“Наша краіна ідзе курсам, якім можа сёння ганарыцца любая дзяржава”

- 9:46Выбары 2015

Сродкі масавай інфармацыі Беларусі забяспечаць грамадзянам права атрымання інфармацыі і стварэння аднолькавых умоў для кандыдатаў у прэзідэнты, каб іх выбарныя праграмы, прапановы былі шырока вядомыя кожнаму жыхару краіны, кожнаму выбаршчыку для прыняцця свядомага выбару на карысць далейшага развіцця Беларусі. Аб гэтым заявіла на пасяджэнні праўлення Беларускага саюза жанчын міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

На думку міністра, выбары — гэта час ісціны для дзяржавы, якая за 20 гадоў адбылася як суверэнная. “Палітыка нашай краіны выверана беларускім народам, палітыка, якая неаднаразова паказвала, што наша краіна ідзе курсам, якім можа сёння ганарыцца любая дзяржава”, — падкрэсліла яна.
Як адзначыла Лілія Ананіч, інфармацыйная прастора Беларусі адкрыта, зарэгістравана 1,5 тысячы нацыянальных друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, дзве трэці з якіх — недзяржаўныя. Распаўсюджваецца больш як 3 тысячы замежных друкаваных СМІ, каля 200 тэлеканалаў, не гаворачы пра інтэрнэт, які літаральна пранізаў усё грамадства. “У далейшым у ходзе выбарчай кампаніі будзе нарастаць тая пена, на якой будуць спекуляваць нашы апаненты. Яны не будуць грэбаваць ніякімі метадамі для таго, каб ліць бруд на беларускую рэчаіснасць. Ужо сёння гэта назіраецца ў інтэрнэце. Мы маем рычагі ўплыву ў адпаведнасці з Законам аб СМІ, але разам з тым няма мэты і задачы кіраваць сітуацыяй адміністрацыйнымі рэсурсамі. Грамадскае меркаванне трэба фарміраваць і жаночымі намаганнямі ў тым ліку”, — лічыць Лілія Ананіч.
“Лічу, што жанчыны, Беларускі саюз жанчын павінны актыўна ўключыцца ў агітацыйны працэс, проста расказваючы аб тым, як мы жывём, расказваючы аб нашых сем’ях, якія ў нас імкненні. Нам не трэба нічога даказваць, мы краіна, якая адбылася, бачым, як шмат зроблена, і зробім яшчэ больш, калі будзем разам”, — падкрэсліла міністр.
Паводле яе слоў, Беларускі саюз жанчын павінен заклікаць усіх удзельнікаў выбарчай кампаніі да максімальна карэктнай выбарнай агітацыі. Гэта прапанова была падтрымана. “Лічу, што жанчыны маюць права сказаць гэта на поўны голас, заклікаць удзельнікаў выбарчай кампаніі не ліць бруд на сваю краіну і на свой народ”, — дадала Лілія Ананіч.