Надзейны старт для працоўнага жыцця

- 10:07Нам пішуць, Рознае

Гісторыя Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці бярэ адлік з 1952 года, калі на базе філіяла Кіеўскага леспрамгаса была адкрыта школа механізацыі сельскай гаспадаркі ў Маларыце. Раённая газета ў нумары за 2 ліпеня 1953 года паведамляла: “Школа выпусціла новы атрад механізатараў. Навучанне ў школе закончылі 26 чалавек. Усе яны атрымалі спецыяльнасці камбайнераў. Сем чалавек залікі здалі на выдатна. Маладыя камбайнеры атрымалі ў школе глыбокія веды, прайшлі патрэбную практыку. Закончыўшы навучанне, яны будуць летам працаваць на палях калгасаў Маларытчыны і іншых раёнаў вобласці”. 

Праз 63 гады ў ліцэі адбыўся чарговы выпуск. 119 юнакоў атрымалі дыпломы і былі накіраваны на першае месца работы ў СВК Маларыцкага, Брэсцкага і Кобрынскага раёнаў. Выпускнікі будуць працаваць там трактарыстамі-машыністамі сельскааспадарчай вытворчасці, слесарамі па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электразваршчыкамі ручной зваркі і вадзіцелямі аўтамабіляў.

Віншуючы сёлетніх выпускнікоў, дырэктар ліцэя Станіслаў Ляшчук адзначыў, што лепш мець запатрабаваную прафесію і рабочае месца, чым дыплом аб заканчэнні УВА і быць беспрацоўным. Затым Станіслаў Яўгенавіч пажадаў выпускнікам добрага пачатку працоўнай дзейнасці, ажыццяўлення прафесійных планаў і ўручыў дакументы. Трэба адзначыць, што сёлета дыпломы з адзнакай, ганаровыя граматы і грашовыя прэміі атрымалі 4 выпускнікі.

– Можна не сумнявацца, што з набытай адукацыяй вы не згубіцеся ў рыначных умовах, – звярнуўся да выпускнікоў старшыня Маларыцкага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Віктар Марушаў. – Дзяржава дала вам надзейны старт для самастойнага працоўнага жыцця. І яго неабходна выкарыстаць. Упэўнены, што вы зможаце заняць годнае месца ў грамадстве, забяспечыць дабрабыт сваіх сем’яў і росквіт роднага краю.

Лепшыя навучэнцы ліцэя атрымалі імянныя стыпендыі галіновага прафсаюза за актыўны ўдзел у прафсаюзным і грамадскім жыцці. Некаторыя выпускнікі працягнуць вучобу ў Пінскім дзяржаўным індустрыяльна-педагагічным каледжы і Высокаўскім дзяржаўным сельскагаспадарчым ПТК.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.