Сёння працягваем публікаваць матэрыялы ў рамках сумеснага праекта “Настаўніцкай газеты” і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”. І на гэты раз мы выправіліся ў Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі, каб сустрэцца там і пагутарыць з вядомым кампазітарам, аўтарам больш як сотні песень, мастацкім кіраўніком творчага аб’яднання акадэміі “Прэм’ера” і студыі эстраднага вакалу “Салаўіная калыска”, якая ўваходзіць у склад “Прэм’еры”, Уладзімірам Карызнам і яго калегамі. Творчае аб’яднанне “Прэм’ера” з’яўляецца неаднаразовым пераможцам Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі”, а сам Уладзімір Уладзіміравіч — галоўным кавалём гэтых перамог… Дый не толькі гэтых.
Гледзячы на Уладзіміра Уладзіміравіча, зусім не старога яшчэ чалавека, з цяжкасцю верыш, што ён працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі (раней — у Вышэйшым дзяржаўным каледжы сувязі, а яшчэ раней — у Мінскім электратэхнікуме сувязі) ужо… 28 гадоў! Але гэта сапраўды так. Мяняліся кіраўнікі гэтай установы адукацыі, мяняліся яе статус і назва, а ён нязменна быў у цэнтры творчага жыцця ў яе сценах, быў гэтакім магнітам для ўсіх мастацка адораных навучэнцаў.
“Я прыйшоў сюды яшчэ зусім маладым хлопцам, студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, проста падпрацаваць, — узгадвае Уладзімір Карызна. — У мяне была ўжо тады маладая сям’я, і я меў патрэбу ў дадатковым заробку дзеля падтрымкі сям’і. Прыйшоў сюды і стварыў хор. Гэта быў спрыяльны час для развіцця самадзейнай творчасці. А потым… перастала існаваць краіна пад назвай СССР, з самадзейнай творчасцю стала цяжэй. Быў перыяд, калі культурай у Мінскім электратэхнікуме сувязі займаўся толькі адзін чалавек — я. Сітуацыя змянілася да лепшага ў 1993 годзе са стварэннем на базе МТЭС Вышэйшага каледжа сувязі і з назначэннем на пасаду яго рэктара Міхаіла Аляксеевіча Баркуна — таленавітага адміністратара і проста чалавека, нераўнадушнага да культуры, да мастацкай самадзейнасці навучэнцаў. У штатным раскладзе пачалі з’яўляцца новыя стаўкі, да мяне падцягваліся ўсё новыя і новыя людзі. З пэўнага моманту мы сталі думаць, па якім шляху пайсці, як упарадкаваць сістэму мастацкай самадзейнасці навучэнцаў каледжа. Я назіраў за вопытам іншых устаноў адукацыі, дзе існавалі пераважна студэнцкія клубы. Але такі шлях нам не падыходзіў: мы былі занадта маленькай установай. І ўрэшце мной было ініцыіравана стварэнне творчага аб’яднання “Прэм’ера”, куды на сённяшні дзень уваходзяць хор, вакальная група, танцавальны калектыў, каманда КВЗ і студыя эстраднага вакалу “Салаўіная калыска”. Дарэчы, мы не прагадалі, стварыўшы менавіта творчае аб’яднанне. Студэнцкіх клубаў ужо нідзе няма. А чаму менавіта “Прэм’ера”? Ды таму, што маладыя людзі вучацца ў нас максімум 7 гадоў. Гадамі спяваць ці танцаваць адно і тое ж мы не можам. Мы мусім увесь час менавіта ставіць прэм’еры, каб нашым студэнтам — будучым інжынерам, эканамістам-менеджарам, маркетолагам, тэхнікам паштовай сувязі, бухгалтарам — было цікава”.
Студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі, будучы маркетолаг у галіне сувязі, удзельніца студыі эстраднага вакалу “Салаўіная калыска” Вікторыя Піўтарак:
“Як толькі я паступіла ў нашу акадэмію, 1 верасня ўбачыла Уладзіміра Уладзіміравіча на канцэрце і адразу зразумела, што пайду займацца да яго ў студыю. Ён хутка ўбачыў, што я нешта магу (а я ж раней вучылася ў музычнай школе). Яму не прыйшлося ў нечым асабліва мяняць мае густы, я і сама заўсёды любіла прыгожую музыку. А адзін з самых важных яго ўрокаў: ты павінен адчуваць тое, што спяваеш, павінен аддаваць свае эмоцыі слухачу. Тады, нават калі недзе і сфальшывіш, гэтага не заўважыць публіка. Усё роўна будзе эмацыянальная аддача. Думаю, што музыка застанецца са мной на ўсё жыццё, дзе б я ні працавала. На прадпрыемствах жа таксама ёсць самадзейныя калектывы”.
