На парозе дарослага жыцця

- 11:09Адукацыйная прастора

Гарачая, хвалюючая пара выпускных экзаменаў працягваецца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” наведаўся ў Заслаўскую гімназію Мінскага раёна. Навучэнцы 11 “А” класа ў гэты дзень здавалі англійскую мову. Для іх гэта быў ужо трэці, перадапошні, экзамен.

Нягледзячы на хвалюючую падзею, атмасфера ў гімназіі была вельмі спакойнай і добразычлівай. У сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй выпускнікі прыходзяць на вусныя экзамены не ўсе адразу, а  невялікімі групамі. Гэта не толькі дазваляе не збірацца ў адным месцы вялікай колькасці людзей, але і засцерагае ад лішніх хваляванняў. Як патлумачыў дырэктар гімназіі Аляксандр Аляксандравіч Даманаў, практыкавалі падобнае і раней: вучні прыходзілі на экзамен дзвюма групамі, для таго каб атмасфера была больш спакойнай. Зараз жа такіх груп стала яшчэ больш. Так, на экзамен па англійскай мове адзі­наццацікласнікі прыходзілі па чатыры чалавекі. Кожнай наступнай чацвёрцы час назначаўся на паўгадзіны пазней. Важнасць моманту, безумоўна, адчувалася. У той жа час, дзякуючы такой меры, лю­дзей было няшмат, не было лішняй мітусні. Педагогі і гімназісты былі вельмі засяроджаныя, але спакойныя. І вось, нарэшце, першая чацвёрка, у якую ўвайшлі два юнакі і дзве дзяўчыны, зайшла ў кабінет. Іх чакала некалькі заданняў па замежнай мове: чытанне, аўдзіраванне і падрыхтаванае (па тэме білета) і непадрыхтаванае (па пытаннях) гаварэнне.

Гімназісты гэтага профільнага класа на павышаным узроўні вывучалі англійскую мову і матэматыку. Пяць разоў на тыдзень у іх былі ўрокі па гэтых прадметах. Акрамя таго, маладыя людзі наведвалі факультатывы. Па замежнай мове факультатыўны курс называўся “Лексіка-граматычны практыкум”. На ўроках жа дзеці займаліся ў дзвюх групах у педагогаў Наталлі Дзмітрыеўны Мілёхінай і Таццяны Леанідаўны Літарэвіч. А яшчэ гімназісты мелі магчымасць удасканальваць замежную мову, стаўшы ўдзельнікамі англійскага тэатра Joy, кіраўнікамі якога з’яўляюцца Наталля Дзмітрыеўна Мілёхіна і Таццяна Іванаўна Запека.

— Да выпускных экзаменаў па ўсіх прадметах юнакі і дзяўчаты рыхтаваліся сур’ёзна, — адзначыла настаўніца беларускай мовы класны кіраўнік 11 “А” класа Наталля Аляксандраўна Руткевіч. — Зараз адчуваюць сябе даволі спакойна і ўпэўнена. Напэўна, больш за ўсіх хвалююся я. Аднак, думаю, усё будзе добра. Сярэдні гадавы бал класа склаў 9,2. Тэндэнцыя назіраецца станоўчая: за экзаменацыйны перыяд гэты паказчык можа стаць яшчэ вышэйшым. На экзамене па беларускай мове 5 чалавек пацвердзілі свой бал, астатнія павысілі. Экзамен па матэматыцы таксама прайшоў без непрыемных момантаў: сваёй адзнакі ніхто не знізіў. Між іншым у дваіх навучэнцаў дзясяткі па гэтым прадмеце. Спадзяюся, усё будзе ў парадку і сёння. Англійскую мову вывучалі на павышаным узроўні. Многія збіраюцца здаваць ЦТ па гэтым прадмеце, таму рыхтаваліся ўзмоцнена.

Тым часам з кабінета, дзе праходзіў экзамен, выйшла дзяўчына. Настасся Юдо адказвала першай і ўжо можа ўздыхнуць з палёгкай. Як высветлілася, перад экзаменам яна амаль не хвалявалася і была ўпэўнена ў сабе. Сакрэт такога нас­трою — у сістэматычнай падрыхтоўцы. Дзяўчына разумела: усё, што ад яе патрабуецца на экзамене, не новае, увесь матэрыял падрабязна разбіралі на ўроках, а затым паўтаралі. Да таго ж з білетам пашанцавала.

— Мне трэба было расказаць пра мастацтва, — падзялілася ўражаннямі Насця Юдо. — Тэма для мяне блізкая і цікавая. А калі ёсць што сказаць па-руску, то скажу і па-англійску. Сваім адказам у цэлым я задаволена. Застанецца здаць яшчэ адзін экзамен у гімназіі. Пасля чакаюць ЦТ па беларускай мове, матэматыцы і хіміі. Я хачу стаць кулінарам-тэхнолагам. Пачала гатаваць ежу і настолькі захапілася, што менавіта з гэтай сферай вышарыла звязаць жыццё.

