На шляху да ініцыятыў

- 10:48Нам пішуць

На сумесным педагагічным савеце прадстаўнікі самакіравання гімназіі ўнеслі прапанову прысвяціць штогадовы аздараўленчы лагер “Школа актыву гімназіі” (“ШАГ”) рабоце над дзіцяча-дарослымі ініцыятывамі, накіраванымі на прасоўванне ідэй устойлівага развіцця сярод жыхароў Браслава.

Падчас дзейнасці лагера “ШАГ” да ўстойлівага развіцця Браслаўшчыны” ўдзельнікі разглядалі паняцці самакіравання, устойлівага развіцця, даследавалі асаблівасці культурнай ідэнтычнасці свайго рэгіёна. Дзякуючы супрацоўніцтву з Ірынай Савелавай, старшым выкладчыкам кафедры педагогікі Мінскага гарадскога ІРА, і Софіяй Савелавай, начальнікам каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” (БДПУ), навучэнцы змаглі ўсвядоміць, што “ШАГ” — гэта толькі пачатак новых планаў, новых ініцыятыў.

У выніку работы лагера было прапанавана некалькі ідэй для рэалізацыі на працягу навучальнага года: велаквест “Гарадок”, прысвечаны Дню без аўтамабіля 22 верасня (КЦП “Здароўе еўрарэгіёна “Азёрны край”), стварэнне музея “Гісторыя аднаго жыцця” (КЦП “Культура Паазер’я “), акцыя “Мэты ўстойлівага развіцця: заўтра надыходзіць сёння” (КЦП “Мы ў свеце без меж”), стварэнне відэаканала каманды “ЭкаБрас” (КЦП “Энергія і асяроддзе пражывання”).

Спадзяёмся, што гэтыя ідэі знойдуць сваю падтрымку сярод прадстаўнікоў гімназічнай супольнасці і жыхароў нашай малой радзімы, а таксама дапамогуць зрабіць яшчэ адзін крок на шляху да захавання свету, у якім мы жывём.

Вольга ЛУКША,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Браслаўскай гімназіі.