На хвалі інтэнсіўнага развіцця

- 10:53Планёрка ў рэгіёне

Цэнтральны раён Мінска — адзін з раёнаў сталіцы, які асабліва інтэнсіўна развіваецца. За апошнія 3 гады колькасць дзяцей у дзіцячых садках, школах і гімназіях павялічылася амаль на 30%. Сістэма адукацыі раёна на працягу многіх гадоў займае лідзіруючыя пазіцыі ў горадзе па асноўных напрамках адукацыйнай дзейнасці. Так, па выніках работы за 2019 год сярод упраўленняў па адукацыі Мінска Цэнтральны раёна заняў 1-е месца. Што прывяло да такога выніку і якія напрамкі дзейнасці з’яўляюцца прыярытэтнымі на сёння, расказвае начальнік упраўлення па адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Яўген Сяргеевіч ДАБРАНЕЎСКІ.

— На працягу многіх гадоў установы адукацыі ўдзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца адукацыйным праектам, накіраваным на міжнароднае супрацоўніцтва. Пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі № 24 Т.В.Лукша калектыў установы прымае ўдзел у рэалізацыі міжнароднага міжведамаснага праекта “Развіццё сеткі школ здароўя ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі (ВЕЦА) у 2016 —2020 гадах”, які накіраваны на абмен вопытам і ведамі. Настаўнікі і навучэнцы гімназіі на працягу многіх гадоў паспяхова ўдзельнічаюць у міжнародным праекце “Школы: партнёры будучыні”, ініцыіраваным Цэнтральным упраўленнем па справах школьнай адукацыі за мяжой. Гэтае супрацоўніцтва дазваляе навучэнцам пазнаёміцца з гісторыяй і культурай краіны вывучаемай мовы. У межах праекта навучэнцы маюць магчымасць здаць экзамен на атрыманне дыплома па нямецкай мове, што сведчыць аб высокім узроўні валодання ёй.

У гімназіі № 34 на працягу некалькіх гадоў праходзіць Міжнародны фестываль “Садружнасць” з удзелам навучальных устаноў Масквы, Кіева, Таліна. Мэта праекта — развіваць сацыякультурную і камунікатыўную кампетэнцыю навучэнцаў. У пачатку мая ў межах праекта на пляцоўцы Талінскай рускай гімназіі адбыўся міжнародны вэбінар  “Як матываваць вучня ва ўмовах дыстанцыйнага навучання?”.

Міжнародны гуманітарны праект “Дыялог культур: Францыя—Беларусь” рэалізуецца з мэтай матывацыі навучэнцаў да вывучэння французскай мовы, выхавання міжкультурнай талерантнасці, знаёмства з культурай і традыцыямі Францыі. У верасні мінулага года Мішэль Піят-Банэ, французскі педагог, музыкант і пісьменніца, правяла заняткі з навучэнцамі 5—6 класаў 34-й гімназіі, на якіх французская мова вывучалася весела і нязмушана з дапамогай песень, вершаў і скорагаворак. Педагогі гімназіі атрымалі выдатную магчымасць пазнаёміцца з методыкай работы французскіх калег.

У гімназіі № 16 працягвае работу клуб “Альтэрнатыўная энергетыка”, арганізаваны ў 2008 годзе. Яго мэтай з’яўляецца энергетычная і экалагічная адукацыя навучэнцаў і студэнтаў. Клуб з’яўляецца членам Міжнароднага вадароднага клуба МІРЭА і супрацоўнічае ў рэжыме анлайн з навучальнымі ўстановамі Санкт-Пецярбурга, Масквы і Сочы.

— Яўген Сяргеевіч, якія дасягненні навучэнцаў і педагогаў натхняюць на далейшую творчасць ?

— У раёне створаны аптымальныя ўмовы для выяўлення, развіцця і рэалізацыі патэнцыяльных здольнасцей адораных і высокаматываваных навучэнцаў. Навучэнцамі нашага раёна заваявана 72 дыпломы і 18 пахвальных водзываў на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Заключны этап прайшоў толькі для навучэнцаў 11-х класаў. На рахунку выпускнікоў — 2 дыпломы. У сёлетнім навучальным годзе на XXXIX гарадской канферэнцыі навучэнцаў заваяваны 21 дыплом з 48 работ. На заключным этапе ў нашых вучняў 5 дыпломаў.

Можна ганарыцца шматлікімі перамогамі нашых навучэнцаў на міжнародных алімпіядах і конкурсах. Міжнародны форум студэнцкай і навучэнскай моладзі “Першы крок у навуку — 2019” прынёс у скарбонку раёна дыплом ІІІ ступені. На міжнародным ГРАНД-конкурсе “Талент года” ансамбль акардэаністаў “Натхненне” заваяваў дыплом ІІІ ступені. На ІІ Міжнародным конкурсе сучаснай творчасці дзяцей і моладзі Zaviruha.by —2020 уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі навучэнцы гімназіі № 16.

За 3 гады на розных рэйтынгавых міжнародных алімпіядах, турнірах навучэнцамі раёна было заваявана 19 медалёў. У 2019 годзе з 40 узнагарод, заваяваных навучэнцамі Мінска ў міжнародных алімпіядах, 8 узнагарод удастоены навучэнцы ўстаноў адукацыі Цэнтральнага раёна. Навучэнцамі гімназіі № 29 заваявана 5 узнагарод, гімназіі № 50 — 3. За тры апошнія гады 46 навучэнцаў і выпускнікоў раёна сталі лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і таленавітай моладзі.

Педагогі раёна прымаюць актыўны ўдзел у гарадскім конкурсе на прысуджэнне прэмій і грантаў Мінгарвыканкама “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы”. Педагогамі ўстаноў адукацыі заваявана 5 прэмій з 7 і 6 грантаў з 10 заяўленых. Пераможцам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2020” у намінацыі “Пачатак пачаткаў” стала настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 32 Лідзія Анатольеўна Аўсюк.

— Ці ёсць у раёне пытанні з забеспячэннем дзяцей дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах адукацыі? Як іх вырашаеце?

— Адным з паказчыкаў эфектыўнасці нашай работы з’яўляецца найбольш поўнае задавальненне запытаў законных прадстаўнікоў выхаванцаў на адукацыйныя паслугі, якое накіравана на захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі для ўсіх катэгорый насельніцтва. У нашым раёне запыт бацькоў на паслугі ў сістэме дашкольнай адукацыі высокі і з кожным годам павялічваецца. Адзначаецца тэндэнцыя павелічэння нараджальнасці дзяцей і, як вынік, павелічэння колькасці выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі.

У цэлым патрэба ў забеспячэнні дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі задавальняецца. Праблемай застаецца прадастаўленне месцаў у дзіцячых садках крокавай даступнасці. У выпадку адсутнасці месцаў у такой дашкольнай установе законным прадстаўнікам выхаванцаў прапануецца найбліжэйшая ўстанова дашкольнай адукацыі. Найбольш запатрабаванымі з’яўляюцца мікрараёны Вяснянка, Навінкі, Лябяжы,  вуліца Грыбаедава за кошт інтэнсіўнага будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў.

— Як педагогі павышаюць свой прафесійны ўзровень? Ці былі гатовы настаўнікі да работы на адлегласці?

— Зыходзячы з сучасных патрабаванняў, педагогі раёна вялікую ўвагу ўдзяляюць самаадукацыі, удзельнічаюць у рабоце метадычных аб’яднанняў, творчых груп, у педагагічных конкурсах, майстар-класах, форумах, фестывалях, абагульняюць педагагічны вопыт, удзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, асвойваюць новыя педагагічныя тэхналогіі. Укараненне ІКТ у адукацыйны працэс не стала навінкай. На працягу некалькіх апошніх гадоў педагогі актыўна прымяняюць іх у адукацыйным працэсе. Многія педагогі вядуць свае блогі, сайты. 10 устаноў з 19 ужо выкарыстоўвалі электронныя дзённікі і журналы. У сітуацыі, якая склалася сёння, кожная ўстанова адукацыі з улікам сваіх магчымасцей і спецыфікі прымала рашэнне аб тым, якім чынам дзіця будзе атрымліваць дамашнія заданні, як і па якіх каналах будзе наладжана зваротная сувязь з настаўнікам. Установы адукацыі маюць магчымасць выкарыстоўваць электронныя вучэбныя рэсурсы, размешчаныя на нацыянальным адукацыйным партале на платформе Moodle. Сёння педагогі актыўна выкарыстоўваюць Skype, Viber, Zoom, сайт установы адукацыі, для зваротнай сувязі прымяняюць электронную пошту.

— Што ў прыярытэце для сістэмы адукацыі раёна сёння?

— Па-першае, павышэнне якасці адукацыі, якая адказвае патрэбам асобы і грамад­ства, па-другое, стварэнне ўмоў для ўстойлівага функцыянавання ўстаноў адукацыі раёна, па-трэцяе, забеспячэнне наяўнасці неабходных кадравых, матэрыяльна-тэхнічных, вучэбна-метадычных рэсурсаў для арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.