На старт! Увага! 

- 9:42Адукацыйная прастора, Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Прафарыентацыйнае мерапрыемства Profyland, што прайшло ў Мінскім дзяржаўным механіка-тэхналагічным прафесійна-тэхнічным каледжы, хочацца параўнаць са шматфункцыянальным трэнажорам, на якім можна пракачваць розныя групы мышц. Гэтак жа і Profyland — гэта мерапрыемства, якое вырашае мноства задач. Тут дзеці адпачывалі, спаборнічалі, даведваліся аб прафесіях, развівалі свае камунікатыўныя навыкі і ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта.  

У каледжы рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне ма­дэлі фарміравання і развіцця камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў у сістэме ўзаема­дзеяння ўстаноў адукацыі і дзіцячых, маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў”. Праект, які стартаваў у 2021 годзе, разлічаны на 3 гады. У яго рэалізацыю ў Мінску ўключыліся 22 установы адукацыі. Адзіная ўстанова прафесійнай адукацыі сярод іх — Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж.

Фарміраванне камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці кожнай установы адукацыі і ўвогуле сістэмы адукацыі на сучасным этапе. 

— Наша ўстанова дае навучэнцам прафесію, і сёння навыкі камунікацыі абавязковыя для поспеху ў любой прафесійнай дзейнасці. Таму для нас праект, які прадугледжвае развіццё камунікатыўнай кампетэнтнасці, вельмі актуальны. Тым больш на сучасным этапе, калі мы заўважаем, што звычка камунікаваць з дапамогай гаджэтаў негатыўна ўплывае на навыкі камунікацыі ў рэальным свеце, — расказвае аб праекце Наталля Пятроўна Стадольнік, намеснік дырэктара каледжа. 

Праект дае магчымасць значнага пашырэння асяроддзя камунікацыі. Пры традыцыйнай арганізацыі выхаваўчай дзейнасці навучэнцы найчасцей ма­юць зносіны ўнутры свайго калектыву ва ўстанове адукацыі, а гэта значыць, асяроддзе камунікацыі атрымліваецца даволі вузкім. У рамках праекта ўстановы-ўдзельніцы ўключаюцца ў сумесныя мерапрыемствы. Кожная ўстанова праводзіць раз на год адкрытае мерапрыемства, на якое запрашае іншых удзельнікаў праекта. Найбуйнейшы сталічны валанцёрскі маладзёжны фестываль “NашеSтвие-2022” таксама запрашае навучэнцаў і педагогаў, якія рэалізуюць рэспубліканскія інавацыйныя праекты.

— Пры ўзаемадзеянні ўстаноў адукацыі асяроддзе ўзаемадзеяння павялічваецца і вынікі працы становяцца больш прадукцыйнымі і якаснымі, у кожнага ўдзельніка з’яўляецца ўнікальная магчымасць развіцця і ўдасканалення сваіх прафесійных ключавых кампетэнцый, камунікатыўных навыкаў, назіраецца асобасны рост. Менавіта над усталяваннем такіх сувязей мы працуем у рамках ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці, — працягвае Н.П.Стадольнік.

Набываць камунікатыўныя навыкі лепш за ўсё на практыцы, таму навучэнцы каледжа максімальна ўключаюцца ў разнастайныя мерапрыемствы і актыўнасці. У гэтай рабоце задзейнічаны не толькі супрацоўнікі, якія непасрэдна займаюцца выхаваўчай работай, але і выкладчыкі розных дысцыплін. Напрыклад, яны праводзяць пазавучэбныя мерапрыемствы па сваіх прадметах, якія прадугледжваюць і трэніроўку камунікатыўных навыкаў. Так, выкладчык англійскай мовы правяла мерапрыемства, прысвечанае чайным традыцыям народаў свету. Навучэнцы разам пілі чай па-англійску, па-японску, па-беларуску і, канечне, за кубачкам гарачага напітку мелі зносіны. 

Ключавая роля ў актывізацыі камунікатыўнай актыўнасці адводзіцца грамадскім арганізацыям. Каледж супрацоўнічае з БРСМ, Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, ва ўстанове актыўна дзейнічае навучэнская прафсаюзная арганізацыя. Навучэнцы найбольш актыўна праявілі сябе ў валанцёрскай дзейнасці. Дарэчы, валанцёрскія традыцыі ў каледжы моцныя — на працягу некалькіх гадоў валанцёры кале­джа займаліся “LEGО-тэрапіяй” — дапамагалі маленькім пацыентам дзіцячай бальніцы адцягнуць увагу ад болю, думак пра хваробу і суму па бацьках. На жаль, з-за каранавіруса трапіць у бальніцы стала практычна немагчыма. Аднак валанцёры заўсёды знахо­дзяць для сябе карысныя справы. Навучэнцы каледжа, напрыклад, актыўна ўключыліся ў работу па інфармаванні насельніцтва падчас пандэміі, падтрымліваюць дабрачынную дзейнасць, накіраваную на дапамогу бяздомным жывёлам, займаюцца добраўпарадкаваннем.  

Цудоўныя магчымасці для развіцця камунікатыўных навыкаў дае прафарыентацыйная работа. Таму яна стала важным элементам у рэалізацыі праекта — згадзіцеся, для таго каб добра прадставіць сваю ўстанову, трэба ўмець узаемадзейнічаць з людзьмі. Менавіта гэтаму навучэнцы вучацца, рыхтуючыся да прафарыентацыйных мерапрыемстваў і ўдзельнічаючы ў іх. Таму і кульмінацыйная падзея ў рамках праекта была менавіта прафарыентацыйнай. Маштабнае прафарыентацыйнае мерапрыемства Profyland запрасіла да ўдзелу навучэнцаў школ і гімназій сталіцы, якія ўдзельнічаюць у праекце, і яшчэ шэрага ўстаноў.  

Школьнікам прапанавалі зай­мальны прафарыентацыйны квест: выконваючы заданні на розных станцыях, юнакі і дзяўчаты даведаліся пра асаблівасці работы халадзільшчыкаў, афіцыянтаў, кухараў, кандытараў.  

Так, на станцыі “Масленіца” ­ўдзельнікам прапанавалі палюбавацца бліннай выставай і на смак вызначыць, чым начынены бліны. І адначасова расказалі, што ў каледжы рыхтуюць кулінараў мучных вырабаў. А на станцыі “Лёдаправод” школьнікі стваралі карціны на лёдзе, так іх увагу прыцягнулі да спецыяльнасці “Машыніст халадзільных установак”. Падчас кава-паўзы “Ноткі натхнення” яны паспрабавалі сябе ў ролі кандытараў і ўпрыгож­валі капкейкі. Таксама іх чакалі танцавальны флэш-моб, музычны квіз, інтэлектуальная віктарына, бармен-шоу і фотазона. І ўсюды школьнікаў сустракалі і суправаджалі навучэнцы каледжа, якія расказвалі пра сваю ўстанову і адначасова адточвалі на справе свае камунікатыўныя ўменні.  

Уменне ладзіць зносіны, весці гутарку, працаваць у каман­дзе, вырашаць самыя розныя камунікатыўныя задачы — гэта той скарб, які каледж дае сваім выпускнікам у дадатак да прафесіі.

Дар’я РЭВА.