Вельмі багатую духоўную спадчыну продкі перадалі нам. Спасцігнуць іх мудрасць і вопыт можна вывучаючы родную мову. Мілагучная, багатая, жывая беларуская мова заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ей размаўлялі.
Я ўдзячна лёсу за тое, што стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Гэта дае магчымасць передаць маю любоў і павагу да роднай мовы маім вучням.
Кожную раніцу я спяшаюся ў школу, каб дапамагчы дзецям усвядоміць унікальнасць і багацце мовы, а праз яе — багацце культурнай спадчыны і гісторыі беларускага народа.
Ідэя правядзення кожны чацвер Дня беларускай мовы была ўспрынята мной з радасцю і энтузіязмам. Гэта дае магчымасць рэалізаваць мае творчыя планы і задумкі, накіраваныя на тое, каб сучасная моладзь загаварыла на беларускай мове. Каб гэтыя мерапрыемствы выклікалі зацікаўленасць, я супрацоўнічаю з музеямі, бібліятэкамі, таварыствам беларускай мовы, а таксама з цікавымі людзьмі.
Менавіта таму нашы «чацвяргі» праходзяць весела, цікава, пазнавальна.
Таццяна ГРЫШАНАВА,
настаўніца сярэдняй школы № 4 Магілёва.