На карысць людзей

- 9:20Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. 

Выступаючы перад прысутнымі, кіраўнік дзяржавы адзначыў запатрабаванасць у краіне спажыўкааперацыі, нягледзячы на змяненні ва ўмовах працы. 

“Кардынальна змяніліся ўмовы працы. Перш за ўсё фінансава-эканамічныя. Але спажыўкааперацыя засталася вернай сваёй галоўнай мэце — працаваць на карысць людзей”, — адзначыў беларускі лідар. 

“Такія людзі — добрасумленныя, правераныя дзесяцігоддзямі — нам патрэбны, і мы заўсёды будзем іх падтрымліваць. Вы цяпер, можа, наогул адзіны паспяховы прыклад моднага дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Калі за гэтымі словамі стаяць не балбатня і пустыя пражэкты з жаданнем хутчэй уварваць прыбытак (пажадана з бюджэту), а вынікі рэальнай працы, прычым не ў самых камфортных і цяплічных умовах”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дзякуючы спажыўкааперацыі, ёсць упэўненасць, што ні адзін чалавек нават у самай глухой вёсачцы не застанецца без увагі. “І вы ні ў якім разе не павінны страціць свае ўзровень і статус. Зыходзячы з вашай жа ідэалогіі, накіраванай на карысць чалавека, і павінна выбудоўвацца ўся бізнес-мадэль. Думаю, новы старшыня праўлення, якога выбралі сёння (Алег Мацкевіч. — Заўвага аўтара.), гэта разумее”, — сказаў Прэзідэнт.

Ён акцэнтаваў увагу, што сёння трэба неадкладна вырашаць самыя надзённыя пытанні, многія з якіх, на жаль, сталі сістэмнымі.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што гістарычна на ўсёй постсавецкай прасторы толькі ў Беларусі спажыўкааперацыя захавана і ўдзельнічае ў фарміраванні сацыяльнай інфраструктуры краіны, займаючы ў ёй унікальнае месца: “Так, можа, выпадкова, можа, таму, што я добра ведаў, што такое спажыўкааперацыя. У свой час, працуючы ў парламенце, практычна мне аднаму ўдалося вас абараніць і выратаваць. Не для таго, каб вы мне тут дзякавалі. Гэта быў мой функцыянальны абавязак як дэпутата Вярхоўнага Савета ў той час. Таму я і маю права не толькі як Прэзідэнт, але і як чалавек, у мінулым дэпутат, з вас запатрабаваць за работу”.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што складана назваць сферу, дзе спажыўкааперацыя не была б прадстаўлена. Яе паслугамі ахоплена трэць насельніцтва краіны, яна дае работу 70 тысячам пайшчыкаў. 

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на работу са стабілізацыйнымі фондамі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што пытанне забеспячэння захаванасці закладзеных бульбы, агародніны і садавіны таксама патрабуе ўвагі. Рэалізацыя закупленай раней прадукцыі не толькі насычае рынак, але і рэгулюе цэны ў міжсезонне.

Сёння ў Белкаапсаюза амаль 130 сучасных сховішчаў. Аднак рэканструкцыю і мадэрнізацыю ўсіх аб’ектаў для закладкі бульбы і плодаагародніннай прадукцыі трэба працягваць, звярнуў увагу
Аляксандр Лукашэнка.

“Цэны на прадукты харчавання растуць і будуць расці пасля пандэміі. Мы нямала ўклалі ў вёску. Насельніцтва нас проста не зразумее, калі будзе вымушана купляць імпартныя прадукты па сусветных цэнах”, — сказаў Прэзідэнт.

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на нізкую заработную плату ў арганізацыях і на прадпрыемствах галіны. 

“Як вынік сумнага стану фінансаў — няма чым хваліцца ў пытанні заработнай платы. А сутнасць жа ўсёй работы — колькі ты можаш заплаціць простаму чалавеку. Адсюль і якасць кадраў, і матывацыя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Даўгоў па зарплаце няма, але гэта слабае суцяшэнне. Сярэдняя за восем месяцаў — Br761, роўна палова ад сярэднерэспубліканскага ўзроўню. Незразумела, якіх работнікаў вы збіраецеся прыцягнуць у галіну за такія даходы”.

Не засталася без увагі Прэзідэнта і тэндэнцыя на змяншэнне колькасці гандлёвых аб’ектаў у сельскай мясцовасці. Ён даў даручэнне сур’ёзна прааналізаваць сітуацыю. 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з гандлю, па сутнасці, пачалася гісторыя беларускай кааперацыі, калі яна стала размяркоўваць прадукты па картках згодна з устаноўленымі нормамі і цэнамі. “Ды і цяпер гандаль — галоўны ў вашай дзейнасці. Гэта сёння асноўная галіна Белкаапсаюза, якая займае амаль 20 працэнтаў усяго тавараабароту ў вёсцы. Менавіта вы абслугоўваеце маланаселеныя вёскі, дзе менш як 10 жыхароў. Такіх пунктаў на карце Беларусі каля 5 тысяч, і для старых людзей, якія там жывуць, вашы магазіны, аўтакрамы, нарыхтоўчыя пункты — гэта ўжо цэнтр грамадска-палітычнага жыцця. А вы — галоўныя ідэолагі і прапагандысты”, — звярнуў увагу беларускі лідар.

Згодна з існуючымі данымі, у 2020 годзе ў параўнанні з 2019 годам колькасць магазінаў скарацілася амаль на 300 адзінак, або на 5 працэнтаў, а перасовачных сродкаў развазнога і разноснага гандлю — на 2 працэнты.

Яшчэ адно важнае пытанне, якое закрануў Прэзідэнт, — гэта недапушчэнне росту цэн. “Унутрыведамасны кантроль за імі будзе падмацоўвацца маніторынгам  Камітэта дзяржаўнага кантролю і прафсаюзамі”,  — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што за факты, калі цэны на харчовыя тавары штучна завышаюцца, вінаватых варта караць рублём.

Абсалютна непрымальнымі назваў Прэзідэнт і факты безадказнасці і халатнасці работнікаў. “Нават з глыбінкі мне паступаюць адпаведныя скаргі. І толькі не гаварыце мне, што гэта няпраўда. Я жыў там, дзе вы цяпер працуеце, — у глыбінцы. Меў з гэтым справу. Яшчэ ў тыя жорсткія планавыя часы гэтых недахопаў была куча. А цяпер жа свабода, усё можна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аб аналагічных парушэннях дакладвае і Камітэт дзяржаўнага кантролю. Самыя масавыя з іх — гэта продаж тавараў са скончанымі тэрмінамі годнасці, адзначыў
Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы даручыў Белкаапсаюзу выйсці да 2025 года на 90 працэнтаў перапрацоўкі ва ўласнай сістэме закупак. Тым больш ёсць нядрэнная дынаміка ў глыбіні перапрацоўкі: ужо да 65 працэнтаў закупленай сыравіны перапрацоўваецца на прадпрыемствах Белкаапсаюза. 

У цэлым па краіне рэзервы ў перапрацоўцы велізарныя, звярнуў увагу Прэзідэнт. Па плодаагароднінных кансервах доля беларускага тавару на рынку — крыху больш за 50 працэнтаў, па соках і марынаванай агародніне — 60 працэнтаў, па дзіцячым харчаванні — 85 працэнтаў. “Навошта мы імпартуем столькі кетчупаў, салянак, фасолевых, грыбных кансерваў, кукурузы і гарошку? Мы ж усё гэта можам у Беларусі рабіць. Вы хваліцеся, што адраджаеце народныя промыслы, маркі, ствараеце сучасныя гандлёвыя знакі. А дзе вынік? Ваша задача — выйсці да 2025 года на 90 працэнтаў перапрацоўкі ва ўласнай сістэме закупак”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што размова ідзе не аб тым, каб замясціць аб’ёмы вытворчасці і канкурыраваць з буйнымі мясакамбінатамі, прадпрыемствамі хлебпрама і харчпрама. “У кожнага свой спажывец: нехта купляе прадукты масавай вытворчасці, нехта шукае той самы эксклюзіў. Вырабляючы яго, вы ў пэўнай меры захоўваеце беларускія традыцыі і рэцэпты, якія ўдасканальваліся стагоддзямі. Паверце, людзі гэта ацэняць”, — перакананы беларускі лідар.