На хвалі сочынскага фестывалю

- 11:06Якасць адукацыі

У суботу дваццаць тысяч маладых людзей са 150 краін свету стануць удзельнікамі XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Сочы. Каб абмеркаваць развіццё маладзёжнага руху і прадставіць сваё бачанне адносна вырашэння глабальных праблем, на Чарнаморскім узбярэжжы збяруцца маладыя лідары: прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх арганізацый, палітычных партый, юныя журналісты, творчая і спартыўная моладзь, інжынеры і ІТ-спецыялісты, прадпрымальнікі, лідары студэнцкага самакіравання, маладыя спецыялісты і многія іншыя. Беларускую дэлегацыю ўзначаліць міністр адукацыі нашай краіны Ігар Карпенка.

Ключавыя падзеі фестывалю адбудуцца ў Алімпійскім парку, акрамя таго, культурная і забаўляльная праграма мерапрыемства пройдзе на некалькіх дзясятках пляцовак у розных месцах горада. Свята традыцыйна распачнецца парадам моладзі і студэнтаў у Маскве. У межах мерапрыемства пройдуць выставы, квесты, кірмашы салідарнасці, творчыя майстэрні, паказ мод ад сучасных расійскіх дызайнераў, джазавы фестываль, фестываль кіно, лядовае шоу “Рускі балет”. Спартыўную афарбоўку алімпійскаму Сочы нададуць майстар-класы па вулічных танцах, веламарафон, забег на 2017 метраў, міжнародныя чэмпіянаты па розных відах спорту на Кубак фестывалю, таварыскія матчы, гонка з перашкодамі і многае іншае. Асаблівасцю спартыўнай праграмы стане зона нацыянальных відаў спорту і спартыўных гульняў.

Кожны дзень фестывалю, у адпаведнасці з яго традыцыямі, будзе прысвечаны аднаму з рэгіёнаў планеты (Амерыка, Блізкі Усход, Азія і Акіянія, Еўропа, Расія як гаспадыня мерапрыемства) і яго спецыфіцы ў ключавых сферах. Кожнаму дню будзе таксама прысвоена скразная тэма, якая аб’яднае панэльныя дыскусіі, канферэнцыі і семінары. Сярод тэм — пытанні культурнага ўзаемадзеяння, міжнароднай бяспекі, працаўладкаванне моладзі, экалагічныя праблемы, IT, эканоміка і бізнес, навука і тэхналогіі, глабальная адукацыя і інш.

Многія з іх хвалююць Яўгена Харука, студэнта БДУ:

— Ад нашага ўніверсітэта едуць самыя актыўныя студэнты — тыя, якія вядуць уласныя маладзёжныя праекты ці арганізоўваюць міжнародныя мерапрыемствы і фестывалі — і ва ўніверсітэце, і за яго межамі. Я старшыня самай буйной студэнцкай арганізацыі БДУ — Студэнцкай асамблеі — і сам каардыную студэнцкі міжнародны кірунак. Штогод мы арганізоўваем міжнародныя фестывалі, на якія прыязджае каля ста чалавек з 10 — 15 краін.

На фестывалі мы будзем расказваць і пра іншыя міжнародныя пляцоўкі, якія ёсць у нас ва ўніверсітэце і якія мы самі арганізоўваем. Мы хочам заручыцца падтрымкай іншых краін і спадзяёмся, што новыя знаёмыя таксама будуць прыязджаць да нас, каб мы маглі больш даведвацца пра іншыя краіны, маладзёжныя арганізацыі, універсітэты і прадстаўляць нашу ВНУ, а таксама Беларусь партнёрам. Але нават не гэта галоўнае. На фестываль мы едзем знаёміцца, наладжваць сувязі з лідарамі розных краін, у першую чаргу са студэнтамі ці з маладымі спецыялістамі, якія засталіся працаваць ва ўніверсітэтах, бо тэма адукацыі для нас найбольш актуальная. Маладыя людзі цяпер актыўныя ў сацыяльных сетках, інтэрнэце, у маладзёжным прадпрымальніцтве, стартапах. Сёння гэта папулярна ва ўсім свеце. І тут беларуская моладзь не ўступае суседзям: рэалізоўвае свае праекты ў ІТ-сферы, спорце, праекты па развіцці асобаснага патэнцыялу. У нас шмат маладых лідараў, спікераў, куратараў. На мой погляд, гэтыя сферы самыя перспектыўныя і іх трэба развіваць, падтрымліваць.

