Накіраваны на развіццё

- 12:37Планёрка ў рэгіёне

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта Магілёўскай вобласці Мікалаем Міхайлавічам КАПАЕВЫМ, які падзяліўся адукацыйнымі і выхаваўчымі здабыткамі свайго рэгіёна.

— Мікалай Міхайлавіч, як развівалася і чаго дасягнула сістэма адукацыі Крычаўскага раёна ў мінулым навучальным годзе і што добрага адбылося за першую чвэрць гэтага навучальнага года?

— Здаецца, зусім нядаўна, на жнівеньскай канферэнцыі, былі падведзены вынікі мінулага навучальнага года, які адзначыўся перамогамі вучняў і педагогаў, найбольш значныя з якіх — дыплом II ступені вучаніцы сярэдняй школы № 1 Крычава Ангеліны Чарапанавай на Рэспубліканскім конкурсе навукова-біялагічных работ, 3-е месца ў абласным этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” яе навуковага кіраўніка настаўніка біялогіі М.А.Кавалёва, 6 перамог і 3 пахвальныя водгукі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах; 2 выпускнікі сталі лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу для навучэнцаў профільных класаў педагагічнай накіраванасці “Будучыя педагогі — пра школу будучыні”.

З 1 верасня 2016 года ў раёне стартаваў пілотны праект па фінансаванні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з прымяненнем нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў на навучанне і выхаванне ў разліку на аднаго навучэнца. Разам з першымі вераснёвымі званкамі 2017 года адбылося адкрыццё сярэдняй школы № 8 Крычава, якая адпавядае ўсім сучасным патрабаванням: абсталявана камп’ютарнымі і інтэрактыўнымі сродкамі навучання, электроннай прапускной сістэмай, створана безбар’ернае асяроддзе і развітая спартыўная інфраструктура, укаранёны праект “Электронная школа”.

За першую чвэрць навучальнага года выхаванцы Крычаўскага раённага цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі занялі 7 прызавых месцаў у адкрытым першынстве Магілёўскай вобласці па спартыўным скалалажанні, ёсць пераможцы ў абласной і рэспубліканскай спартакіядах па боксе, вольнай барацьбе, Рэспубліканскіх спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, вызначаны ўдзельнікі абласнога фестывалю маладых педагогаў “Прызванне — педагог”, абласнога конкурсу метадычных распрацовак, трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Установамі раёна ў новым годзе пачаты новыя традыцыі: правядзенне Дня пазітыву ў апошні дзень вучэбных заняткаў, флэш-акцый для насельніцтва “Дзень маці”, “Супраць жорсткага абыходжання з жывёламі”, “Дзень дабра”.

— Што цікавага ва ўстановах адукацыі раёна адбывалася на канікулах?

— Кожная ўстанова адукацыі раёна прадумала, як арганізаваць навучэнцам цікавы і пазнавальны вольны час у перыяд восеньскіх вакацый. Былі прадугледжаны фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўна-масавыя мерапрыемствы, экскурсіі, мерапрыемствы, якія фарміруюць здаровы лад жыцця, бяспечныя і адказныя паводзіны (з запрашэннем супрацоўнікаў РАУС, РАНС, устаноў аховы здароўя), работа аб’яднанняў па інтарэсах, валанцёрскіх атрадаў і інш. Была арганізавана работа васьмі аздараўленчых лагераў з дзённым знаходжаннем дзяцей, дні якіх былі насычаны рознымі цікавымі спартыўнымі, інтэлектуальнымі мерапрыемствамі, гульнямі. У дні восеньскіх канікул валанцёры працягнулі шэфства над удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, працаўнікамі тылу і сем’ямі загінуўшых ваеннаслужачых праз аказанне пасільнай дапамогі ва ўборцы прыдамавых тэрыторый (акцыі “Дом без адзіноты”, “Добрае сэрца — ветэранам”, “Спяшайцеся рабіць дабро”, “Ветэран жыве побач” і інш.).

— Якія задачы ставіце перад сабой на бягучы навучальны год?

