На п’едэстале — суперфіналісты

- 12:15Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Учора ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі сем лепшых настаўнікаў краіны дэманстравалі свае самыя яркія педагагічныя якасці. Гэта быў апошні этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014” — суперфінал, у якім ішла барацьба за права валодаць “Крыштальным жураўлём”.

У суперфінал выйшлі:
Іна Рычардаўна Віннік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці;
Наталля Дзмітрыеўна Грушко, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 Мінска;
Віктар Эдуардавіч Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна Мінскай вобласці;
Таццяна Мікалаеўна Залеўская, выхавальніца ясляў-сада № 19 “Пралеска” Жодзіна Мінскай вобласці;
Святлана Усцінаўна Мацулевіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Глыбокага Віцебскай вобласці;
Уладзімір Вячаслававіч Цымановіч, настаўнік інфарматыкі базавай школы № 10 Наваполацка Віцебскай вобласці;
Ірына Баляславаўна Хаданёнак, настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 1 Наваполацка Віцебскай вобласці.
За плячыма канкурсантаў напружаны тыдзень барацьбы, і сямёрка лепшых (па адным у кожнай намінацыі) была вызначана па выніках прадстаўлення сістэмы педагагічнай дзейнасці “Навучаючы, я выхоўваю”, самапрадстаўлення, педагагічнага і псіхалагічнага тэсціравання, конкурснага ўрока, конкурснага майстар-класа.
Суперфіналістам жа давялося прайсці яшчэ праз тры конкурсныя іспыты. Сваю педагагічную сталасць і прафесіяналізм яны дэманстравалі падчас міні-ўрока, натхнёнасць і пранікнёнасць прафесіяй — падчас публічнага выступлення, кемлівасць — на прэс-канферэнцыі.
Прызнацца, усе тры этапы суперфіналу былі цікавымі і непрадказальнымі. Кожны з сямі суперфіналістаў — адметны, самабытны настаўнік, здольны на любы педагагічны подзвіг дзеля сваіх вучняў. Гэта было відавочна падчас міні-ўрока, тэмай якога стала “Разумею цяпер, чаму”.
Напрыклад, у Іны Рычардаўны Віннік атрымаўся філасофскі і пранікнёны ўрок. Яна разам са сваімі вучнямі-канкурсантамі гаварыла пра адчуванні і акалічнасці, пра мары і шансы, якія суправаджалі канкурсантаў падчас тыднёвага марафону ў барацьбе за перамогу.
Віктар Эдуардавіч Жук праз прызму гісторыі паказаў сваім калегам, што конкурсная барацьба зрабіла кожнага канкурсанта яшчэ больш яркім, упэўненым і творчым педагогам. Усім вядома, што толькі моцная асоба здольна выхаваць сапраўдную асобу ў вучні. І сваё прызначэнне настаўнік бачыць у тым, каб “адчыняць дзверы таму, хто ўпарта крычыць: “Чаму?” (радок з яго ўласнага верша).
Пры ацэнцы гэтага конкурснага іспыту журы брала пад увагу адпаведнасць зместу ўрока (заняткаў) прапанаванай тэме; выяўленасць вядучай ідэі педагагічнай сістэмы канкурсанта; апору на вучэбны змест прадмета (напрамку і дзейнасці); мэтазгоднасць форм арганізацыі; эфектыўнасць дзейнасці навучэнцаў; арыгінальнасць, нестандартнасць педагагічных рашэнняў, дзеянняў. Зразумела, што ўсе суперфіналісты пры арганізацыі міні-ўрока ўлічвалі гэтыя крытэрыі, але разам з тым яны змаглі ажывіць іх, удыхнуўшы свае педагагічныя перажыванні, здабыткі, роздум аб прафесіі і любоў да сваіх выхаванцаў.
Такім жа жывым, эмацыянальным і пераканаўчым стала і публічнае выступленне, тэма якога гучала гэтак жа пранікнёна — “З надзеяй, верай і любоўю”. Усе суперфіналісты прадэманстравалі не толькі ўменне кіраваць увагай аўдыторыі, выразнасць маўлення, але і багаты педагагічны і асабісты ўнутраны свет.
Суперфінальны дзень закончыўся на вельмі прыемнай ноце — уручэннем падарункаў ад спонсараў конкурсу і вучнёўскага журы, якое вырашыла свой прыз (саву, сімвал мудрасці) аддаць Віктару Эдуардавічу Жуку.
У ліку спонсараў была і “Настаўніцкая газета”. Прызы атрымалі не проста канкурсанты, а самыя актыўныя аўтары “Настаўніцкай газеты”. Гэта Іна Рычардаўна Віннік, Святлана Міхайлаўна Каляда (настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна), Святлана Рыгораўна Пузіноўская (настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска), Алена Уладзіміраўна Ярашук (настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 16 Пінска). Вельмі спадзяёмся, што ў будучыні ў ліку нашых пастаянных аўтараў будуць усе 49 фіналістаў Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.