На ручніках, расшытых пеўнямі…

- 15:37Нам пішуць

Што мы сёння ведаем пра народны ручнік? Для большасці сучасных беларусаў гэта проста элемент аздобы. Аднак за кожным узорам на ручніку — ромбікам, птушачкай і кветачкай — тоіцца глыбокі сэнс. Арнамент служыў нашым продкам своеасаблівай мовай. Хтосьці скажа: навошта ў век інтэрнэту і нанатэхналогій тканыя і вышываныя ручнікі? Але ж мы не маем права страціць гэтую спецыфічную мову стасункаў са сваёй зямлёй, са сваімі продкамі. На жаль, носьбітаў унікальных традыцый становіцца ўсё менш, таму ўзнікае неабходнасць актуалізаваць звычаі і абрады, звязаныя з беларускім ручніком. Менавіта таму ў гімназіі № 1 Іўя адбылося фальклорнае свята “Повязь часоў — беларускі ручнік”.

Напярэдадні ў фае гімназіі былі аформлены выставы кніг і альбомаў “Беларускае ткацтва і вышыўка” і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Таленты народнай душы”, якія дапамаглі глыбей зазірнуць у гісторыю беларускага ручніка. Гасцей сустрэлі хлебам-соллю на ручніку, і пачалося фальклорнае свята.

Ліліся народныя песні “Ручнікі”, “Ох, і сеяла Ульяніца лянок”, “Чаму ж мне не пець”, якія чаргаваліся аповедамі пра розныя, у залежнасці ад прызначэння, ручнікі. Вучні адзначалі, што толькі ў нашай краіне існуе такая багатая традыцыя выкарыстання ручнікоў: ад простых уціральнікаў да вясельных, пахавальных і ручнікоў на абразах. Але ўсе яны неслі адну і тую ж глыбінную сімволіку аховы, добразычлівага ўплыву найвышэйшых сіл.

Асаблівую ролю выконваў і выконвае ручнік і ў сямейных абрадах беларусаў: на вяселлі, уваходзінах, хрэсьбінах. Фрагменты абрадаў таксама былі прадэманстраваны на сцэне. Аказалася, што ў многіх сем’ях гімназістаў захаваліся ручнікі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і служаць своеасаблівым абярэгам роду, яго заступнікам і абаронцам. Гучалі гісторыі, пачутыя яшчэ ад прабабуль, крышачку наіўныя, але такія запамінальныя і зразумелыя. Гэтыя расповеды кранулі сэрца кожнага і прымусілі задумацца пра нябачныя сувязі, што злучаюць чалавека з яго родам, продкамі.

Праходзяць гады, мяняюцца густы, на змену рукам чалавечым прыходзяць машыны, створаныя тымі ж рукамі… Але пакуль побач з чалавекам будзе жыць пачуццё прыгожага, імкненне да сапраўднага — будзе жыць ручнік, бо спрадвечнае застаецца вечным.

Галіна БАЛУНДА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Іўя.