Размову працягнуў Арцём Сокал. Ён таксама быў упэўнены ў сваіх ведах і ў тым, як адказаў на экзамене.  Арцём спадзяецца, што неўзабаве ў яго руках будзе не толькі атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі, але і залаты медаль. Сёлета, каб больш часу прысвячаць вучобе, юнак на час адклаў любімую справу: ужо 13 гадоў ён займаецца бальнымі танцамі, удзель­нічаў у чэмпіянаце Беларусі, з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту.

— Зараз самая важная справа, ад якой залежыць далейшае жыццё, — стаць студэнтам жаданай ВНУ, — падкрэсліў Арцём. — Таму ў прыярытэце ўвесь год была вучоба. Мне важна, каб у будучыні ў мяне была перспектыўная работа, нясумная і па душы. Без англійскай мовы ў наш час не абысціся. Мне цікава яе вывучаць, таму наведваў яшчэ і факультатыўныя заняткі. Што да іншых прадметаў, то больш за ўсё мне падабаюцца гісторыя і матэматыка. А ЦТ буду здаваць па англійскай і беларускай мовах, матэматыцы і фізіцы.

У гэты ж час на другім паверсе гімназіі 11 “Б” клас здаваў экзамен па гісторыі Беларусі. Тут таксама ўсё было прадумана да дробязей і праходзіла роўна і спакойна. Адметна, што некаторых чакалі прыемныя сюрпрызы. Так, пакуль Іван Лукомскі быў на экзамене, у гімназію прыляцела навіна: юнак стаў пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу
“незаВЕРШаныЯ творы”. Дырэк­тар чакаў маладога аўтара, каб паведаміць аб выніках конкурсу і павіншаваць і са здачай экзамену, і з творчай перамогай. Кожнае дасягненне гімназістаў — вялікая ра­дасць для педагагічнага калектыву!

Пасля апошняга экзамену і выпускнога балю на працягу пяці дзён у Заслаўскай гімназіі будзе ісці падрыхтоўка да ЦТ. Папярэдне было праведзена анкетаванне выпускнікоў, для таго каб максімальна задаволіць усе іх патрэбы. Большасць навучэнцаў паведамілі, што збіраюцца наведваць кансультацыйныя заняткі па падрыхтоўцы да ЦТ менавіта ў сваёй навучальнай установе.

— Найбольш запатрабаванымі аказаліся такія прадметы, як беларуская і англійская мовы, матэматыка, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Заслаўскай гімназіі Аляксандра Мікалаеўна Маркіна. — Некалькім вучням патрабуюцца кансультацыі па фізіцы, грамадазнаўстве, гісторыі і біялогіі. На падставе вынікаў анкетавання быў складзены расклад. Увесь спектр неабходных прадметаў ахоплены.

На кансультацыях упор будзе рабіцца на індывідуальную работу, таму па прадметах, на якія запісалася шмат жадаючых, выпускнікі бу­дуць падзелены на невялікія групы, не больш за 7 чалавек. З выпускнікамі будуць займацца педагогі  вышэйшай катэгорыі, вучні якіх станавіліся пераможцамі розных этапаў рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. У гімназіі аказваецца і псіхалагічная дапамога: каб настроіць маладых людзей на паспяховую здачу ўсіх іспытаў, педагог-псіхолаг Інеса Янушаўна Лузан штогод у гэты час ладзіць з імі трэнінгі.

Наталля Аляксандраўна Руткевіч будзе праводзіць заняткі па беларускай мове. Работу яна ўжо спланавала да дробязей, каб гэты час выкарыстаць максімальна карысна. Настаўніца па вопыце мінулых гадоў ведае, што такія заняткі эфектыўныя, дапамагаюць сістэматыза­ваць веды, толькі працаваць трэба з невялікімі групамі вучняў, каб удзяліць увагу кожнаму.

Сёлетняя выпускніца Наталля Міцько рыхтуецца да паступлення на юрыдычны факультэт. Яна будзе здаваць ЦТ па беларускай і англійскай мовах, матэматыцы і грамадазнаўстве. У цэлым дзяўчына адчувае сябе ўпэўнена, бо старанна працавала і на ўроках, і на факультатывах, і самастойна.  Кансультацыі перад ЦТ у гімназіі яна плануе наведваць па ўсіх чатырох прадметах. Рада, што ў гэты адказны перыяд ёсць магчымасць працягнуць займацца пад кіраўніцтвам сваіх жа настаўнікаў.

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара.