Мяч у рукі — і бягом

- 13:40Спартыўныя падзеі

Рэгбі не самы папулярны від спорту ў Беларусі, а дзіцяча-юнацкае рэгбі — яшчэ менш папулярны. Пастаянна яго развіваюць толькі ў Гродне і Мінску, часам на спаборніцтвы прыязджаюць каманды з Рэчыцы і Жодзіна. Мы сустрэліся з гродзенскім трэнерам па рэгбі Юрыем Окалавым і пагутарылі пра індывідуалістаў, бытавыя траўмы і перспектывы.

Тэг, тач, 5, Х

Згодна з самай вядомай легендай, рэгбі прыдумаў Вільям Уэб Эліс — вучань школы з гарадка Рэгбі (Англія). Падчас футбольнага матча ён схапіў мяч рукамі і прабег з ім да варот саперніка. Гэта было ў 1823 годзе, а першыя правілы гульні распрацавалі ў 1845 годзе. З імі лепш азнаёміцца самастойна з дапамогай відэа: так хутчэй і больш зразумела.

Каб дзецям было прасцей уліцца ў класічную гульню, навучанне вядуць па некалькіх яе напрамках.

Тэг-рэгбі. У гульцоў на поясе вісяць стужкі. Каб забраць мяч, трэба сарваць адну з іх. Калі ў гульца атрымалася, ён крычыць: “Тэг!”, адступае, а сапернік пасуе мяч. Гулец аддае стужку назад у рукі, і абодва вяртаюцца да матча.

Тач-рэгбі. Трэба дакрануцца да саперніка дзвюма рукамі. Той абавязаны спыніцца і аддаць пас.

Рэгбі-5. На полі адначасова знаходзяцца 5 чалавек з каманды. Гульня складаецца з 2 таймаў па 7 мінут. У кожнага гульца на поясе вісіць стужка. Каб адабраць мяч, трэба яе сарваць і крыкнуць: “Захоп!” Любыя грубыя наўмысныя і ненаўмысныя кантакты з’яўляюцца фолам.

Рэгбі-Х. Каманды па 5 чалавек гуляюць адзін 10-мінутны матч. Гэта дынамічнае і траўмабяспечнае рэгбі. Падыходзіць самай шырокай аўдыторыі дзякуючы сваім спрошчаным правілам.

Бруд і чорныя твары

Юрый Георгіевіч упершыню ўбачыў, як гуляюць у рэгбі, у 1973 годзе на чэмпіянаце СССР. Пасля арміі юнак паехаў вучыцца ў Калінінград, дзе якраз былі дзве студэнцкія каманды па рэгбі. Ён трапіў у “Калінінградскі буравеснік”.

— Самыя яркія ўспаміны адтуль — бруд і чорныя твары. Ідзеш на поле чысценькі, свежы, выходзіш — адусюль цячэ, нават з галавы. Калі душа на месцы няма, мінімальна выцерся, дабег да інтэрната — і мыцца разам з формай.

Пасля вучобы Юрый Георгіевіч вярнуўся ў Гродна, паспрабаваў стварыць каманду пры цяперашнім аграрным універсітэце, нават набраў групу, але не прадаставілі залу. Потым прыйшлі 90-я, калі было не да спорту.

У 2015 годзе гродзенскія хлопцы даведаліся, што ў іх горадзе ёсць спецыяліст па рэгбі. Пачалі паступаць просьбы навучыць іх гуляць. Юрый Окалаў не мог адмовіць і зноў уцягнуўся ў гэты від спорту.

— Я зразумеў, што трэба рыхтаваць змену, таму паехаў у Калінінград і атрымаў педагагічную адукацыю. Пасля вяртання пачаў працаваць з дзецьмі. Цяпер у мяне займаюцца дзеці ад 9 да 14 гадоў. Малодшыя групы — тры: у сярэдняй школе № 19, гімназіях № 4 і № 10. Мы расфарміравалі старэйшую гімназічную групу і групу з сярэдняй школы № 37 і аб’ядналі іх у адну. Яна існуе пры фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Прынёманскі”. Да нас ходзяць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі, але дзяўчынак, вядома, менш. Трэніруюцца і гуляюць усе разам, на спаборніцтвах выступаюць разам, праўда, дзяўчынкі часцей баяцца ездзіць.