“У студыю “Салаўіная калыска” я нікога не прыцягваю за вушы, — пераходзіць ужо непасрэдна да тэмы студыі мой суразмоўца. — Калі хочаш хадзіць — хадзі. Не хочаш — твая справа. І сапраўды яно бывае па-рознаму. Нехта паходзіць год, потым знікне на год, а потым зноў прыйдзе. Але ёсць і нямала тых, для каго заняткі спевамі ў студыі становяцца нечым па-сапраўднаму значным у жыцці. Самы яркі прыклад — Яўгенія Новікава, якая паступіла сюды вучыцца ў 15 гадоў, прыйшла да мяне ў студыю і так захапілася музыкай, што праз пэўны час, зразумеўшы, што сувязь — гэта не яе прызванне, забрала дакументы і паступіла ў Брэсцкае музычнае вучылішча. А потым, скончыўшы яго, зноў вярнулася ў Мінск і зноў прыйшла да мяне: “Уладзімір Уладзіміравіч, вазьміце мяне да сябе ў студыю на работу. І я ўзяў. Пэўны час яна вяла вакальную групу. Нядаўна перайшла працаваць у Беларусбанк, дзе таксама стала займацца з самадзейным вакальным ансамблем. Відавочна, што музыка для яе — гэта ўсё. І такіх сваіх выхаванцаў, якія самааддана прайшлі праз студыю “Салаўіная калыска”, за гады яе існавання збярэцца, напэўна, ужо больш як 50. Хаця я ніколі не ганюся за колькасцю. Сёння ў мяне займаюцца 5 студэнтаў. Галоўнае, каб чалавек сам хацеў займацца. І, безумоўна, каб ён не толькі хацеў, але і мог спяваць, бо не кожнаму гэта дадзена”.
Мы размаўляем з Уладзімірам Уладзіміравічам у яго працоўным кабінеце і па сумяшчальніцтве студыі “Салаўіная калыска”. Я заўважаю, што тут стаіць сур’ёзная апаратура, а на сценах вісяць постары з выявамі зорак нашай сцэны: Аляксандры і Канстанціна, Якава Навуменкі, ансамбля “Бяседа” і іншых. Усе яны ў той ці іншы час запісваліся тут. Тут жа Уладзімір Карызна непасрэдна ствараў многія са сваіх песень. Мне захацелася даведацца ў яго, што наогул ён думае пра сённяшні стан беларускага музычнага мастацтва, пра яго разуменне добрай песні, асаблівасці музычнага выхавання моладзі, музычныя конкурсы, цяперашні статус кампазітара… Мне захацелася як мага глыбей даведацца пра яго як творцу, дарэчы, прадстаўніка яркай творчай дынастыі. Яго бацька Уладзімір Іванавіч Карызна — вядомы паэт, суаўтар слоў Дзяржаўнага гімна Беларусі. Яго жонка — прафесійная піяністка, працуе канцэртмайстрам на харавой кафедры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яго старэйшая дачка Настасся — скрыпачка, лаўрэат міжнародных конкурсаў, жыве ў Парыжы. Яго малодшы сын Іван — слынны віяланчэліст, выпускнік Парыжскай кансерваторыі, а сёння слухач вышэйшых курсаў у Акадэміі Кронберга (Германія), пераможца больш як дзясятка самых прэстыжных міжнародных конкурсаў.
Прыводжу тут тэзісна некаторыя з разваг Уладзіміра Уладзіміравіча, якія мне падаліся найбольш важкімі.
“На жаль, сёння музычнае прафесійнае мастацтва перажывае не лепшыя часы. Ідзе суцэльная прапаганда непрафесіяналізму, калі кампазітары элементарна не ведаюць нот, паэты пішуць з памылкамі, а выканаўцы не маюць ні слыху, ні голасу. Усё за іх робяць камп’ютарныя праграмы. І самае крыўднае, што сапраўдныя прафесіяналы пры гэтым маўчаць”.
“Як бы банальна гэта ні гучала, я лічу, што душа песні — мелодыя. Аднымі рытмамі песню не зробіш. А, на жаль, сёння песня часта ператвараецца проста ў нейкі рытм. Пры поўнай адсутнасці мелодыі і прымітывізме ў гармоніі”.
“Часам бывае няпроста дастукацца да студэнтаў. Прыносяць мне іншым разам зусім ніякія песні і думаюць, што гэта прыгожа. І тады я ім кажу: “Калі ты не ведаеш прыгожай музыкі, як ты можаш ацаніць якую-небудзь іншую?” Гэта насамрэч вялікая бяда, што людзі не ведаюць прыгожага, класічнага. І не толькі ў музыцы, але і ў выяўленчым мастацтве, і ў літаратуры. А таму і жуюць з задавальненнем тую нізкаякасную жвачку, якую ім прапаноўваюць, думаючы, што гэта прыгожа. А людзей жа, у каго прыроджаны густ, вельмі мала. Густ пераважнай большасці людзей трэба прывіваць, яго трэба выхоўваць. І над гэтым павінны працаваць сям’я, школа, тэлебачанне, радыё, прэса. На жаль, не працуюць, як трэба”.
