На подыуме — Мэры Попінс

- 12:16"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Высокія абцасы, грацыёзная пастава, бялюткі каўнер і сур’ёзны погляд — перада мной сапраўдная Мэры Попінс. Першыя восеньскія дажджы якраз прымусілі маю гераіню захапіць парасон, каб завяршыць вытанчаны вобраз казачнай нянькі. І занятак у яе адпаведны — вучыць юнакоў і дзяўчат грацыі і этыкету. Настасся Фадзееўна Мікуліч, кіраўнік народнага тэатра моды “Маладосць” — госць рубрыкі “Галерэя творцаў” — сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Тэатр моды вырас з ансамбля песні і танца “Маладосць”, які быў створаны яшчэ ў 1985 годзе і з 1992 года ўдала абараняў званне народнага. Зараз тэатр уключае ў сябе групу дэманстратараў вопраткі, а таксама танцавальны калектыў “Нон-стоп” і групу барабаншчыц, якую ведае ўжо ўвесь горад — без іх не абыходзіцца ні адно свята. Усе яны ўзнагароджаны дыпломамі Рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі”.

— Бацькі некаторых навучэнак проста патрабавалі, каб яны далучыліся да барабаншчыц, якіх сям’я аднойчы пабачыла на канцэрце ці фестывалі, — расказвае педагог-арганізатар Алена Пятроўна Лясько.

У каледж паступаюць вельмі непадобныя адно да аднаго хлопцы і дзяўчаты, бо навучанне тут вядзецца на чатырох кардынальна розных аддзяленнях: швейным, інфармацыйным, электрамеханічным і машынабудаўнічым. Таму сюды прыходзяць і мэтанакіраваныя выдатнікі, і менш матываваныя школьнікі.

— Для складаных навучэнцаў каледж — гэта магчымасць пачаць усё з чыстага ліста, — лічыць Алена Пятроўна. — Нашы выкладчыкі аднолькава ставяцца да ўсіх першакурснікаў, таму яны могуць раскрыцца, нават калі ў школе гэта не атрымалася.

Разам з магчымасцю праявіць сябе падлеткі маюць і выдатны прыклад перад вачыма — старэйшых навучэнцаў, якія ўжо не адзін год займаюцца ў Настассі Фадзееўны і пераймаюць звычкі сваёй Мэры Попінс. Дзяўчаты цікава і з густам апранаюцца і падбіраюць дарэчныя аксесуары, умеюць акуратна зрабіць макіяж і завяршыць свой вобраз прычоскай, якая пасуе да твару. Ветлівыя ў гутарцы і з пісьменным маўленнем, падчас інтэрв’ю яны трымаюць сябе як сапраўдныя лэдзі.

Заняткі тэатра моды праходзяць у актавай зале. Настасся Фадзееўна лёгкім жэстам паказвае, як трымаць галаву, і доўга тлумачыць складаны паварот. У верасні з’явілася шмат новых дзяўчынак, і трэба хутка падрыхтаваць абноўлены склад да найбліжэйшых паказаў, таму надоўга адрываць педагога ад працы не будзем.

Алена ЛАЎРЫНОВІЧ, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў навучэнцаў і студэнцкай моладзі НЦМТДіМ:

— Уся дзейнасць тэатраў моды — поле для інавацый і эксперыментаў. Гэты творчы напрамак дазваляе максімальна выкарыстоўваць сацыякультурны патэнцыял моладзі — шукаць і падтрымліваць творчыя ініцыятывы, апрабоўваць тое, што будзе модна, актуальна заўтра.

У сістэме прафесійнай адукацыі сем тэатраў моды, што маюць званне “народны аматарскі калектыў”. У кожнага з іх свой стыль у стварэнні калекцый і рэжысуры сцэнічных паказаў. Народны тэатр моды “Маладосць” вылучаецца вытанчанасцю ліній, у якой бачацца архітэктурныя вертыкалі сабораў Гродна, і канцэнтраванай неардынарнасцю, яркасцю, смеласцю, што набліжае выступленні тэатра да маладзёжных музычных кліпаў.

Жадаю і іншым калектывам — пераможцам Рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі” развіцця, высокіх дасягненняў і, па прыкладзе тэатра моды “Маладосць”, імкнення да звання народнага аматарскага калектыву.

— Настасся Фадзееўна, як вы трапілі на подыум?

— Я з дзяцінства займалася валейболам і двойчы станавілася чэмпіёнкай Беларусі. А ў 13 гадоў рэзка выцягнулася — падрасла на 10 см за 2 месяцы. Гэта дрэнна адбілася на здароўі, ад спорту прыйшлося адмовіцца. Некалькі месяцаў не ведала, куды сябе падзець. І, як зараз памятаю, 14 студзеня 1997 года маці за руку прывяла мяне ў мадэльнае агенцтва, якое арандавала памяшканне ў каледжа.