Круглы год

Заняткі ў Юрыя Георгіевіча доўжацца 1,5—2 гадзіны. На першае — лёгкая або гульнявая размінка. На другое — практыкаванні на тэхнічныя прыёмы: адпрацоўка перадач, гульня нагой, практыкаванні на захопы і г.д. На дэсерт — калектыўныя практыкаванні, каб развіваць уменне ўзаемадзейнічаць адно з адным. Замест кампоту мінут 20 гульні. Калі заняткі праходзяць у спартзале, то гэта тач-рэгбі або тэг-рэгбі. Як варыянт — рэгбі на каленях, дзе дзеці змагаюцца адно з адным. Калі каманда трэніруецца на стадыёне, то звычайна гуляе ў кантактнае рэгбі (перш за ўсё ў рэгбі-5). Сюды дабаўляецца адпрацоўка пастраення ў калідорах, схватках — тое, што больш уласціва класічнаму варыянту гульні.

Звычайна кожная група займаецца мінімум 2 разы на тыдзень. Група на базе цэнтра — 3 разы. Зараз Юрый Окалаў дазволіў падрыхтаваным малодшым гульцам прыходзіць на трэніроўкі да старэйшых і наадварот, таму некаторыя сустракаюцца і 5 разоў. Да гэтага дабаўляем спаборніцтвы ў нядзелю амаль кожныя два тыдні.

— У гульцоў рэгбі развіваюцца неабходныя для спартсменаў якасці: цягавітасць, хуткасць, сіла, каардынацыя рухаў, спрыт, акуратнасць, скакучасць. Фарміруюцца і асабістыя якасці: таварыскасць, воля, мэтанакіраванасць, уменне працаваць у камандзе. Дзякуючы некаторым асаблівасцям, гульня дапамагае дзецям хутка развіваць інтэлект, фарміраваць і ўмацоўваць характар.

Улетку заняткі працягваюцца. З аднаго боку, гэта робіцца для таго, каб дзеці не разбегліся, а з другога — трэба рыхтавацца да спаборніцтваў па пляжным рэгбі. Выхаванцаў гэта не напружвае: яны з задавальненнем і прагуляюцца да пляжа, і патрэніруюцца, і пакупаюцца.

— Пляцоўку мы пазначаем фішкамі, можна яшчэ нацягваць стужкі. Людзі, што адпачываюць на пляжы, успрымаюць нас нармальна, ужо прывыклі. Спачатку гэта было ў навінку, асабліва вялікімі вачыма глядзелі, калі трэнер браў дзяцей у захоп (смяецца). Захоп — гэта калі трэба зваліць праціўніка на зямлю. Як ні дзіўна, ніхто не падыходзіў, не прасіў згуляць з намі ці расказаць, чым мы тут займаемся.

Летам — пляж, а зімой — снежная пляцоўка. Так, ёсць яшчэ і зімовае рэгбі, якое па правілах не адрозніваецца ад пляжнага. Юрый Георгіевіч прыгадвае, як у часы студэнцтва гуляў на полі, не ачышчаным ад снегу. Бегчы было цяжка, а калі праціўнік на табе павісаў — практычна немагчыма. Калі падаеш і наверх навальваецца яшчэ 3—4 чалавекі, нават дыхаць цяжка. Затое пасля заканчэння матча столькі энергіі з’яўляецца, як у спартсменаў пасля зняцця ўцяжарвальніка.

Пас назад

Складаней за ўсё ў навучанні малодшым дзецям даецца ўзаемадзеянне адно з адным. Большасць з іх, па назіраннях Юрыя Георгіевіча, індывідуалісты. Схапілі мяч і бягуць уперад, замест таго каб даць партнёру пас. Нават калі гулец у нявыгаднай сітуацыі, будзе прабівацца сам. З часам дзеці разумеюць, што калі ты гуляеш адзін, то стамляешся за 5—10 мінут, таму лепш даверыцца партнёрам.