Прарэктар па выхаваўчай рабоце Беларускай дзяржаўнай акадэмі сувязі Георгій Іванавіч Чамерка:
“У свой час рашэнне аб стварэнні творчага аб’яднання “Прэм’ера” было вельмі правільным. Гэта быў адмысловы крок па аптымізацыі работы па выяўленні талентаў, развіцці іх здольнасцей, калі невялікая колькасць людзей, сапраўдных прафесіяналаў, змагла вырашаць самыя розныя задачы, кожны адказваў за сваю творчую дзялянку ў сістэме самадзейнай творчасці студэнтаў. І сёння мы можам ганарыцца тым, што “Прэм’ера” — гэта адмысловы брэнд нашай установы адукацыі”.
“Выхоўваць густ трэба на прафесійных узорах мастацтва, прычым розных відаў мастацтва. Каго лічылі інтэлігентам, напрыклад, у ХІХ стагоддзі? Гэта маглі быць людзі любых прафесій — ад лірыкаў да фізікаў, але пры гэтым і адны, і другія ўмелі іграць на фартэпіяна, ведалі асновы жывапісу, цікавіліся тэатрам. А што такое інтэлігент у нашым сённяшнім разуменні? Фактычна гэта чалавек з вышэйшай адукацыяй. Але давайце возьмем ці нашу акадэмію сувязі, ці любую іншую ўстанову адукацыі тэхнічнага профілю. Заканчвае яе чалавек з пэўным багажом спецыфічных ведаў і навыкаў. Але пры гэтым ён не ведае ні музыкі, ні выяўленчага мастацтва, ні тэатра… Ці можам мы назваць яго інтэлігентам у поўным сэнсе гэтага слова? Я думаю, што не. Творчае аб’яднанне “Прэм’ера” працуе якраз на тое, каб рабіць з нашых студэнтаў інтэлігентаў”.
“Творчыя конкурсы — гэта асобная тэма размовы. Конкурсаў праводзіцца зараз вельмі шмат. Але нярэдка я не бачу сэнсу ў іх правядзенні, бо любы конкурс павінен мець нейкі вынік. Не толькі першае, другое ці трэцяе месца, не толькі нейкія дыпломы і кубкі. Лаўрэаты павінны бачыць у перспектыве рэальную падтрымку, гарантыю таго, што іх будуць бачыць па тэлевізары, чуць па радыё, што пра іх будзе расказваць прэса. А сёння сітуацыя такая: пакуль малады выканаўца не займее багатага спонсара, у яго вельмі мала перспектыў раскруціцца. На жаль, сёння ў прыярытэце не талент, а грошы. У гэтым сэнсе я думаю, што “АРТ-вакацыі” — гэта якраз адзін з нямногіх конкурсаў, які займае сваё месца, бо ў яго ёсць такая прынцыповая асаблівасць: ён мае на ўвазе канкрэтнае студэнцкае ці навучэнскае асяроддзе. Штогод у “АРТ-вакацыях” удзельнічаюць практычна ўсе ўстановы адукацыі краіны”.
Педагог дадатковай адукацыі, рэжысёр канцэртных праграм, кіраўнік калектыву КВЗ Алена Уладзіміраўна Гурына:
“Мне вельмі камфортна працаваць разам з Уладзімірам Уладзіміравічам. Мы займаемся з ім арганізацыяй усіх культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў акадэміі сувязі, удзельнічаем ва ўсіх рэспубліканскіх, міжнародных, гарадскіх конкурсах і фестывалях. Часта выйграём. Скажу парадаксальную рэч, але я так шчыра думаю: займацца творчасцю са студэнтамі, якія атрымліваюць тэхнічную адукацыю, мне цікавей, чым з гуманітарыямі, бо ў тэхнароў інтэлект вышэйшы, чым у гуманітарыяў”.
“Што сілкуе мяне па жыцці, што натхняе мяне на напісанне музыкі? Я люблю слухаць музыку, люблю яе ствараць. Гэта маё жыццё. Што мне без усяго гэтага рабіць? Ёсць такі жарт, яго трэба прамовіць на рускай мове, бо інакш страціцца гульня слоў: “Чем профессионал отличается от любителя? Тем, што любитель любит…” Разумееце, “любитель любит”, а ў прафесіянала зусім іншае стаўленне да таго, чым ён займаецца. Ён не проста любіць, магчыма, якраз нейкія пачуцці і прытупляюцца. Ён гэтым жыве. Ён не можа без гэтага жыць”.
“Чаму ўжо 28 гадоў я тут працую, ні аб чым не шкадуючы? Мабыць, найперш таму, што мне ўсё гэта “баліць”: справы нашага творчага аб’яднання, справы нашай студыі, справы кожнага з нашых студэнтаў, з якімі ты пастаянна знаходзішся на сувязі…”
Такі сімвалічны каламбур атрымліваецца: у акадэміі сувязі працуе апантаны чалавек, кампазітар, педагог Уладзімір Уладзіміравіч Карызна, які заўсёды на сувязі — са сваімі выхаванцамі, з музыкай, з усім, што звязвае яго з самім жыццём.
Мікола ЧЭМЕР.