“Мы — для дзяцей”

- 12:02Культура

Так называецца новы праект, ініцыятарам якога стаў калектыў унікальнай на постсавецкай прасторы навучальнай установы — Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, дзе вучацца адораныя дзеці з усёй нашай краіны.

Выкладчыкі, якія дапамаглі стаць прафесіяналамі многім вядомым сёння далёка за межамі нашай краіны мастакам і музыкантам і толькі за апошнія пяць гадоў выхавалі больш за сто пераможцаў міжнародых і рэспубліканскіх конкурсаў, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, вырашылі наведаць усе абласныя, раённыя цэнтры, на месцы праводзіць пленэры, майстар-класы, семінары, каб выяўляць і прафесійна скіроўваць самых таленавітых дзетак, запрашаць іх вучыцца ў Гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка. Адна з галоўных мэт праекта, як сказаў дырэктар установы, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, галоўны рэдактар часопіса “Мастацкая і музычная адукацыя” М.А.Пазднікаў, — скласці банк даных адораных дзяцей Беларусі.
10 лютага гасцей са сталіцы чакалі ў Мар’інагорскай дзіцячай школе мастацтваў. Арганізаваць рэгіянальны семінар “Сучасныя падыходы ў навучанні і выхаванні адораных дзяцей” дапамаглі аддзел адукацыі, спорту і турызму і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пухавіцкага райвыканкама. У праграме семінара былі семінар-практыкум у форме праблемна-дзелавой гульні (яе арганізавалі дырэктар М.А.Пазднікаў, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце на музычным аддзяленні А.Р.Іванова і іншыя), майстар-класы па жывапісе (іх праводзілі сябры Беларускага саюза мастакоў — намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце мастацкага аддзялення жывапісец П.С.Багданаў і выкладчык спецпрадметаў мастак-графік В.М.Гардзіёнак-Кірэева), па класе цымбалаў (магістр мастацтваў Н.М.Чырык), па класе скрыпкі (М.М.Падава), віяланчэлі (А.В.Сакалова), тэарэтычных дысцыплінах (А.І.Такапула). Юныя музыканты з захапленнем дзяліліся ўражаннямі ад заняткаў па хоры, якія правяла магістр мастацтваў В.У.Іжык, і майстар-класа па фартэпіяна заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Т.Ю.Сергіеўскай.
Была падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж Пухавіцкім райвыканкамам і Гімназіяй-каледжам мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.
Сустрэча з выкладчыкамі-прафесіяналамі са сталіцы была цікавай не толькі для таленавітых дзяцей і іх настаўнікаў з Мар’інагорскай дзіцячай школы мастацтваў, але і для бацькоў, якія таксама ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах, задавалі нямала пытанняў.
А сапраўды, ці варта ў наш прагматычны час аддаваць дзяцей займацца музыкай або жывапісам, скульптурай? Інструменты і матэрыялы дарагія, апантаныя творчасцю дзеці не заўсёды паспяваюць як след зрабіць урокі і проста пагуляць, паганяць мяч. А зарабляюць большасць людзей мастацтва далёка не такія сумы, чым тыя, хто займаецца бізнесам… Але, паверце, і сёння тыя, хто апантана займаецца творчасцю, становяцца сапраўднымі сучаснымі людзьмі, і дзецям, якія вучацца ў той жа Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, хапае часу і на ўрокі (штогод некалькі чалавек атрымліваюць дыпломы з адзнакай), і на тое, каб займацца спортам. І грошы таленавіты чалавек, сапраўдны прафесіянал, сёння зарабіць можа і сваё месца ў жыцці часта знаходзіць хутчэй за сваіх аднагодкаў.
Колькі гадоў назад з Мар’інай Горкі прыехаў вучыцца ў Гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Міхаіл Мішук. Ён двойчы перамагаў на рэспубліканскіх мастацкіх конкурсах, стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, у мінулым годзе бліскуча скончыў аддзя-ленне жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, цяпер працуе на кінастудыі “Беларусьфільм”.
Чым раней адоранае дзіця сустрэнецца з вопытным педагогам, тым хутчэй раскрыецца яго талент. У 7 “А” класе Гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка вучыцца Ілья Волкаў (той самы, які ў 2013 годзе заняў 3 месца на “Еўрабачанні”), у 7 “Б” — юныя мастакі, чые творы ў мінулым годзе экспанаваліся ў Фларэнцыі ў галерэі Рыкардзі Медычы.
Каля тыдня назад увага ўсяго свету была прыкавана да Палаца Незалежнасці. А ці ведаеце вы, што больш за палову аўтараў карцін, што ўпрыгожваюць залы палаца і рэльефаў на яго сценах, у свой час скончылі Гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка? Гэта такія слынныя мастакі, як У.Савіч, Р.Сітніца, У.Вішнеўскі, скульптары С.Гарбунова, В.Цімашоў. Яны прыехалі вучыцца з розных куткоў Беларусі, а цяпер некаторыя з іх выкладаюць у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў роднай Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка.
Выпускнікі гімназіі-каледжа пад кіраўніцтвам Ю.В.Пеўнева і Д.У.Чубукова стварылі мазаікі і вітражы для новага будынка Савета Рэспублікі, мазаікі для Храма Усіх Святых. Выпускнікі музычнага аддзялення кіруюць аркестрамі і харамі, спяваюць на эстрадзе, іграюць класіку і джаз… Тыя, хто вучыўся ў суперпрафесіяналаў, сёння працуюць з таленавітымі дзецьмі ў розных кутках нашай краіны.
Ведаючы патэнцыял і высокі прафесіяналізм выкладчыкаў, можна спадзявацца, што Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка з цягам часу будзе запатрабавана не толькі як выключная навучальная ўстанова, але і як метадычны цэнтр па рабоце з адоранымі дзецьмі. Новы праект “Мы — для дзяцей” і стварэнне банка даных адораных дзяцей Беларусі дапаможа нам будаваць прыгожае, духоўнае, гарманічнае грамадства.

Галіна БАГДАНАВА.