Найбуйнейшы ў свеце вытворца мікрасхем пачынае маштабнае супрацоўніцтва з ПВТ

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Паўднёвакарэйская кампанія — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій SK hynix адкрыла навукова-даследчы цэнтр распрацоўкі праграмнага забеспячэння пад сваім брэндам.

Беларускі цэнтр распрацоўкі SK hynix — адзінае прадстаўніцтва сусветнай карпарацыі ва Усходняй Еўропе. Гэта пакуль першыя і значныя інвестыцыі карэйскага бізнесу ў беларускі ІТ-рынак.

У цырымоніі адкрыцця цэнтра прынялі ўдзел дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі, першы віцэ-прэзідэнт кампаніі SK hynix Джэйсан Лі, дырэктар кампаніі SK hynix memory solutions Eastern Europe Ховард Крыстафер Алан, Пасол Рэспублікі Карэя ў Беларусі Кім Енг Хо і намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Сяргей Шчарбакоў.

Як адзначыў Усевалад Янчэўскі, прыход такіх сусветных гігантаў у Беларусь — прамы вынік дзеяння дэкрэта прэзідэнта “Аб развіцці лічбавай эканомікі”.

Ховард Крыстафер Алан падзякаваў карэйскім партнёрам за падтрымку і істотныя інвестыцыі ў новы офіс. Ён таксама дадаў: “Мы пачалі працаваць у Беларусі каля пяці гадоў назад. Калі б не падтрымка Парка высокіх тэхналогій, то ў нас з калегамі не атрымалася б працаваць”.

Кім Енг Хо падкрэсліў, што кампанія SK hynix — адна з найбуйнейшых і аўтарытэтных у Рэспубліцы Карэя. “Некалькі гадоў назад у Беларусі працавала каля 60 супра-цоўнікаў SK hynix, цяпер — амаль 180. Прычым з Карэі прыехаў толькі адзін супрацоўнік, астатнія — мясцовыя. Гэта вельмі рэдкі выпадак. Думаю, што іх будзе станавіцца ўсё больш і яны ўнясуць вялікі ўклад у развіццё грамадства”, — сказаў пасол.

SK hynix уваходзіць у склад аднаго з найбуйнейшых у свеце шматпрофільных холдынгаў SK Group і забяспечвае каля паловы капіталізацыі паўднёвакарэйскага кангламерату. У мінулым годзе кампанія павялічыла выручку на 80 працэнтаў, яе даход склаў каля $30 млрд. У бягучым годзе фінансавыя паказчыкі ўжо выраслі на 20 працэнтаў. Сёння SK hynix з’яўляецца самай хуткарослай у свеце кампаніяй па вытворчасці мікрасхем і аператыўнай памяці. Яе распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў прадуктах Apple, Microsoft, LG, HP, Dell, Asus.