На высокім месцы

- 11:15Брэстчына

Горад Высокае справядліва можна назваць адным з самых загадкавых і ўнікальных у Беларусі. Па-першае, ужо адно тое, што гэты населены пункт з колькасцю жыхароў крыху большай за 5 тысяч чалавек мае афіцыйны статус горада, а не гарадскога пасёлка і не аграгарадка, міжволі прымушае задумацца: а чаму так? Прычыны гістарычныя, аб’ектыўныя: Высокаму, аднаму з першых сярод гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, яшчэ ў 1494 годзе было нададзена Магдэбургскае права, і гэты статус з таго часу Высокае не страчвала ніколі — ні ў складзе ВКЛ, ні ў складзе Расійскай імперыі, ні пад Польшчай у ХХ стагоддзі, ні ў савецкі час. Па-другое, Высокае — гэта самы заходні сучасны беларускі горад насуперак распаўсюджаным меркаванням, што такім з’яўляецца Гродна. Па-трэцяе, назва. Здавалася б, ну якое Высокае можа быць на роўнай, быццам патэльня, Брэстчыне? Аднак жа горад сапраўды вырас на адносна высокім месцы сярод навакольнай раўніны, і ў яго гістарычных назвах “высокасць” ніколі не знікала: у старажытных летапісах — Высокі горад, пазней і ажно да 1939 года — Высока-Літоўск (так сёння называецца чыгуначная станцыя побач), Высокае — у нашы дні…

Высокаўскую сярэднюю школу гэтак жа, як і горад, можна назваць высокай у розных сэнсах, адной такой у сваім родзе. Яна сапраўды адна на ўвесь горад (для параўнання: у Камянцы з насельніцтвам усяго на тры тысячы большым за Высокае ёсць дзве аульнаадукацыйныя школы і адна гімназія) і, адпаведна, прасторная, вялікая. Тут займаюцца 734 навучэнцы, у якіх выкладаюць 77 педагогаў.

І звонку, і ўнутры ўстанова пакідае ўражанне менавіта сучаснай гарадской школы: дагледжаная, нават як быццам зусім новая (у 2015 годзе тут быў праведзены капрамонт), з лаканічным дызайнам кабінетаў (аформленых у аднолькавым на ўсіх паверхах урбаністычным мінімалісцкім стылі, з розніцай толькі ў адценнях пастэльнай колеравай гамы), з утульнай кампактнай актавай залай, з новым тэхнічным абсталяваннем (у школе ёсць 50 камп’ютараў, 2 інтэрактыўныя дошкі, 3 мультымедыйныя праектары, 12 тэлевізараў, пракладзена лакальная сетка, ёсць доступ у інтэрнэт, паспяхова функцыянуе афіцыйны школьны сайт, дарэчы, вельмі зручны для карыстання), з густоўным ландшафтным дызайнам прышкольнай тэрыторыі і адмысловай фішкай у выглядзе вялізнай елкі, якая расце проста ва ўнутраным двары школы і, мабыць, ужо зачакалася гэтымі лістападаўскімі днямі, калі ж яе апрануць у святочнае адзенне да Новага года.

Што да якасці навучання, то школа можа пахваліцца стабільна добрымі вынікамі апошніх гадоў. Сярэдні бал паспяховасці тут 7. У мінулым навучальным годзе 4 вучні (8,3% ад агульнай колькасці выпускнікоў) атрымалі атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі з узнагароджаннем залатым медалём, 4 вучні (6,5% ад агульнай колькасці дзевяцікласнікаў) — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Медалісты пацвердзілі свае веды і сталі студэнтамі прэстыжных УВА краіны бюджэтнай формы навучання.

З увядзеннем профільнага навучання ў школе створана адукацыйнае асяроддзе, якое забяспечвае аптымальныя ўмовы дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання. У 2016/2017 навучальным годзе былі сфарміраваны 3 профільныя групы ў 10-х класах у дадатак да 3 профільных груп, створаных у 2015/2016 навучальным годзе. У бягучым навучальным годзе ў 10-х класах адкрыты яшчэ 2 профільныя групы. Такім чынам, агульны ахоп профільным навучаннем сёння складае 40,4% (36 вучняў).

Адным з важных кірункаў дзейнасці школы з’яўляецца работа з высокаматываванымі і творчымі дзецьмі. З мэтай выяўлення адораных дзяцей тут праводзіцца маштабны (у 3 этапы) інтэлектуальны конкурс “Прыступкі розуму”. Традыцыйна ўстанова з’яўляецца ўдзельнікам штогадовага раённага літаратурнага конкурсу маладых талентаў “Дэбют”, створана моцная каманда навучэнцаў, якая прадстаўляе школу на інтэлектуальных турнірах. Вялікая ўвага ўдзяляецца даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў. Штогод праводзіцца школьная канферэнцыя даследчых работ. Выніковасць удзелу ў прадметных алімпіядах, конкурсах даследчых работ добрая і стабільная.

Безумоўна, ва ўсім гэтым заслуга найперш творчых і таленавітых педагогаў, якія тут працуюць. Сярод іх ёсць свае героі, адзначаныя шматлікімі граматамі і ўзнагародамі на конкурсах (сваімі і сваіх вучняў), напрыклад, настаўніца пачатковых класаў Таццяна Васільеўна Ляшчук, настаўніца фізікі Святлана Анатольеўна Васілюк, настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Мікалаеўна Шокала, настаўнік геаграфіі Сяргей Аляксандравіч Дзюкаў. Апошні, дарэчы, сёлета заняў 1-е месца ў раённым этапе і 2-е месца ў абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Арганізацыя сістэмы пазакласнай работы — асобная вялікая старонка. І тут можна было б шмат гаварыць пра кірункі гэтай дзейнасці: прафарыентацыйны (школай падпісаны дамовы аб сумеснай дзейнасці з Высокаўскім ДСПТК і Пружанскім ДАТК), сацыяльны (ужо на працягу 15 гадоў на базе школы працуе атрад міласэрнасці “Караблік дабрыні”), спартыўна-аздараўленчы, турысцка-краязнаўчы, біёлага-эканамічны і інш. На жаль, сціслы фармат артыкула не дазваляе расказаць падрабязней пра кожны з іх.

Але што хацелася б асабліва падкрэсліць, дык гэта цеснае супрацоўніцтва Высокаўскай сярэдняй школы з мясцовым Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Клуб аматараў фальклору “Катрынка” гэтай установы, дзе, натуральна, займаюцца навучэнцы школы, зладзіў для нас падчас прэс-туру дыхтоўны канцэрт. Гэта была неверагодная асалода — слухаць, як спяваюць высокаўскія дзеці і юнакі мясцовыя песні на мясцовым дыялекце, як грацыёзна танцуюць. З высока паднятай галавой і шляхецкай гарадской годнасцю… Гэта была насамрэч высокая сустрэча, на высокім месцы, у горадзе Высокае.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.