Разважаючы пра нараканні ад больш сталых людзей у бок моладзі, якая нібыта стала пасіўнай і цікавіцца толькі камп’ютарамі, Яніна Кандрашэўская, рэжысёр Палаца культуры прафсаюзаў, гаворыць:

— У Беларусі шмат мерапрыемстваў, магчыма, крыху закрытых — фармату трэнінгаў, форумаў. Па прычыне іх закрытасці сталыя людзі часта не бачаць нашай актыўнасці і думаюць, што мы сталі пасіўнымі і не такімі, якімі былі некалі яны. Але ў гэтым таксама ёсць свой плюс. Мы не выходзім на вуліцы? Зніклі ўзаемаадносіны? Аднак, седзячы ў сваіх маленькіх кабінетах, мы можам весці гутарку з прадстаўнікамі любой краіны свету. З імі сустракаемся ў кабінетах, абменьваемся вопытам, прыходзім на працоўныя месцы і ўносім новыя ідэі ў сваю працу. У нас, моладзі, запалу шмат, але часта ад сталых людзей нам не хапае падтрымкі, не хапае слоў: “Давай! Дзейнічай!” Я працую па размеркаванні ўжо год, і за гэты час у нас было шмат маладзёжных праектаў сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў, гарадскіх свят і канцэртаў, праходзіў Міжнародны маладзёжны форум “Тэмп” і іншае. Яшчэ больш падзей чакаецца ў найбліжэйшы час. Я еду на фестываль па вопыт, каб ім можна было потым падзяліцца з калегамі. Напрыклад, як рэжысёру мне будзе цікава паглядзець на адкрыццё і закрыццё фестывалю. Гэта маштабныя мерапрыемствы, а ў нас наперадзе — Еўрапейскія гульні. Магчыма, штосьці вазьму на заметку, каб потым прымяняць на нашых пляцоўках. Упэўнена, такі фестываль навучыць не толькі зносінам, але і навучыць на практыцы прымяняць у сваіх краінах веды, якія мы атрымаем на сочынскім мерапрыемстве.

Студэнт БДПУ імя Максіма Танка Уладзіслаў Равенка — член нацыянальнай зборнай Беларусі па дзюдо, лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года — Добрае сэрца — 2017” у намінацыі “Спартыўны валанцёр”, актыўны ўдзельнік і арганізатар дабрачынных мерапрыемстваў ад БДПУ пад эгідай БРСМ. Толькі за апошні год малады чалавек быў кіраўніком валанцёрскіх атрадаў на Мінскім паўмарафоне — 2016—2017 і ралі караванераў — 2017, валанцёрам-перакладчыкам на 45-й Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

— На фестывалі я буду прадстаўляць валанцёрскі рух Беларусі “Добрае сэрца”, і мне цікава пазнаёміцца з аналагічнымі праектамі ў іншых краінах, — расказвае Уладзіслаў. — Для нас, валанцёраў, будуць праводзіцца семінары, сустрэчы, таму карысна даведацца пра замежны вопыт у арганізацыі мерапрыемстваў спартыўнага кірунку, у прыватнасці пра работу з камандамі падчас спаборніцтваў. Упэўнены: нам, беларусам, будзе чаму павучыцца ў валанцёраў з іншых краін. Я буду працаваць на ІІ Еўрапейскіх гульнях у 2019 годзе, і таму для мяне цікавы вопыт валанцёраў з Азербайджана, якія прымалі Першыя гульні. Думаю, ім ёсць што расказаць і чым падзяліцца.

