаў 6 класа, якія толькі пачалі вывучаць інфарматыку і цікавяцца любой новай інфармацыяй. На першым жа ўроку, тэма якога “Правілы работы і бяспечных паводзін у камп’ютарным класе. Паняцце аб інфармацыі і яе ролі ў грамадстве”, дзецям прапанавана разгледзець сферы выкарыстання сеткі, потым падзяліць іх на карысныя і не вельмі. У кожнай сферы выкарыстання неабходна знайсці падводныя камяні — што нам можа там пагражаць. Далей пры вывучэнні тэмы “Выкарыстанне тэхнічных сродкаў для работы з інфармацыяй. Паняцце аб інфарматыцы” гаворым пра тэхнічныя сродкі апрацоўкі інфармацыі, у прыватнасці такія, як камп’ютар, планшэт, смартфон. Паўтараем, чым можа быць небяспечна такая работа, каму можа пашкодзіць, дзелім усе інтэрнэт-пагрозы на класы паводле аб’ектаў уздзеяння (кантэнт, кантакт, шкоднае ПЗ, махлярства). Пры вывучэнні функцыянальных блокаў камп’ютара разглядаем спосабы заражэння камп’ютара праз інтэрнэт і прапаноўваем спосабы абароны. Падчас знаёмства з аперацыйнай сістэмай разглядаем выпадкі блакіроўкі аперацыйнай сістэмы і вымаганняў. Раздзел “Апрацоўка графічнай інфармацыі” прысвечаны правілам работы з выявамі ў сетцы: якія выявы можна размяшчаць у сетцы і калі, як не парушаць аўтарскае права і як не прыцягнуць махляроў, выкладаючы фотаздымкі ў сацыяльных сетках.
У выніку паўгадавой работы навучэнцы выпрацавалі правілы абароны камп’ютара, вядзення асабістай перапіскі, падачы персанальных звестак і рэагавання на інтэрнэт-махляроў, стварылі віртуальную “Азбуку інтэрнэт-бяспекі” (https://vk.com/inetbez). А ў канцы другой вучэбнай чвэрці арганізавалі конкурс камп’ютарнага малюнка “Вобраз інтэрнэт-троля” і выставу “матыватараў” “Ігнаруй троля — ачысці інтэрнэт ад хамства”.
Уключэнне падлеткаў у пазітыўную выхаваўчую дзейнасць у сацыяльных сетках і іншых рэсурсах інтэрнэту спрыяе таму, што і дома дзеці — актыўныя ўдзельнікі віртуальных мерапрыемстваў і акцый. І тут ужо адказнасць за бяспеку дзіцяці кладзецца на плечы бацькоў. Але, як паказвае практыка, большасць бацькоў не ведаюць, колькі часу праводзіць дзіця ў сетцы і якія сайты наведвае, з кім мае зносіны, што купляе або прадае. А такія тэрміны, як тролінг, кібербулінг, флуд, грумінг, “бацькоўскі кантроль”, фішынг-атака ўвогуле ставяць бацькоў у тупік.
Асвета бацькоў — другая асноўная частка вучэбнага модуля “Security-батл”. Мы прапанавалі ім прайсці сеткавы адукацыйны маршрут “Наш бяспечны сямейны інтэрнэт” і распрацаваць сямейны рэгламент выкарыстання сеткі, паўдзельнічаць у занятках бацькоўскага лікбезу “Бацька ў трэндзе” і стаць слухачамі курса PROFI, у рамках якога можна навучыцца гарантаваць бяспеку дзяцей праграмнымі сродкамі.
Мы толькі ў пачатку шляху па абароне нашых дзяцей ад усяго негатыўнага, што ёсць у інтэрнэце, але дасягнулі некаторых пазітыўных вынікаў:
* нашы вучні задумваюцца над тым, якую інфармацыю размясціць у сетцы;
* ведаюць, якая інфармацыя можа абразіць суразмоўцу, а якая будзе карыснай, і з павагай ставяцца да тых, з кім маюць зносіны;
* бацькі сталі больш цікавіцца, чым займаюцца іх дзеці ў сацыяльных сетках, з задавальненнем удзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі афіцыйных груп класаў.
Мы адказваем за тых, каго падключылі. Навучаючы дзяцей асновам бяспечных паводзін, мы змаглі змяніць іх адносіны да віртуальнага жыцця і віртуальных зносін. Нашы гімназісты асцярожныя, ветлівыя, цярплівыя. Умеюць сартаваць кантэнт і ігнараваць агрэсію і хамства. Канечне, паўгода для фарміравання навыкаў бяспечных паводзін — невялікі тэрмін. Работа толькі ў самым пачатку. Але мы спадзяёмся, што разам дапаможам зрабіць інтэрнэт бяспечным для дзяцей.

Наталля ЮШЧЫК,
настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Зэльвы Гродзенскай вобласці.
Фота Наталлі КАЛЯДЗІЧ.