Нармалізацыя адносін магчыма?!

- 11:43Інфармацыйная гадзіна

Лідар КНДР Кім Чэн Ын імкнецца заключыць мірнае пагадненне і ўстанавіць дыпламатычныя адносіны з ЗША, паведамляе ТАСС са спасылкай на паўднёвакарэйскую газету “Тона ільбо”.

“Канчатковая мэта Кім Чэн Ына — устанавіць нармальныя дыпламатычныя адносіны і заключыць мірны дагавор з ЗША, а таксама размясціць амерыканскае пасольства ў Пхеньяне”, — расказала газеце “Тона ільбо” крыніца ў адміністрацыі кіраўніка Рэспублікі Карэя. Яна таксама ўдакладніла, што аб гэтым намеры лідар КНДР згадаў на нядаўняй сустрэчы з паўднёвакарэйскай дэлегацыяй. Кім Чэн Ын таксама можа закрануць пытанне дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава ў час сустрэчы з Дональдам Трампам.

Раней паведамлялася, што лідар КНДР прапанаваў Прэзідэнту ЗША правесці сустрэчу. Дональд Трамп выказаў гатоўнасць сустрэцца з Кім Чэн Ынам да мая 2018 года.

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Карэя па нацыянальнай бяспецы Чон Ый Ён і дырэктар Нацыянальнай службы разведкі Со Хун 5—6 сакавіка наведалі Пхеньян і правялі там больш як чатырохгадзінныя перагаворы з Кім Чэн Ынам. Па выніках паездкі стала вядома, што дасягнута дамоўленасць аб правядзенні ў канцы красавіка сустрэчы лідараў КНДР і Рэспублікі Карэя. Акрамя таго, Пхеньян паведаміў аб гатоўнасці пачаць кансультацыі па нармалізацыі адносін з Вашынгтонам, у ходзе якіх можа абмеркаваць тэму дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава. КНДР абяцала замарозіць на перыяд дыялогу ракетна-ядзерныя выпрабаванні.