Надзейная будучыня

- 11:23Адукацыйная прастора

Прычына не замацавання маладых педагогаў на сваіх першых працоўных месцах не заўсёды звязана з матэрыяльнымі і бытавымі аспектамі. Часта пачынаючыя настаўнікі не спраўляюцца з перыядам прафесійнага станаўлення. Патрабаванні да педагогаў агульнаадукацыйнай школы штогод павышаюцца, укараняюцца новыя тэхналогіі, метады навучання. Усё гэта патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі, якой у маладых педагогаў не заўсёды хапае. Менавіта таму ў пачатку прафесійнага шляху для іх асабліва важныя падтрымка і дапамога больш вопытных калег.

Такога меркавання прытрымліваюцца ў галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і рэгіянальным інстытуце развіцця адукацыі. Для маладых настаўнікаў перыядычна праводзяцца спецыяльныя вучэбныя семінары, конкурсы, фестывалі, накіраваныя на развіццё прафесійных навыкаў. Чарговае такое мерапрыемства — фестываль “Прызванне — педагог” — адбылося нядаўна.

— Маладыя настаўнікі — надзея кожнай навучальнай установы на эфектыўнае функцыянаванне і інтэнсіўнае развіццё. Таму сістэма работы ў гэтым кірунку ў нас наладжана. Функцыянуюць школы маладых педагогаў, развіты інстытут настаўніцтва. Шмат робіцца і на абласным узроўні, — расказала начальнік аддзела арганізатараў адукацыі і педагагічнага працэсу МДАІРА С.В.Селязнёва.

Паводле яе слоў, фестываль “Прызванне — педагог” задуманы як своеасаблівая матывацыя пачынаючых настаўнікаў да ўдасканалення прафесійнага майстэрства. У адборачным туры прынялі ўд зел 75 маладых педагогаў з усёй вобласці. Усе яны дасылалі ў аргкамітэт свае відэаўрокі. У выніку былі вызначаны восем фіналістаў па намінацыях. Калі дакладней, лепшымі сталі настаўнік фізікі сярэдняй школы № 31 Бабруйска Д.А.Рагаўцоў, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 34 Бабруйска А.У.Перагудава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Глуска К.І.Патапенка, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 33 Магілёва П.А.Домніч, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 43 Магілёва Д.М.Тарасаў, настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 5 Магілёва Г.А.Башкірава, настаўнік біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 4 Горак У.І.Глушцоў, выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 43 Бабруйска А.У.Ляшчун.

У заключным туры фіналісты выступілі з публічным самапрадстаўленнем. Маладыя настаўнікі з хваляваннем расказвалі прысутным, чым быў абумоўлены іх выбар прафесіі, як праходзіў самы першы ўрок. Сур’ёзна і з гумарам педагогі гаварылі пра тое, як праходзіла іх прафесійнае станаўленне, у чым яны бачаць прызначэнне настаўніка.

— Настаўнік — гэта не работа, а прызванне. Настаўнік — гэта стан душы, — пераканана настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 34 Бабруйска А.У.Перагудава.

— Я ўсё сваё сэрца аддаю дзецям таму, што яны — галоўнае на свеце, — сказала настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 33 Магілёва П.А.Домніч.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Глуска К.І.Пата­пенка галоўнай сваёй задачай лі­чыць далучэнне вучняў да родных вытокаў, нацыянальных традыцый і культуры. Яна пераконвае дзяцей: веданне беларускай мовы — гэта прэстыжна. Такі падыход мае свой плён. Вучні, якія выступалі з педагогам на сцэне, не толькі спявалі, але і зачытвалі рэп па-беларуску.

Галоўнае, што спрабуе данесці сваім навучэнцам настаўнік фізкультуры сярэдняй школы № 43 Магілёва Д.М.Тарасаў, — важнасць і неабходнасць захавання фізічнага здароўя.

— Здаровыя дзеці сёння — гэта здаровае грамадства, здаровая краіна заўтра, — упэўнены Д.М.Тарасаў.

Наогул, кожнае выступленне стала сапраўдным адкрыццём. Фіналістаў фестывалю ўважліва слухалі і журы, і гледачы. Сваімі развагамі яны пераконвалі: у сістэмы адукацыі Магілёўшчыны — надзейная будучыня.

Пасля канкурсантам прапанавалі вырашыць разнастайныя педагагічныя сітуацыі. Пытанні былі розныя, і ўсе маладыя настаўнікі паспяхова справіліся з іспытам, выдатна прадэманстраваўшы свае прафесійныя і асобасныя якасці.

Фестываль стаў для яго ўдзельнікаў не толькі спаборніцтвам, але і магчымасцю абмяняцца вопытам. У нефармальнай атмасферы маладыя педагогі змаглі пагутарыць з пераможцамі рэгіянальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Выбар лепшых даўся журы не проста, у выніку без узнагарод не застаўся ніхто. Сімвал фестывалю “Залатое пяро” атрымаў настаўнік фізікі сярэдняй школы № 31 Бабруйска Д.А.Рагаўцоў. Акрамя таго, удзельнікам былі ўручаны падарункі ад шматлікіх спонсараў, кіраўнікоў устаноў адукацыі вобласці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.