На сувязі рэгіён

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў з рабочай паездкай Чашніцкі раён Віцебскай вобласці.У сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю раёна ў Чашніках разам з кіраўніком ведамства прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і старшыня Чашніцкага райвыканкама Леанід Пляшко.

Звяртаючыся да прысутных, міністр адзначыў, што кожная такая дыялогавая пляцоўка — выдатная магчымасць для абмену думкамі, зваротнай сувязі і абмеркавання надзённых пытанняў у сферы адукацыі. У пачатку размовы Ігар Карпенка па­дзякаваў педагогам за дастойную работу ў складаных умовах пандэміі: “Магу з упэўненасцю сказаць, што ў мінулы год дзякуючы рабоце кожнай установы адукацыі, кожнага педагога і кіраўніка мы спрацавалі якасна і не стварылі той сацыяльнай напружанасці, якая магла б узнікнуць з-за неабгрунтаваных змяненняў”. Ігар Карпенка асобна закрануў пытанні арганізацыі выпускных экзаменаў і ўступнай кампаніі на цяперашні момант і ў найбліжэйшай перспектыве, дыстанцыйнага навучання на ступені агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, укаранення перадавых педагагічных распрацовак у адукацыйны працэс, павышэння кантролю за аб’ектыўнасцю выстаўлення адзнак. Акрамя таго, міністр даў дэталёвы каментарый ключавым момантам законапраекта “Аб змяненні Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”: “Галоўны прынцып — разгрузіць Кодэкс ад дробных пытанняў, якія могуць хутка страціць актуальнасць і адпаведна запатрабаваць новых паправак. У такіх выпадках неабходна аператыўна ініцыіраваць і прымаць рашэнні, зыходзячы з канкрэтнай сітуацыі. Сказанае тычыцца, напрыклад, напаўняльнасці класаў, бальнай сістэмы атэстацыі, дамашняга задання — унікальны педагог здольны правесці ўрок так, што яно ўвогуле не спатрэбіцца”. Кіраўнік ведамства акцэнтаваў увагу: прапанаваны законапраект — не канчатковая версія, работа працягваецца ў рэгіёнах, каб да яе падключыліся спецыялісты, прафесіяналы-практыкі і вызначылі, што яшчэ варта ўлічыць. У парадак дня запланаванага на жнівень Рэспубліканскага педсавета ўключана абмеркаванне законапраекта, змяненняў формы атэстацыі за курс агульнай сярэдняй адукацыі і правіл прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года — з ёй у свабодным доступе можна азнаёміцца на сайце Міністэрства адукацыі. Ігар Карпенка падкрэсліў: “Ніякіх рэвалюцыйных змяненняў сістэму адукацыі не чакае. Мы гатовы разглядаць канструктыўныя прапановы па ка­рэкціроўцы падручнікаў, вучэбных планаў і праграм, але разам з тым усе яны павінны быць выбудаваны ў адзіную лагічную сістэму з улікам міжпрадметных сувязей, выключаючы дубліраванне. Важна ўлічваць і шырокія магчымасці факультатываў, выхаваўчай работы. У Кодэксе, дарэчы, закладзена норма, якая дазваляе пачынаючы з 5 класа выносіць на шосты школьны дзень асобныя факультатывы, каб не перагружаць навучэнцаў”. Кіраўнік ведамства падрабязна адказаў на пытанні педагогаў, якія тычыліся атэстацыі ўстаноў адукацыі, вядзення электроннага журнала ў школе, мэтазгоднасці ўстанаўлення балавага парога для залічэння ў 10 клас з вывучэннем усіх вучэбных прадметаў на базавым узроўні, нарматыўнага фінансавання, вяртання ў школьную праграму абавязковага курса “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа”, увядзення ў штаты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі пасады кіраўніка па патрыятычным выхаванні і яго службовых абавязкаў.

Наступным пунктам рабочай паездкі стала сярэдняя школа № 1 Новалукомля, дзе Ігар Карпенка правёў прыём грамадзян. Намеснік старшыні райвыканкама Іна Сыроўчанка расказала міністру аб рэалізацыі міжведамаснага праекта па стварэнні раённага цэнтра прафілактыкі “Альтэрнатыва”, а дырэктар школы Фаіна Вішнеўская разам з педагогамі і навучэнцамі азнаёміла з арганізацыяй і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі. У бягучым навучальным годзе ў школе займаюцца 552 навучэнцы. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 25 чалавек, для 65 навучэнцаў з сельскай мясцовасці арганізаваны падвоз школьнымі аўтобусамі. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 60 педагогаў, амаль 40 працэнтаў цяперашняга педкалектыву школы — яе выпускнікі. На павышаным узроўні вывучаюцца матэматыка, фізіка, хімія, біялогія на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі і нямецкая мова — у 9 класе. На школьных факультатывах займаюцца 80 працэнтаў навучэнцаў і амаль столькі ж — у 26 аб’яднаннях па інтарэсах рознай накіраванасці; у рамках працоўнага навучання 36 старшакласнікаў асвойваюць прафесію “Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці”. За паўстагоддзя са сцен школы выйшлі 2117 выпускнікоў, 

з іх — 78 залатыя медалісты. Навучэнцы паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсах, фестывалях і спартыўных спаборніцтвах, грамадзянска-патрыятычных, дабрачынных і экалагічных акцыях, даследчай дзейнасці — у названым напрамку школа актыўна супрацоўнічае з Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства, філіялам Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі “Рэсурсны цэнтр ЭкаТэхнаПарк — Волма”. Адзінаццацікласніца Ксенія Казінец з’яўляецца пераможцай рэспубліканскіх конкурсаў работ навучэнцаў даследчага характару (канферэнцыі) і навуковых біёлага-экалагічных работ/праектаў навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У мінулым навучальным годзе таленавітая школьніца заваявала залаты медаль Сусветнага конкурсу (выставы) вынаходстваў World Invention Competition And Exhibition. У школе рэалізуюцца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання культуры навучэнцаў у сферы энергетыкі ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння устаноў адукацыі”, праект “Зялёныя школы” і абласны творчы праект “Школьная бізнес-кампанія “Адважны кравец”. У хо­дзе азнаямленчай экскурсіі па школе міністр пагутарыў з настаўнікамі і навучэнцамі, пацікавіўся абсталяваннем і работай вучэбных кабінетаў і майстэрні, кабінетаў прафесійнай і медыцынскай падрыхтоўкі, спартыўных зал і стралковых ціраў, актавай і трэнажорнай зал, кабінетаў настаўніка-дэфектолага і школьнай бізнес-кампаніі. Ігар Карпенка наведаў школьны музей “Памяці і падзякі”, раённы цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі і раённыя рэсурсныя цэнтры “Энергазберажэнне — пачні з сябе” і “Школа — тэрыторыя здароўя”, якія працуюць на базе ўстановы адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.