Суботняй раніцай 22 кастрычніка сярэдняя школа № 2 Верхнядзвінска гасцінна адчыніла дзверы ўсім, хто прыйшоў на свята ўраджаю “Восеньскі кірмаш”. Хлебны і садовы, шырокі і багаты, песенны і гасцінны, шчодры і таленавіты – усё гэта пра наш кірмаш!
З раніцы школа поўнілася вясёлым гоманам дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і гасцей. Усе загадзя вельмі пастараліся: падрыхтавалі вырабы з садавіны, агародніны, іншых прыродных матэрыялаў. А колькі смачных і арыгінальных кандытарскіх вырабаў было спечана навучэнцамі разам з бацькамі для кірмашу!
І вось пад мілагучную беларускую мелодыю вядучыя – вучаніцы 11 класа Кацярына Амельчанка і Вераніка Баран, а таксама вучань 10 “А” класа Ягор Урбан запрасілі ўсіх на свята. Атмасферу свята падтрымлівалі музычныя нумары ў выкананні Сафіі Пацянкоўскай з 2 “Б” класа, Жэні Кавалёнак, Насці Чарнавок і Каці Выгарнай з 3 “А” класа, Аліны Квач з 7 “А” класа, а таксама вучаніц 7 “Б” класа Дыяны Грыдзюшка, Хрысціны Кіслоўскай, Ганны Грамузавай і Міланы Юхневіч.
Багацце пірагоў, печыва, прысмакаў, разнастайныя вырабы кожны клас прадстаўляў па-свойму актыўна і творча. Вучань 2 “А” класа Аляксей Дзянісёнак разам з мамай Вольгай Васільеўнай заклікаў пакупнікоў: “Не хадзіце нікуды, падыходзьце ўсе сюды!” Дзяўчынкі з 2 “Б” класа ў нацыянальных касцюмах вершаванымі заклікамі прапанавалі пакупнікам свае вырабы. Вучні 2 “В”, 6 “А” класаў прапаноўвалі купіць не толькі прысмакі, але і самаробныя цацкі. Каб прэзентаваць свой тавар, вучаніцы 7 “А” класа Даша Паршута і Ганна Дубовік апрануліся ў самаробныя касцюмы ў выглядзе гародніны. А хлопцы з 10 “А” правялі латарэю, галоўным прызам якой былі абаранкі.
Бойка ішоў гандаль капустай, цыбуляй, морквай, шматлікімі пачастункамі… Свята восені спадабалася ўсім. Яно падаравала многа пазітыўных, станоўчых эмоцый. Школьны кірмаш – гэта мерапрыемства не толькі творчае, сямейнае, грамадзянска-патрыятычнае, але яшчэ і дабрачыннае. Нямала жадаючых знайшлося паўдзельнічаць у акцыі “Ад сэрца да сэрца” па збору грашовых сродкаў, якія членамі камісіі з ліку вучнёўскага самакіравання, бацькоўскай грамадскасці і педкалектыву былі пералічаны на разліковы рахунак Беларускага дзіцячага фонду.
Алена СЛЯМНЁВА,
намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска.