На педагагічнай перадавой

- 14:53Навіны рэгіёнаў, Рознае
У рэгіёнах Брэстчыны прайшлі конкурсы прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года”. Падчас іх вызначыліся ўдзельнікі абласнога этапу спаборніцтва, якое адбудзецца ў лютым — сакавіку.

На Камянеччыне ў раённым этапе конкурсу за перамогу змагаліся 12 лепшых педагогаў — 9 настаўнікаў і 3 выхавальнікі дашкольных устаноў. Работу канкурсантаў ацэньвала журы з ліку метадыстаў і спецыялістаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кіраўнікоў і педагогаў школ і дзіцячых садкоў.
Падчас завочнага этапу спаборніцтва ўдзельнікі прэзентавалі сябе з дапамогай мультымедыйных рэсурсаў. Затым на працягу тыдня педагогі праходзілі шэраг вочных іспытаў. Так, першы конкурсны дзень пачаўся з творчага прадстаўлення на сцэне сярэдняй школы № 2 Камянца, дзе ўдзельнікі выступалі ў ролі спевакоў, танцораў і акцёраў. Наступным конкурсным выпрабаваннем стала прэзентацыя і абарона адукацыйных праектаў. Удзельнікі расказвалі, як працуюць над павышэннем якасці адукацыі, выхоўваюць юных патрыётаў, развіваюць у школьнікаў чытацкія ўменні і інш.
На працягу трох дзён канкурсанты дэманстравалі прафесійнае майстэрства на адкрытых уроках і занятках у сярэдніх школах №№ 1 і 2 і яслях-садах №№ 1 і 2 Камянца. Пасля гэтага ўдзельнікаў чакалі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне і паказ сваіх захапленняў. Апошняе мерапрыемства нагадвала сапраўдны спектакль з удзелам педагогаў-акцёраў, якія ўзнялі настрой усім гледачам.
Падводзячы вынікі конкурсу, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму В.М.Грыцук адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў, выказаў спадзяванне на іх далейшы прафесійны рост, падзякаваў журы за якасную работу.
Пераможцы вызначаліся ў 4, а не 7 намінацыях, паколькі на астатнія не было пададзена ніводнай заяўкі. Лепшымі педагогамі прызнаны выхавальніца Алена Уладзіміраўна Бортнік з Белавежскага ясляў-сада, настаўніца пачатковых класаў Іна Васільеўна Малажавая з сярэдняй школы № 2 Камянца, настаўніца рускай мовы і літаратуры Святлана Уладзіміраўна Рагожына з Белавежскай сярэдняй школы і настаўніца хіміі Аксана Анатольеўна Алексяюк з гімназіі Камянца. Пераможцы ўзнагароджаны граматамі і каштоўнымі падарункамі (планшэтамі).

На Маларытчыне фінальныя спаборніцтвы конкурсу праходзілі на базе раённай гімназіі. Дагэтуль удзельнікі праводзілі адкрытыя ўрокі ў сваіх і незнаёмых класах, рыхтавалі відэаўрокі, пісалі педагічныя эсэ і абагульнялі вопыт педагагічнай дзейнасці. Падчас фіналу 7 канкурсантаў рабілі творчыя самапрадстаўленні з выкарыстаннем мультымедыйных рэсурсаў і адказвалі на пытанні педагагічнай размінкі. Шмат цёплых слоў пра ўдзельнікаў сказалі са сцэны іх калегі і вучні.
— Конкурс пераканаў, што на Маларытчыне працуе шмат таленавітых, творчых і эрудзіраваных педагогаў, шчыра адданых свайму прызванню, здольных працаваць на высокім узроўні. Кожны ўдзельнік прадэманстраваў прафесіяналізм, педагагічную кампетэнтнасць, вернасць абранай прафесіі і бязмежную любоў да дзяцей, — адзначыла начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.М.Лаўрэенка.
На абласным этапе конкурсу Маларытчыну будуць прадстаўляць настаўнік матэматыкі Мікалай Паўлавіч Клебановіч з Лукаўскай сярэдняй школы, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Андрэеўна Асіпук з Маларыцкай раённай гімназіі, настаўніца музыкі і спеваў Леся Васільеўна Уласюк з сярэдняй школы № 1 Маларыты і музычны кіраўнік Людміла Адамаўна Сарачук з ясляў-сада № 4 Маларыты.

На Століншчыне конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў праводзіўся сярод выхавальнікаў дашкольных устаноў. У спаборніцтве ўдзельнічалі 13 педагогаў, з якіх у фінал выйшлі 4: Святлана Мікалаеўна Крым з ясляў-сада № 1 Століна, Таццяна Сцяпанаўна Шарова з Рэчыцкага ясляў-сада № 2, Галіна Аляксандраўна Дульская з Рэчыцкага ясляў-сада № 3 і Ганна Паўлаўна Гром з Альшанскага ясляў-сада № 1.
Адкрываючы мерапрыемства, галоўны спецыяліст раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму В.В.Марчанка падзякавала выхавальнікам за тое, што яны застаюцца вернымі выбранай справе і павышаюць прафмайстэрства ў выхаванні малышоў.
Фіналісты расказвалі пра сябе і педагагічную дзейнасць, якую ажыццяўляюць пад дэвізам “Навучаючы, выхоўваю”. Так, С.М.Крым з’яўляецца не толькі трэнерам атрада касманаўтаў (калі дзеці ідуць на зарадку), але і інспектарам ДАІ (калі малышы накіроўваюцца на прагулку), і Мэры Попінс (у час абеду).
Г.А.Дульская прызналася, што не можа размежаваць асабістае жыццё і работу. Педагог актыўна выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці сучасныя гульнявыя і здароўезберагальныя тэхналогіі, элементы мадэлявання і праектны метад. Акрамя таго, выхавальніца з’яўляецца членам клуба “ТРВЗ”.
На працягу рабочага дня Г.П.Гром выступае ў розных вобразах. Выхавальніца імкнецца знайсці ключык не толькі да кожнага дзіцяці, але і да іх бацькоў. І калі выхаванцы педагога становяцца школьнікамі, то не забываюць дарогу ў дзіцячы сад да любімай Ганны Паўлаўны, якой заўсёды ёсць пра што расказаць.
Т.С.Шарова лічыць, што павінна быць для малышоў і сябрам, і мамай, і чараўніком, і мастаком, і… дзіцем. Шлях да сэрца выхаванцаў, упэўнена Таццяна Сцяпанаўна, ляжыць праз гульню. Педагог імкнецца выклікаць у душах дашкольнікаў любоў да роднага краю, прыроды, дома.
Пераможцай конкурсу стала Г.А.Дульская з Рэчыцкага ясляў-сада № 3.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.