Народныя танцы і стрыт-культура на адной сцэне

- 10:50"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Колькі гадоў запар з’яўляюся пастаянным гледачом “АРТ-вакацый” на Гомельшчыне, але такіх эмоцый, такога захаплення і нават здзіўлення ў мяне яшчэ не было. Сёлета прафтэхаўцы прынеслі на сцэну мноства напрамкаў. Народныя танцы перапляталіся з сучаснымі і нават стрыт-культурнымі нумарамі, народныя песні — з папулярным у маладзёжным асяроддзі рэпам, і гэты мікс прыносіў сапраўдную асалоду вачам і слыху.

“Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні!”, — такі дэвіз Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “АРТ-вакацыі” 2017 года. І, здаецца, юнакі і дзяўчаты запэўнілі, што яны здольныя ствараць цікавую гісторыю.

Гомельскі абласны дом навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, дзе праходзіў гала-канцэрт абласнога этапу фестывалю, ператварыўся ў вялізную творчую пляцоўку. Тыя, хто прыйшоў на мерапрыемства раней пазначанага часу, не сумавалі: пакуль за кулісамі ўдзельнікі пераапраналіся і яшчэ раз праганялі свае нумары, іх не менш таленавітыя равеснікі сустракалі гасцей у холе спевамі і музыкай. Такі музычны праменад падымаў настрой і абяцаў лепшыя ўражанні ў бліжэйшыя некалькі гадзін.

Гала-канцэрт пачаўся з узнагарод: начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын, прадстаўнікі прадпрыемстваў і грамадскіх арганізацый Гомельшчыны ўручылі падарункі і дыпломы дырэктарам устаноў адукацыі, дзе творчаму развіццю навучэнцаў удзяляецца асаблівая ўвага. Варта сказаць, што кіраўнікі ліцэяў і каледжаў, іх намеснікі па выхаваўчай рабоце, педагогі-арганізатары, культарганізатары — усе яны былі ў якасці гледачоў і, як адзначалі члены журы, у пэўнай ступені ўдзельнічалі ў гэтым дзеянні.

— Мы ўбачылі выдатныя прыклады масавай занятасці моладзі ў харэаграфіі, у масавым танцаванні, — заўважыла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч. — Добра, што на мерапрыемства былі запрошаны кіраўнікі ўстаноў і педагогі, якія займаюцца выхаваўчай работай. Асабліва каштоўна для тых, дзе пакуль такія формы не вельмі часта ўжываюцца, — можна казаць, што для іх атрымаўся своеасаблівы метадычны дзень.

Насамрэч, творчыя нумары, прадстаўленыя дзецьмі на сцэне, неслі ў сабе значна больш, чым проста яскравыя выступленні. Напрыклад, было шмат нумароў, якія прапагандавалі здаровы лад жыцця. І гэта не агітбрыгада, якая б спрабавала словамі данесці равеснікам, як важна займацца спортам і пазбавіцца дрэнных звычак. Гэта — творчыя нумары мужных, умелых хлопцаў, якія з лёгкасцю робяць трайное сальта, пераадольваюць розныя перашкоды. Па сутнасці, дэманстравалася стрыт-культура, і яна знайшла сабе месца на сцэне!

Трапіла ў канцэртныя нумары таксама і прапаганда рабочых спецыяльнасцей. Будаўнікі, металургі, меліяратары, мадэльеры ў танцы паказалі ўсю прыгажосць чалавечай стваральнай працы.

Яшчэ адной адметнай рысай сёлетняга гала-канцэрта можна назваць тэатр пластыкі. Гэта не ў чыстым выглядзе харэаграфія, а нейкія разважанні. Такіх нумароў было шмат. Магчыма, як адзначыла журы, яны маюць тэндэнцыю развіцця, і ёсць неабходнасць падумаць над гэтым. Магчыма, трэба ўнесці ў палажэнне аб фестывалі нейкія дадатковыя намінацыі.

— Фестывалю ўжо больш за 15 гадоў, і ўзровень з кожным разам вышэйшы, — падзялілася сваімі ўражаннямі Алена Лаўрыновіч. — Гомель другі на шляху адборачнага тура, таму параўноўваць з іншымі рэгіёнамі пакуль немагчыма. Але ж можна параўнаць самі гомельскія калектывы. У 2015 годзе Гомельская вобласць атрымала гран-пры фестывалю. Тое, што мы ўбачылі сёння, нас вельмі ўразіла, гэта на парадак вышэй таго, што было два гады назад. Канцэрт атрымаўся проста цудоўны. Ён настолькі шматгранны, настолькі аб’ёмны! Таму можна павіншаваць гомельскую моладзь з паспяховымі “АРТ-вакацыямі”.

Алена Сяргееўна раіць чытачам газеты, педагогам звярнуць увагу на відэаматэрыялы “АРТ-вакацый” гэтага года, якія будуць размешчаны на партале artviva.by. Гэта матэрыялы, якія ў многім дапамогуць не толькі ў развіцці творчага патэнцыялу навучэнцаў, але і ў выхаваўчай рабоце ўвогуле.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.