— Асноўная задача сістэмы адукацыі раёна — прадастаўленне якасных адукацыйных паслуг на ўсіх узроўнях пры рацыянальным выкарыстанні бюджэтных сродкаў, мэтанакіраваным прыцягненні дадатковых фінансаў праз розныя віды дзейнасці (платныя паслугі, пазабюджэтная дзейнасць, інвестыцыйныя праекты, спонсарская, шэфская дапамога). А галоўнымі аспектамі дзейнасці ўстаноў адукацыі павінны быць выхаванне, развіццё мыслення навучэнцаў i дапамога ў выбары будучай прафесіі. Калі чалавек не валодае асноўнымі навыкамі жыцця ў грамадстве, наўрад ці зможа разлічваць на паспяховую будучыню. Калі чалавек умее думаць і сваімі намаганнямі пракладвае шлях да перамогі, то ў гэтым выпадку атрыманне ведаў у будучыні не складзе для яго праблем. Ну і, вядома, калі чалавек выбраў прафесію па душы і па сілах (здольнасцях, ведах), то менавіта так ён зможа прынесці максімальную карысць сабе, сваёй сям’і, грамадству, краіне.

— А як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ва ўстановах адукацыі вашага раёна?

— Установамі адукацыі праводзяцца круглыя сталы, класныя гадзіны з удзелам бацькоў і зацікаўленых арганізацый, службаў па актуальных праблемах выхавання. Актыўна ўцягваюцца бацькі ў правядзенне тэматычных дзён, тыдняў. Паколькі сем’і ў сучасных умовах маюць патрэбу ў сацыяльна-педагагічнай падтрымцы і псіхалагічнай дапамозе, нараўне з традыцыйнымі бацькоўскімі сходамі, універсітэтамі, школамі для бацькоў, лекцыямі па розных пытаннях сямейнага выхавання, актуальнымі формамі работы з’яўляюцца трэнінгі, індывідуальныя кансультацыі, урокі для бацькоў, якія праводзяць спецыялісты СППС. Школа сёння мае патрэбу ў актыўнай дзейнасці бацькоў, таму, напрыклад, у сярэдняй школе № 1 Крычава дзейнічае савет бацькоў, у сярэдняй школе № 8 набірае сілу праект “Агенцтва бацькоўскіх ініцыятыў”.

— Якую ролю адводзіце дзейнасці раённага вучэбна-метадычнага кабінета?

— У РВМК склаўся пазітыўны вопыт рэалізацыі мадэлі раённай метадычнай службы, што дазваляе забяспечыць дыферэнцыраваны падыход у рабоце праз фарміраванне розных метадычных фарміраванняў, творчых груп, праблемных семінараў як для настаўнікаў-прадметнікаў, так і для маладых спецыялістаў (школа станаўлення), будучых кіраўнікоў (школа рэзерву кадраў). Працуе школа педагагічнага майстэрства, павялічана колькасць метадычных фарміраванняў творчага ўзроўню; створаны якасны даведачна-інфармацыйны фонд запатрабаванай інфармацыі; пачата работа па ўкараненні дыстанцыйных форм прафесійных зносін. РВМК з’яўляецца цэнтрам падтрымкі развіцця адукацыі раёна, стварае адзіную адкрытую метадычную прастору на аснове фарміравання ўласнай сістэмы павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў.

— І апошняе: якія праблемы сёння больш за ўсё хвалююць начальніка аддзела адукацыі?

— Як начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму мяне хвалюе ўсё, што адбываецца ў сістэме адукацыі раёна: якасць і выніковасць адукацыйнага працэсу, абнаўленне яго зместу на аснове сучасных навуковых ведаў, укараненне інфармацыйных тэхналогій, навучанне і паспяховасць навучэнцаў, іх здароўе, прафесіяналізм педагогаў, якаснае выкананне сацыяльнага заказу законных прадстаўнікоў непаўналетніх, грамадства, узмацненне эфектыўнасці работы кожнай установы і кожнага педагога. Гэты пералік можна працягваць доўга. Але ўсё гэта не будзе эфектыўным і выніковым без стварэння сучаснага адукацыйнага асяроддзя і моцнай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі раёна, бо нават фарміраванне прыцягальнасці вучобы, атрыманне ведаў вучнямі немагчымы без прымянення самых апошніх дасягненняў навукі, інфармацыйных тэхналогій, электронных адукацыйных рэсурсаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.