— З вялікай цяжкасцю яны прывыкаюць да правіла перадачы мяча толькі назад. Але як толькі зразумеюць, усё атрымліваецца аўтаматычна. Самы складаны тэхнічны прыём для іх, якога яны крыху баяцца, — узяць саперніка ў захоп. Я ім паказваю, як гэта рабіць, а яны ўсё роўна “абдымаюцца” (смяецца). Некаторыя дзяўчынкі выходзяць — раз, аднаго хлопца звалілі, два — другога, як прафесіяналы. Але гэта на трэніроўцы, а на спаборніцтвах зноў “абдымаюцца”. Ім страшна, таму што гэта рух, хуткасць, але на хуткасці значна прасцей зрабіць захоп.

Сур’ёзных траўм у выхаванцаў Юрыя Окалава не было. Аднойчы хлопец спатыкнуўся ў спартзале і атрымаў пералом костачкі ў ступні. Тры тыдні не хадзіў на трэніроўкі, але цяпер усё нармальна. Як ні дзіўна, у побыце ў дзяцей здараецца больш траўм і пераломаў. 

Поспех у руках фаната

Спаборніцтвы, якія праходзяць у Гродне, арганізоўвае Юрый Окалаў, каб у дзяцей было больш практыкі. У пачатку сезона, каб уцягнуцца ў гульню, увагу ўдзяляюць тэг-рэгбі і тач-рэгбі, затым — рэгбі-5. Хто ж спаборнічае, калі выхаванцы займаюцца ў аднаго трэнера? Усе паміж сабой.

— Гэта для нас балючая тэма, — гаворыць дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Прынёманскі” Сяргей Шындыч. — У Гродне ёсць Ленінскі і Кастрычніцкі раёны, але каманды па рэгбі ў кожнага раёна няма, паколькі Юрый Георгіевіч працуе адзін. Што тут можна зрабіць? Або браць яшчэ аднаго трэнера, што было б добра, або ствараць агульную гарадскую каманду.

Рэспубліканскія спаборніцтвы распісвае Беларуская федэрацыя рэгбі. У мінулым годзе, дарэчы, прайшоў першы дзіцячы чэмпіянат краіны па пляжным рэгбі. Выступалі Гродна, Мінск і Рэчыца.

Юрый Георгіевіч упэўнены: перспектывы ў яго выхаванцаў значна лепшыя, чым у іншых відах спорту. Рэгбі — гэта вялікая сям’я як у нас, так і за мяжой. Ёсць выдатны прыклад. Дзяўчына з Гродна, студэнтка, якая ніколі не займалася рэгбі, паехала на турнір за мяжу і судзіла матчы, каб зарабіць грошай. Цяпер яна там працуе суддзёй, яе прынялі па-сямейнаму цёпла.

***

— У мяне такое ўражанне, што я, яшчэ не нарадзіўшыся, гуляў у рэгбі, — смяецца Юрый Окалаў. — Гэтая гульня вучыць не глядзець на іншых зверху, ставіць інтарэсы калектыву вышэй за свае і паказвае чалавеку яго месца. Я і сам так перавыхаваўся і працую дзеля іншых.

Сяргей Барысавіч, дырэктар цэнтра, адзначае: “Мы цэнім Юрыя Георгіевіча перш за ўсё як добрага чалавека, спагадлівага таварыша. Калі справа тычыцца мерапрыемстваў, ён вельмі ініцыятыўны. Ён бярэ ў свае рукі той кавалак работы, які можа пацягнуць толькі фанат. Я калісьці быў у падобнай сітуацыі (кіраваў адзіным у Гродне спартыўным клубам па фрысбі) і зразумеў, што спорт развіваецца да таго часу, пакуль ёсць чалавек, які любіць сваю справу, і пакуль ёсць фінансаванне. Дзецям, якіх трэніруе Юрый Георгіевіч, пашанцавала. Яны бачаць, што ён фанацее ад свайго занятку, і загараюцца гэтым самі”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Ю.Г.Окалава.