Дысцыпліна і адказнасць, выхаваныя спортам, дапамаглі паспяхова скончыць курс навучання і нават прыняць удзел у конкурсе прыгажосці. І ўжо на наступны год мяне запрасілі не проста працягнуць заняткі, а выкладаць. Я якраз скончыла школу і паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Руская філалогія”.

— Наколькі складана было выкладаць у 16 гадоў?

— Зразумела, я пачынала паступова. Спярша запамінала размінку, вучыла асновы дэфіле, правільнай падачы, усё запісвала і замалёўвала. І толькі пасля стала праводзіць заняткі.

Першыя часы я са сваім спартыўным мінулым не разумела, як можна не прытрымлівацца дысцыпліны і не рабіць так, як кажуць. Гэта ж так проста: выконваць пастаўленую задачу! Пасля зразумела, што ўсе розныя, некаторым трэба тлумачыць больш падрабязна. І, канечне, з’явілася юнацкае пачуццё асабістай значнасці: у свае 16—17 мне даводзілася рабіць заўвагі 25-гадовым мадэлям.

— Як пачалі працаваць у тэатры моды?

— Пакуль працавала, паспела там з усімі пазнаёміцца. І калі скончыла ўніверсітэт, агенцтва закрылася, а мяне запрасілі кіраваць тэатрам моды “Маладосць”. Тады ж, у 2004 годзе, я ўзначаліла тэатр моды “Дасканаласць” у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце.

Да гэтай працы я была цалкам гатова: быў вялікі вопыт паказаў, пастановак, былі нарыхтоўкі ў галаве. Ужо тады магла, паглядзеўшы на чалавека, сказаць, які вобраз яму пасуе: лірычны, вамп, агрэсіўны, авангард, класіка. Ужо ведала, як не перавучваць дзяўчынку, а знайсці тое, што ў ёй закладзена прыродай, і даць гэтаму расквітнець.

— Прыгадайце свой самы запамінальны паказ.

— Гэта аднаразовая папяровая калекцыя “Імператрыца”, якую мы паказвалі якраз у 2004 годзе. Сукенкі з рулонаў шпалер у сярэдневяковым стылі клеілі на “гарсэт” са скотчам і распісвалі адразу на мадэлях гадзіны за 4 да паказу. Першую частку дэфіле яны рабілі рэверансы, кніксены і элементы тагачасных танцаў. Але раптам палацавая музыка мянялася на гул сірэн, мігала святло — і дзяўчаты рвалі адна на адной гэтыя папяровыя сукенкі, абліваліся вадой. У гэтым быў авангард: канфлікт, выклік, яскравы кантраст.

— Адкуль у вас такія нестандартныя ідэі? Дзе шукаеце натхненне?

— Я пастаянна гляджу паказы ў інтэрнэце і сваім дзяўчынкам рэкамендую глядзець лепшыя — парыжскія, міланскія — фэшн-шоу. Асабліва люблю паказы маладога Жана-Поля Гацье. Аднойчы ён замяніў подыум на імітацыю кафэ з калонамі, у якое па дзвюх лесвіцах спускаліся мадэлі. Яны проста сядзелі за столікамі і гутарылі, а пасля, быццам не згаворваючыся, праходзілі па подыуме-дузе. Сапраўдны тэатр на сцэне!

Пастаянна наведваю беларускія конкурсы прыгажосці: наша краіна дае вельмі якасны мадэльны матэрыял, на подыумах расказваюць сапраўдныя гісторыі.

Яшчэ адна крыніца натхнення — сутворчасць з калегамі. Я ўжо некалькі гадоў з’яўляюся рэжысёрам дэфіле Grodno Fashion Show, дзе мы працуем з выкладчыкамі і дырэктарамі мадэльных агенцтваў: праглядаем і абмяркоўваем пастаноўкі адно аднаго, абменьваемся вопытам правядзення дэфіле, у тым ліку замежных.
Лічу, што неабходна паглыбляць веды не толькі ў сваёй сферы, але і ў сумежных галінах, таму пастаянна хаджу ў тэатр, слухаю музыку, наведваю сваіх калег на іх занятках па харэаграфіі. А яшчэ сачу за развіццём вядомых акцёраў, грамадскіх дзеячаў — тых, хто паспяхова рэалізоўвае сябе і пры гэтым падтрымлівае статус іконы стылю.

Вольга Сарэла, выпускніца каледжа, удзельніца тэатра моды і аўтар уласнай калекцыі “Пава”:

— Я натхнілася вышыўкай рышалье, якую мне паказала бабуля, і захацела зрабіць уласную калекцыю. Абмеркавала з выкладчыкамі цэнтральную мадэль і пачала распрацоўку эскізаў. Настасся Фадзееўна падключаецца ўжо на гэтай ступені, можа даць параду ці нешта паказаць. Пасля — год складанай працы. Калі калекцыя гатова, навучэнец-мадэльер сам прапануе тэатру музыку для дэфіле. Так Настасся Фадзееўна разумее, якімі вобразамі натхняецца аўтар і які настрой хоча стварыць на паказе.