Беларусь прадставіць на фестывалі вялікую экспазіцыю, накіраваную на папулярызацыю краіны, яе дасягненні ў галіне прамысловасці, культуры, маладзёжнай палітыкі і турызму. Асобная выстава будзе прысвечана сферы адукацыі нашай краіны, вялікая ўвага будзе ўдзелена таксама спартыўнай тэматыцы з улікам правядзення ў 2019 годзе ў Мінску ІІ Еўрапейскіх гульняў.

Аляксандр Аляксееў — пяцікурснік БНТУ, які пяты год з’яўляецца актыўным удзельнікам Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, — з нецярпеннем чакае знаёмства з калегамі, якія арганізоўваюць адукацыйныя маладзёжныя праекты. За студэнцкія гады ён прыняў удзел у дзясятках адукацыйных праектаў, правёў больш за паўсотні трэнінгаў па розных тэмах: цімбілдынг, праектны менеджмент, тайм-менеджмент, псіхалогія ўзаемаадносін, лідарства і іншае, быў менеджарам маладзёжных праектаў. Сёлета Аляксандр з аднадумцамі рэалізаваў праект “Уд зел моладзі ва ўстойлівым развіцці рэгіёнаў”, які ўключаў адукацыйны семінар, а яго працягам стаў валанцёрскі лагер у Нясвіжы. Таксама Аляксандр працаваў куратарам і трэнерам у праекце “Міжнародны летні ўніверсітэт клубаў ЮНЕСКА”.

— Акрамя абмену вопытам у гэтай сферы, у кожнай краіны будзе магчымасць прэзентаваць сябе, і мы да гэтага таксама рыхтуемся. Па сваім вопыце міжнародных зносін магу сказаць, што ў многіх краінах калі нешта і ведаюць пра Беларусь, то зусім мала. Таму мы хочам прадставіць нашу краіну ўсяму свету, расказаць, чым яна вызначальная, чым багатая — унікальнай прыродай, азёрамі, славутасцямі. Хочацца зацікавіць турыстаў, бо мы адкрытая краіна і ў нас ёсць што паказаць, у прыватнасці сусветныя аб’екты ЮНЕСКА: шматлікія палацы, Белавежская пушча. Для БелАЮ даўно сталі традыцыйнымі міжнародныя праекты — гэта і лінгвалагеры, куды мы запрашаем валанцёраў з розных краін, валанцёрскія летнікі на аб’ектах сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Мая галоўная мэта — за фестывальны тыдзень наладзіць супрацоўніцтва з калегамі розных краін, у першую чаргу краін СНД, абмяняцца вопытам, новымі методыкамі, якія можна было б пераняць і прымяніць потым у сваёй рабоце. Хочацца, каб фестываль стаў зыходным пунктам для будучых сумесных праектаў, — гаворыць Аляксандр Аляксееў.

Нагадаем, што Расія была гаспадыняй фестывалю двойчы: у 1957-м (VI фестываль) і ў 1985-м (XII фестываль). VI Сусветны фестываль 1957 года, які праходзіў у Маскве, стаў самым масавым за ўсю гісторыю гэтага мерапрыемства. Ён аказаў велізарны ўплыў на далейшае фарміраванне культуры, мастацтва і стаў родапачынальнікам многіх наватарскіх для таго часу жанраў. Напрыклад, менавіта тады на Цэнтральным тэлебачанні з’явілася рэдакцыя “Фестывальная”, якая выпускала тэлевіктарыну “Вечар вясёлых пытанняў”. Пазней гэты фармат быў перапрацаваны ў вядомы і любімы ўсімі сёння Клуб вясёлых і знаходлівых (КВЗ). Удзельнікі сёлетняга студэнцкага свята спадзяюцца, што таксама змогуць унесці свежую хвалю ў сваё жыццё.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.