На правах лідара

- 13:44Адукацыйная прастора

Кожны педагог імкнецца выхаваць дзяцей, гатовых браць на сябе адказнасць, весці за сабой равеснікаў і станавіцца для іх прыкладам. Як у школьнікаў гэта атрымліваецца, вось ужо шосты год запар вызначае Рэспубліканскі агляд-конкурс “Лідар года”. Сёлета конкурс быў прысвечаны 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і Году малой радзімы. Днямі ў Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры, дзе і праводзіўся ў анлайн-фармаце фінал конкурсу, былі агучаны імёны пераможцаў і прызёраў. Па выніках трох конкурсных этапаў — стварэнне відэароліка “Адзін дзень з жыцця лідара”, самапрэзентацыя і прадстаўленне свайго сацыяльна-значнага праекта — абсалютную перамогу атрымалі Ян Мікалайчык, 11-класнік з сярэдняй школы № 2 Рэчыцы Гомельскай вобласці, і Хрысціна Прышчэпава, 10-класніца з сярэдняй школы № 12 Віцебска. Знаёмімся з імі.

Разам супраць булінгу

Ян Мікалайчык з дзяцінства прымае ­ўдзел ва ўсіх конкурсах і мерапрыемствах, заваяваў мноства кубкаў, дыпломаў — іх ужо складана палічыць. Асабліва шмат узнагарод у спорце. Ян 10 гадоў займаецца футболам і з’яўляецца капітанам сваёй каманды. Сярод апошніх узятых вышынь — перамога ў абласных спаборніцтвах і ў першай лізе Рэспублікі Беларусь па футболе, 1-е месца ў Міжнародным турніры па футболе і ажно 6 перамог у міжнародных турнірах па міні-футболе.

“Лідарства — гэта не колькасць заваяваных узнагарод, не нагода выхваляцца сваімі дасягненнямі, — разважае хлопец і, прадстаўляючы сваё разуменне гэтага слова, дадае: — Лідарства — не пустыя словы, якія трэба прамовіць са сцэны, не хвала, а зробленыя справы. Самае важнае для лідара — яго каманда”.

Менавіта разам са сваёй камандай Ян і стараецца зрабіць свет крыху лепшым. Арганізоўваючы органы вучнёўскага самакіравання, ён ставіў мэту дапамагаць людзям, навучэнцам і ўсім тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Так у іх нара­дзілася традыцыя прыбіраць прыдамавую тэрыторыю пенсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і цяжкахворых.

“Для нас гэта ўсяго толькі некалькі гадзін вольнага часу, а для гэтых людзей — велізарная падмога ў непасільнай для іх працы”, — кажа Ян.

Не забываюць падлеткі і пра бяздомных жывёл, ратуючы іх ад голаду і холаду. Як могуць змагаюцца і з забруджваннем навакольнага асяроддзя: разам выходзяць на штомесячныя су­ботнікі. Школа Яна — адна з самых актыўных школ Рэчыцы. КВЗ, чырлідынг, лепшыя відэаролікі і пастаноўкі, удзел у гарадскіх мерапрыемствах і канцэртах — усё гэта ўжо стала неад’емнай часткай яго жыцця.

Але галоўную сваю задачу Ян бачыць у тым, каб навучыць дзяцей сябраваць. Ён кіраўнік савета старшакласнікаў, і часта да яго звяртаюцца па дапамогу і падтрымку. Таму яго каманда рыхтуе мерапрыемствы, якія накіраваны на паляпшэнне ўзаемаадносін паміж вучнямі ў класе, імкнецца выкараніць усялякае цкаванне і негатыў, падаючы прыклад малодшым дзецям. Гэтая ідэя і лягла ў аснову яго сацыяльна-значнага праекта.

“Праходзячы неяк па школе, я заўважыў двух хлопчыкаў, якія б’юцца. Адзін казаў у адрас другога крыўдныя рэчы, прыніжаў і абражаў, — расказвае прадгісторыю Ян. — У той момант я падумаў: галоўнае — не прайсці міма. Тады я яшчэ не ведаў магчымых спосабаў вырашэння канфлікту, не разумеў, як дзейні­чаць правільна. Я проста разняў іх. Пазней я задумаўся над тым, што зрабіць, каб у будучыні іх канфлікт не паўтарыўся. Я ўспомніў сябе, тры школы, у якіх я вучыўся. Сітуацыі булінгу я бачыў з трох розных бакоў: як назіральнік (бачыў, як чалавеку складана адка­заць, як без падтрымкі ён замыкаецца, губляе ўпэўне­насць у сабе), як ахвяра (мяне крыўдзілі, і я хацеў бы адказаць, але заўсёды баяўся, не ведаў, што рабіць і да каго звярнуцца па дапамогу), быў і ў ролі таго, хто правакаваў цкаванне (калі ты робіш гэта, адчуваеш сябе ўпэўненым, моцным, маеш падтрымку аднакласнікаў, але пачуццё перавагі хутка знікае і застаецца пустата і расчараванне). З усяго гэтага я зрабіў выснову, што ёсць і чацвёрты ­ўдзельнік сітуацыі булінгу — той, хто можа падтры­маць ахвяру цкавання, не прайсці міма, у рэшце рэшт спыніць булінг, аказаўшы дапамогу і агрэсару, і пацярпеламу. На савеце старшакласнікаў мы ўзнялі гэтую тэму. Аказалася, не адзін я быў зацікаўлены ў вырашэнні падобных сітуацый: праблема цкавання ў той ці іншай ступені закранула кожнага. Амаль кожны з нас сутыкаўся з цкаваннем у школе, толькі выяўлялася гэта па-рознаму. “Дзеці заўсёды абзываюць адно аднаго”, “Пабіліся — самі разбяруцца” — як часта ўсе мы чулі гэтыя словы! Цяпер мы ўсё робім для таго, каб цкаванне перастала ўспрымацца як норма. І мы вырашылі дзейнічаць! Так нарадзіўся наш праект “Права выбару”. Усімі сіламі мы стараліся паказаць дзецям негатыўныя наступствы булінгу: праводзілі мерапрыемствы, рабілі пастаноўкі, знялі відэаролік, які адлюстроўвае ўсю сутнасць цкавання ў школе і паказвае дзецям, як выглядаюць сітуацыі булінгу збоку. Гэты ролік мы часта выкарыстоўваем у мерапрыемствах і гутарках”.

Ян перакананы: каб пазбавіцца цкавання, агрэсіі, уплыву груп у сацыяльных сетках і булінгу ў цэлым, трэба не замоўч­ваць праблему, не закрывацца ў сабе, папрасіць дапамогі, калі яна неабходная, а навакольным неабходна ўмець праявіць спачуванне і аказаць падтрымку. З дапамогай псіхолага школы Ян распрацаваў тэматыку 9 заняткаў, якія праводзяцца па прынцыпе “роўны навучае роўнага”, бо ён упэўнены: аднагодкам ці крыху старэйшым прасцей адкрыцца, чым дарослым. На працягу гэтага навучальнага года Ян з камандай правёў заняткі ва ўсіх класах, падзяліўшы іх на невялікія групы.

“Кожны трэнінг складаўся з 4 — 6 гульнявых практыкаванняў. Прайграўшы сітуацыю, дзеці ведаюць, як дзейнічаць у рэальным жыцці. Яны вучацца бачыць сябе збоку, прымаць свае моцныя і слабыя бакі. Тут няма месца абразе і ацэнцы іншага чалавека: кожны глядзіць на сябе, — расказвае хлопец. — Мы не павінны заставацца абыякавымі, заплюшчваць вочы на праблемы і праходзіць міма. Агульнымі намаганнямі мы зможам многае, я пераканаўся ў гэтым на асабістым прыкладзе. Усе мы розныя, але мы роўныя”.

