На заняткі з “Гаварушай”

- 14:46Портфолио

Вучонымі даказана, што рух стымулюе інтэлект, разумовую актыўнасць чалавека і гэта ў выніку адлюстроўваецца  на яго маўленні. 

Заняткі настаўніка-дэфектолага часта зводзяцца да правядзення гульняў з карткамі за сталом. Статычную позу дзеці дашкольнага ўзросту доўга ўтрымліваць не могуць. І, як вынік, страчваецца інтарэс да заняткаў. Такія моманты падштурхнулі мяне да пошуку новых форм работы, а менавіта да навучання праз рух. Я зрабіла дыванок “Гаваруша”, з дапамогай якога пачала арганізоўваць гульні-вандроўкі. Гэты дапаможнік прызначаны для індывідуальнай і падгрупавой работы з да­школьнікамі з парушэннямі маўлення. Ён уяўляе сабой палатно памерам 1,5х2 метры, на якім размешчаны рознакаляровыя геаметрычныя фігуры, стрэ­лачкі, лічбы, кветкі, лісцікі, воблачкі і інш. Дзеці па ім скачуць, ходзяць, пераскокваюць рознымі спосабамі: на адной або дзвюх нагах, з заплюшчанымі вачыма, спінай наперад, бокам, прыстаўнымі крокамі, у паўпрысядзе, поўным прысядзе і інш. Такі шматфункцыя­нальны дапаможнік можна зрабіць самастойна: палатно — з ізалону, а фігуры — з фаамірану.  

Дзеці па дыванку ходзяць, скачуць рознымі спосабамі: на адной або дзвюх нагах, з заплюшчанымі вачыма, спінай наперад, бокам, прыстаўнымі крокамі, у паўпрысядзе, поўным прысядзе.

Дыванок падзелены на 10 сектараў. На сектары злева кладзём чырвоны круг, зялёны  квадрат, сіні прамавугольнік, якія прызначаны для заняткаў па развіцці фанематычнага аналізу і сінтэзу (чырвоны колер — галосны гук, сіні — зычны і г.д.). Дзеці рухаюцца па дыванку і пры гэтым робяць гукавы аналіз слоў. 

Можна развіваць маўленне па лексічных тэмах, напрыклад, “Поры года”. На сектарах справа з фіялетавым чатырохвугольнікам, чырвонай трапецыяй, жоўтым ромбам ідзе работа над прасадычным бокам маўлення. Дзецям прапануецца заданне выма­віць гукі, словы, словазлучэнні або сказы з пэўнай інтанацыяй або з пэўнай сілай голасу: ціха (ступаем на фіялетавы чатырохвугольнік), гучна (на чыр­воную трапецыю), шэптам (на жоўты ромб). 

Сектары зверху — сіні прамавугольнік, зялёны трохвугольнік, чырвоны авал, жоўты ромб — выкарыстоўваюцца пры вывучэнні пор года (сіні — зіма, зялёны — вясна, чырвоны — лета, жоўты — восень).

Сектары знізу — чырвоны круг, жоўты многавугольнік, сіні пяцівугольнік, фіялетавы чатырохвугольнік — дапамагаюць засвоіць такія паняцці, як раніца (чырвоны колер), дзень (жоўты), вечар (сіні), ноч (фіялетавы). 

У цэнтры дыванка размешчана зорачка, на якую дзіця становіцца і пачынае свой рух па сектарах у залежнасці ад заданняў настаўніка-дэфектолага. 

Дапаможнік можа выкарыстоўвацца як настаўнікамі-дэфектолагамі, так і выхавальнікамі: на лагапедычных занятках, пры падрыхтоўцы да навучання грамаце, для развіцця маўлення і культуры маўленчых зносін, пры фарміраванні элементарных матэматычных уяўленняў, асваенні зместу адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода”, правя­дзенні фізкультхвілінак. 

Дапаможнік уяўляе сабой палатно памерам 1,5х2 метры, на якім размешчаны рознакаляровыя геаметрычныя фігуры, стрэлачкі, лічбы, кветкі, лісцікі, воблачкі і інш.

З дапамогай “Гаварушы” можна рэалізоўваць мноства задач: актывізаваць і выпрацоўваць дыферэнцыраваныя агульныя рухі цела, развіваць фанематычныя функцыі (фанематычнае ўспрыманне, аналіз і сінтэз), гукаскладовую структуру слова, прасадычны бок маўлення, граматычны лад маўлення, навыкі абагульнення, класіфікацыі, выключэння, а таксама фарміраваць і замацоўваць уяўленні аб порах года, часе сутак, веды аб геа­метрычных фігурах.

На сектары могуць выкладвацца карцінкі ў залежнасці ад задач, якія рэалізоўваюцца на занятках: антонімы, “адзін — многа”, “вялікі — маленькі”, карцінкі-прыназоўнікі, героі казак (складанне апавяданняў) і інш. Дапаможнік стымулюе пазнанне і развівае маўленне дзіцяці праз рух. Таму ўсе заданні з выкарыстаннем картак і малюнкаў, якія рашаюцца за сталом, дзеці могуць выконваць на дыванку ў руху.

 

Відэапрэзентацыя дыванка “Гаваруша”.

 

Кацярына ШАЛЫГІНА, 
настаўнік-дэфектолаг  Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Брагіна.