На Алеі Герояў

- 12:31Выхаванне

У аўторак на сталічнай Алеі Герояў каля будынка Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі прайшло ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага злёту навучэнцаў, якія наведваюць аб’яднанні па інтарэсах (класы) ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З прывітальным словам да юных патрыётаў звярнуліся прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.

Кожны год у нашай краіне рэалізуецца шмат праектаў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі, праводзяцца тэматычныя злёты, працуюць палатачныя і стацыянарныя лагеры. Усё гэта — вынік плённага супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны. Безумоўна, у аснове патрыятычнага выхавання ляжаць подзвіг нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, іх мужнасць, гераізм, самаахвярнасць. Актыўнымі даследчыкамі гэтага подзвігу якраз і з’яўляюцца 49 удзельнікаў сёлетняга злёту. Гэта таленавітыя вучні з усіх рэгіёнаў Беларусі, неабыякавыя да гісторыі, сучаснасці і будучыні сваёй зямлі.

“Над нашай краінай пранесліся дзясяткі войнаў, беларусы абаранялі Радзіму і падымалі яе з попелу. На змену воіну — абаронцу Айчыны — прыходзілі хлебаробы і будаўнікі, якія аднаўлялі родныя гарады і вёскі, эканоміку і культуру. І менавіта ў стваральнай працы — найвышэйшая філасофія патрыятызму нашага народа. Выхаванне маладога пакалення на прыкладах гераічнай гісторыі Вялікай Айчыннай вайны складае важны аспект работы ўстаноў адукацыі. Менавіта вы, паважаныя педагогі, дапамагаеце дзецям правільна зразумець важныя падзеі ваеннага ліхалецця і захаваць памяць пра подзвіг нашага народа. Дзякуючы сумеснай пошукавай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў, карпатлівай рабоце, людзі даведваюцца пра лёс сваіх блізкіх, няўручаныя ўзнагароды знаходзяць адрасатаў, загінуўшым воінам аддаюць пашану. Ведаць і помніць пра Вялікую Айчынную — наш святы абавязак, і мы павінны зрабіць усё, каб на нашай зямлі не было войнаў”, — звярнуўся да ўдзельнікаў злёту начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Аляксандр Мацюшонак.

Па словах Аляксандра Мікалаевіча, сёння ва ўстановах адукацыі краіны створаны профільныя класы сумесна з установамі вышэйшай адукацыі Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па над­звычайных сітуацыях. Навучэнцы гэтых класаў паглыблена вывучаюць спецыяльныя дысцыпліны, праходзяць страявую і фізічную падрыхтоўку, рыхтуюцца працягнуць навучанне ва ўстановах сілавых структур. А традыцыйны штогадовы рэспубліканскі злёт садзейнічае фарміраванню ў навучэнцаў уяўленняў пра ваенную службу і воінскі доўг, а таксама з’яўляецца станоўчай матывацыяй выбару ваеннай службы як грамадска значнага роду дзейнасці.

Міністэрствам абароны праводзіцца вялікая работа не толькі па патрыятычным выхаванні моладзі, але і па захаванні памяці пра тых, хто адстойваў гонар і незалежнасць роднай зямлі ў гады ваенных ліхалеццяў. Штогод у ходзе пошукавых і архіўна-даследчых работ устанаўліваюцца сотні імёнаў тых, хто загінуў, прапаў без звестак, выяўляюцца і лакалізуюцца няўлічаныя воінскія пахаванні. Гэтая важная работа праводзіцца сумесна з навучэнцамі аб’яднанняў па інтарэсах ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Вынікі сваёй работы ўдзельнікі злёту прадставілі ўчора падчас канферэнцыі “І помніць свет уратаваны”. Акрамя таго, праграмай злёту прадугледжана багатая конкурсная праграма (конкурсы візітовак каманд, агляд строю і песні, баявых лісткоў, квест-віктарына “Старонкі ваеннай гісторыі”) і экскурсійна-адукацыйная праграма (наведванне Дзяржаўнага музея ваеннай гісторыі, кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл, мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”).

Больш падрабязна з удзельнікамі злёту, той важнай пошукавай работай, якой яны займаюцца сумесна з педагогамі, ваеннаслужачымі, мы пазнаёмімся ў адным з наступных нумароў выдання.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.