Мінулае для будучыні

Хрысціна Прышчэпава з Віцебска шмат свайго вольнага часу прысвячае таму, каб нагадаць сваім равеснікам пра гераічнае мінулае іх дзядоў і пра­дзедаў. Яна прымае ўдзел у розных конкурсах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Напрыклад, 10 гадоў запар яна атрымлівае перамогі і гран-пры на раённым конкурсе чытачоў “Дарогі лёсу — дарогі Перамогі!”. Акрамя таго, яна прымае ўдзел у маладзёжным марафоне “75”, акцыі “Беларусь памятае” і інш. Дзякуючы Хрысціне, партрэт яе прадзядулі і інфармацыя пра яго будзе размешчана ў віртуальнай Кнізе памяці.

“Я ўпэўнена, што, толькі ведаючы сваю гісторыю, адчуваючы гордасць за Радзіму, можна разлічваць на заўтра, — гаворыць дзяўчына. — Я бачу, што некаторыя мае равеснікі мала веда­юць пра людзей, дзякуючы якім мы жывём пад мірным небам. Мне здаецца, што наш абавязак — хаця б расказаць у будучыні сваім дзецям пра нашых прадзядуляў, каб і нашы дзеці таксама ўмелі цаніць мірнае неба. Калі я пачынала свой праект па вывучэнні гісторыі горада па мемарыяльных дошках, я бачыла па сваіх аднакласніках, што ім гэта таксама стала цікава”.

Абгрунтоўваючы актуаль­насць свайго праекта, Хрысціна красамоўна напісала ў яго прэзентацыі: “Усё далей сыходзіць у гісторыю час, абпалены Вялікай Айчыннай вайной. Сыходзіць пакаленне яе салдат. Але не сыхо­дзіць, не можа, не павінна сысці, пакінуць нас памяць аб той вайне. Бо ў гэтай памяці — і вечны наш абавязак перад загінуўшымі, і падмурак нашай сілы, і веліч нашай будучыні. Жыхары Віцебска свята захоўваюць па­мяць пра адважных салдат Вялікай Айчыннай вайны. Іх яркія дзіўныя лёсы — жывая канва нашай гісторыі, увасобленая на мемарыяльных дошках. У іх — вечная, жывая, непаўторная гісторыя нашай Ра­дзімы, роднай Беларусі і роднага горада. Дзеля нашага мінулага, сучаснасці і будучыні, дзеля таго, каб у нас не было “непамятаючага” пакалення, я стала ініцыятарам сацыяльнага праекта “По­дзвігам славутыя твае землякі”.

У каманду Хрысціны ўвайшлі педагогі Іна Васільеўна Талкачова і Галіна Анатольеўна Герасіменкава і 6 навучэнцаў 10 і 11 класаў, якія зацікавіліся і натхніліся ідэяй праекта Хрысціны. Разам яны сабралі і сістэматызавалі інфармацыю пра мемарыяльныя дошкі Віцебска, стварылі інтэрактыўную мультымедыйную прэзентацыю “Подзвігам славутыя твае землякі”. Для самых маленькіх гараджан школьнікі распрацавалі квест-буклет “Памяці герояў будзь дастойны!”, дзе змясцілі шмат цікавых развіццёвых заданняў па вывучэнні гісторыі горада. Акрамя таго, яны распрацавалі аднайменны макет інфармацыйнага стэнда і распрацавалі адукацыйны турыстычны маршрут “Творцы Перамогі: ад радавога да маршала”.

“Нядаўна мы звярнуліся ў адну з буйных турыстычных фірм Віцебска з прапановай рэалізаваць наш турыстычны маршрут. Прыемна, што спецыялісты гэтай фірмы зацікавіліся ім і сказалі, што для турыстаў ён будзе цікавы і запатрабаваны. І хутка гэты праект ужо будзе запушчаны”, — дзеліцца планамі Хрысціна.

Упэўнена, што і Ян, і Хрысціна, і многія іншыя іх равеснікі рэалізуюць свае задумы. Галоўнае, што ўжо сёння яны бачаць сваю мэту і маюць аднадумцаў, гатовых разам з імі ісці да яе.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіваў Я.Мікалайчыка і Х.Прышчэпавай.