Я даўно займаюся ў тэатры, таму мне дазволілі яшчэ і самой падрыхтаваць пастаноўку. Вопыт у мяне ёсць, бо я ўжо рабіла дэфіле на выязных конкурсах, напрыклад, на польскай “Бурштынавай ігле”: ты прыязджаеш у незнаёмае месца і ў цябе ёсць некалькі гадзін, каб пазнаёміцца са сцэнай і прадумаць дэфіле. Дзякуючы заняткам у Настассі Фадзееўны, нават з такой задачай я магу справіцца. А зараз, працуючы мадэльерам-канструктарам, дапамагаю праводзіць фотасесіі ў вопратцы кампаніі.

— Давайце пагаворым пра вашых выхаванцаў. Хто займаецца ў тэатры?

— У нас ёсць два напрамкі — гэта група для ўсіх жадаючых і асноўны склад, які выступае на паказах. У яго трапіць складаней: адбіраем па жорсткіх стандартах, якія нам дыктуюць міжнародныя фестывалі моды і конкурсы прыгажосці. Да характару таксама прыглядаемся. Бывае праблематычна, напрыклад, прымераць на дзяўчынку пэўны вобраз, бо ў 15 гадоў усе ўпэўнены, што лепш ведаюць, што ім пасуе. Нядаўна перад паказам дзяўчынка нават заплакала, бо, па задумцы, ва ўсіх павінна быць прычоска — высокі хвост, а ёй так быццам бы непрыгожа.

Галоўнае ў такіх выпадках — не ціснуць. Першы час мы ўвогуле дэманстратыўна “губляем прытомнасць” ад таго, якая дзяўчынка прыгожая, і наперабой расказваем, які вялізны патэнцыял мы, прафесіяналы, бачым, калі яна ў гэтым непрывычным вобразе! (Смяецца.)

— Тэатр дэманструе і мужчынскую вопратку. Як заманьваеце ў “фэшн” хлопчыкаў?

— Калі запрашаю на кастынг, яны, зразумела, аднекваюцца. Упрошваю на адну праходку па подыуме, не мадэльную. Чаму не паспрабаваць нешта новае? Праходзяцца, я дзякую і адпускаю іх назад на заняткі. “Як дзякуй? А мы кастынг прайшлі?” Хітрую: “Давайце яшчэ раз прайдзіцеся, трэба ўдакладніць дэталі”. Калі яны пабудуць на сцэне, абавязкова захочацца яшчэ. Да таго ж многія з іх жадаюць займацца, проста саромеюцца сказаць пра гэта.

І яшчэ адзін нюанс у рабоце з хлопчыкамі. Калі ідзе рэпетыцыя мужчынскага дэфіле, у зале не павінна быць ні адной дзяўчынкі. А на сумесных занятках заўсёды прашу дзяўчынак трымаць эмоцыі пры сабе, бо хлопцы саромеюцца ацэнкі супрацьлеглага полу — гэта трэба ўлічваць.

— Як змагаецеся з зорнай хваробай?

— Проста не бяром на паказы. Калі глядзіш на іншага ў вопратцы, якую звычайна прадстаўляў ты сам, зорная хвароба хутка праходзіць.

— А ёсць правіннасці, якія не даруеце?

— Канечне, першы “смяротны грэх” — жвачка на сцэне. Другі — прыйсці на паказ без падрыхтоўкі. Мы заўсёды падрабязна прагаворваем, якімі павінны быць прычоска і макіяж, як гэтага дасягнуць і да каго звярнуцца па дапамогу. Трэцяе правіла: спазніцца на паказ = не з’явіцца. Нават калі мадэлі пашанцавала, наша дэфіле затрымалі і яна паспела на сцэну, гэта будзе яе апошні выхад.

Непрафесійнага стаўлення да справы мы не даруем, бо званне народнага калектыву прымушае пастаянна дэманстраваць пэўныя вынікі і трымаць узровень.

— Як мяняюцца выхаванцы за гады заняткаў?

— У мяне займаюцца навучэнцы з розным лёсам. Ёсць і такія, каго майстар прыводзіць за руку пасля савета прафілактыкі. Пачынаецца доўгая метадычная праца. І паступова праз паўгода ці год дзяўчынка адмаўляецца ад слэнгу і ненарматыўнай лексікі, пачынае цікавіцца рэпетыцыямі. На вуснах з’яўляецца памада, рукі дагледжаныя, прычоска акуратная, вопратка “з малюнка”. Гэта асабліва каштоўная трансфармацыя. Ты разумееш, што выканала праграму-максімум!

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.