Настасся Асмалоўская: у рабоце выхавальніка я знайшла сваё жыццёвае прызначэнне

- 9:00Главная, Образование

Выхавальніца дзіцячага сада аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна Настасся Асмалоўская сваю задачу бачыць у тым, каб зразумець дзіця і прыняць такім, якое яно ёсць, узбагаціць яго асобу новымі ведамі і ўменнямі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Для Настассі Асмалоўскай яе работа не проста любімая справа, а лад жыцця. У свой час прафесію яна выбрала сэрцам. Яшчэ са школы ведала, што яе працоўны шлях будзе звязаны з педагогікай.

— Праўда, першапачаткова хацела ­стаць дэфектолагам, узаемадзейнічаць з асаблівымі дзеткамі. У дашкольную адукацыю трапіла выпадкова: у год паступлення ў МДУ імя А.А.Куляшова не было набору на патрэбную спецыяльнасць, і я вырашыла выбраць сумежную. Думала, пасля прайду перападрыхтоўку. Аднак вучоба зацягнула, а практыка пераканала: работа з дашкольнікамі — тое, да чаго ляжыць душа, — паведаміла педагог.

Па размеркаванні Настасся Сяргееўна два гады назад прыйшла працаваць у дзіцячы сад аграгарадка Вішоў, хаця магла паехаць у вялікі горад.

— Былі варыянты размеркавання ў Магілёў і Бабруйск, але мэтанакіравана выбрала Бялыніцкі раён. Спадабаўся калектыў і падтрымка, прадугледжаная для маладых спецыялістаў. Пасля прыбыцця мяне адразу забяспечылі жыллём, арганізавалі побыт. Падтрымка была і ў метадычным плане. Дзякуючы майму настаўніку Людміле Аляксандраўне Князевай, удалося хутка прайсці прафесійнае станаўленне, — расказала Настасся Асмалоўская.

Спачатку ў маладога выхавальніка ўзнікалі пэўныя цяжкасці: было няпроста знайсці з малышамі агульную мову. Дапамаглі любоў, цярпенне, увага і клопат.

— Усе дзеткі розныя і ўнікальныя, таму шукаю індывідуальны падыход да кожнага маленькага сэрцайка. Сваю задачу бачу ў тым, каб не перавыхоў­ваць дзіця, а зразумець і пры­няць яго такім, якое яно ёсць, узбага­ціць яго асобу новымі ведамі і ўменнямі, — адзначыла Настасся Сяргееўна.

Зараз выхавальніца працуе ў другой малодшай групе, у якой 11 хлопчыкаў і дзяўчынак. З маленькімі непаседамі працоўны дзень маладога педагога распісаны ў літаральным сэнсе па хвілінах.

— Работа выхавальніка не такая лёгкая, як здаецца. Кожнага малыша трэба прывітаць і прылашчыць, сачыць за рэжымам дня, праводзіць вучэбныя заняткі, прыдумваць развіццёвыя мерапрыемствы і забавы. Сваіх выхаванцаў я вучу ветлівасці і даб­рыні, прывіваю ім любоў і павагу да роднага дома, нашай вёскі, раскрываю іх здольнасці. Стараюся даць дзецям як мага больш і падаю інфармацыю ў цікавай форме, — заўважыла Настасся Сяргееўна.

Каб захапіць сучасных дзяцей, яна імкнецца прымяняць перадавыя адукацыйныя тэхналогіі, разнастайныя дыдактычныя матэрыялы. Педагог шырока выкарыстоўвае метад візуалізацыі і кейс-тэхналогіі.

— На гэтых методыках я спынілася наўмысна. Дзеці сёння захоплены гаджэтамі, у іх кліпавае мысленне, таму візуалізацыя тут вельмі дарэчы. Па прынцыпах кейс-тэхналогіі ствараю для выхаванцаў мультфільмы і гульні. Такі фармат заданняў ім неверагодна цікавы. Многія заняткі суправаджаю музыкай, і гэта таксама заўсёды знахо­дзіць добры водгук у малышоў, — расказала суразмоўніца.

Нягледзячы на невялікі працоўны стаж, Настасся Асмалоўская ўжо мае другую кваліфікацыйную катэгорыю. А ўсё таму, што малады выхавальнік знаходзіцца ў бесперапынным творчым пошуку: вывучае новае, прымае ўдзел у метадычных семінарах і канферэнцыях, прафесійных конкурсах. Летась стала лаўрэатам абласнога фестывалю “Прызванне — педагог”.

У планах Настассі Сяргееўны — далейшае развіццё. Яна мае цвёрды намер застацца ў прафесіі.

— У рабоце выхавальніка я знайшла сваё прызванне. Кожны дзень іду да дзяцей, гляджу ў іх шчырыя вочы і разумею, што патрэбная ім. Дзіцячы сад аграгарадка Вішоў стаў маім другім домам, дзе мяне любяць і цэ­няць, — зазначыла выхавальніца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара