На новы лад

- 12:02Адукацыйная прастора

Пасля капітальнага рамонту быў адкрыты адзін з карпусоў гімназіі № 6 Мінска. У гэтым памяшканні будуць займацца навучэнцы 7-х і 8-х класаў.

Будынак рамантавалі каля года. За гэты час перарабілі кабінеты, пераслалі падлогу, замянілі бэлькі, перакрыцці, аконныя рамы. Адрамантавана сталовая, разлічаная на 72 чалавекі, буфет.

Корпус гімназіі аснашчаны сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання. У кожным кабінеце на працоўным месцы настаўніка — камп’ютар, падключаны да лакальнай сеткі, таксама ў школе ёсць кропка доступу Wi-Fi. Урокі выкладаюцца з выкарыстаннем тэлевізара, праектара, інтэрактыўнай дошкі, што значна спрашчае навучанне, павышае яго эфектыўнасць. У найбліжэйшы час плануецца ўвядзенне электроннага дзённіка.

Дырэктар школы Вольга Яўгенаўна Смірнова расказала, што ва ўстанове робіцца ўпор на фізіка-матэматычны профіль. Трэба адзначыць, што з гэтага года ў гімназіі № 6 старшакласнікі могуць вывучаць на павышаным узроўні не толькі матэматыку і фізіку, але і хімію, біялогію, замежныя мовы.

У новым корпусе працуе турнікетная сістэма пропуску. У кожнага навучэнца ёсць спецыяльная картка. “Гэта неабходна для бяспекі вучняў”, — падкрэслівае Вольга Яўгенаўна.

Гімназію ў дзень адкрыцця абноўленага корпуса наведаў яе першы дырэктар Казімір Сцяпанавіч Фарыно. Ён высока ацаніў адрамантаваныя класы, спартыўную залу і гардэроб, бібліятэку, канферэнц-залу, дапаможныя памяшканні. Казіміра Сцяпанавіча ўразіла і спецыяльная пляцоўка ў выглядзе шахматнай дошкі на калідоры, на якой дзеці кожны перапынак могуць гуляць у шашкі або шахматы.

Дар’я ЦАУНЯ.