Народная лялька — лепшая цацка

- 8:12Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

На самым пачэсным месцы ў музейным пакоі Навамаркавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Жлобінскага раёна размясціліся лялькі Беларусачкі і Дзядулі-­франтавіка з унучкай, якая чытае яму ліст яго ваеннага сябра.

Непаўторныя вобразы

Зроблены гэтыя лялькі пад кіраўніцтвам Таццяны Крышневай — настаўніцы рускай мовы і літаратуры, педагога дадатковай адукацыі нашай установы. 

Сёння на спажывецкім рынку вялікая колькасць лялек. Некаторыя з іх мо­гуць парушыць псіхаэмацыянальны стан дзіцяці або не пакідаюць магчымасці для творчасці ў гульні. А раней лялька была цесна звязана з укладам жыцця сям’і, уводзіла дзяцей у свет дарослых, рыхтавала да самастойнай працы, зберагала і перадавала накоплены вопыт ад старэйшага пакалення маладзейшаму. У мінулым лялек дзецям шылі бабулі і матулі, старэйшыя сёстры. Гадоў з пяці лялек маглі ра­біць і самі дзеці. 

Таццяна Сяргееўна Крышнева амаль дзесяць гадоў назад пачала шыць лялек сваімі рукамі і зацікавіла гэтай справай школьнікаў у аб’яднанні па інтарэсах “Свет лялек”. За гэты час навучэнцы даведаліся аб гісторыі народнай лялькі і навучыліся ствараць вобраз жывой, роднай цацкі. 

Лялькі, зробленыя рукамі з лапікаў тканіны, ваты і нітак, экалагічныя. Яны не выхоўваюць рэчаізм, бо існуюць у адзіным экзэмпляры. Выраб лялькі — цікавы від народнага рамяства. У працэсе дзіця вучыцца краіць і шыць, вязаць, валяць, гарманічна падбіраць колер для строяў. З’яўляюцца навыкі работы з рознымі матэрыя­ламі і інструментамі. Гатовыя лялькі дастаўля­юць дзецям радасць. Нельга не пага­дзіцца са словамі: “Хто ў дзяцінстве ў лялькі не гуляў, той шчасця не спазнаў”. У кожнай лялькі свой характар, у ёй адлюстроўваецца чалавечая гісторыя. Лялька з тканіны не патрабуе значных затрат і дае вялікія магчымасці для фантазіі. Яна выхоўвае дабрыню, любоў і спачуванне, вучыць разумець пачуцці іншага чалавека, яго ўнутраны свет. 

Дзіцячая наіўнасць, багатая фантазія, нестандартнасць мыслення даюць магчымасць ства­раць непаўторныя вобразы. Для Таццяны Сяргееўны гэта нават не спецыяль­насць, а частка жыцця. Для яе важна бачыць ра­дасць у вочках дзяцей. Педагог пераканана, што дзеці, якія робяць самастойныя крокі ў мастацтве, умеюць пазітыўна глядзець на свет і смела крочаць да сваёй мары. Яна знаходзіць сілы і цярпенне, каб знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Работы яе выхаванцаў штогод займаюць прызавыя месцы не толькі на раённых этапах конкурсаў, але і на абласных. Між тым для Таццяны Крышневай творчая работа — у задавальненне. 

На яе занятках атма­сфера даверу і ветлівасці. Тут ніколі не бывае сумна. Якую б ляльку ні стваралі дзеці, галоўнае — выхоўваць у іх агульначалавечыя каштоўнасці. Для школьнікаў Таццяна Сяргееўна — старэйшы таварыш, чалавек з бязмежнай творчай фантазіяй, які бачыць сэнс жыцця ў тым, каб несці даб­ро і мір усім людзям, каб зберагчы культурную спадчыну, каб кожнае дзіця побач з ёй было шчаслівым. 

Музейныя экспанаты

За некалькі гадоў творчасці мы стварылі музейны пакой, які стаў візітнай карткай нашай установы адукацыі. Вялікае месца ў ім адведзена каляндарна-абрадавай творчасці. А пачалося ўсё ў 2015 го­дзе, калі на XIX Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка” Ксенія Курс пад кіраўніц­твам Таццяны Крышневай заняла 3-е месца. 

На печы сядзяць дзядуля з катом, бабуля ля печы завіхаецца, а на парозе ўнучка ідзе шчадраваць. Усіх персанажаў зрабілі дзеці. Сёння тут ёсць каза, цыган з мядзведзем, ахмістрыня, калядоўшчыкі і гаспадар з гаспадыняй. Над гэтым праектам працавалі ўсе разам. Хлопчыкі змайстравалі каркас для печы, лесвічку з драўніны. Дзяўчаты аздаблялі ўсё ў беларускім стылі, і ў выніку атрымалася шыкоўная тэматычная выстава. 

Затым з’явілася выстава, прысвечаная святкаванню Новага года: камін, аздоблены беларускай выцінанкай, ёлачка, Дзед Мароз са Снягуркай і, канечне, шмат падарункаў. Святкаванне Вялікадня не абыходзіцца без велікоднай выставы — разнастайных пеўнікаў і курачак з яйкамі. Ёсць шмат тэматычных выстаў: і сучасныя лялькі, і інтэр’ерныя, лялькі-пакетніцы і г.д. Штогод гэтыя выставы папаўняюцца новымі экспанатамі. Такім чынам, традыцыйная лялька выконвае цяпер новую камунікатыўную функцыю. Яна стала жывым сродкам зносін і далучэння да народнага культурнага вопыту. 

Лялька набывае жыццё з дапамогай волі свайго стваральніка. Такія лялькі прыносяць з сабой цяпло і вяртаюць у дзяцінства. Прыемна, што сваімі рукамі можна зрабіць арыгінальныя падарункі для сяброў і сваякоў.

Кожны раз, заходзячы ў музейны пакой, наведваючы заняткі аб’яднання па інтарэсах, я яшчэ і яшчэ раз пераконваюся, што не страцілася духоўная каштоўнасць традыцыйнай лялькі, яе галоўная здольнасць — дарыць дзецям радасць. Я пераканана, што ў сучасным жыцці традыцыйная народная лялька дапамагае выхоўваць сапраўдныя пачуцці патрыятызму, любові да працы, павагу да роднай культуры і сваёй зямлі.

Святлана МІРАЕЎСКАЯ, 
намеснік дырэктара Навамаркавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Жлобінскага раёна.