Настаўнік-дэфектолаг у вас дома

- 10:54Спецыяльная адукацыя

Адносіны бацькоў да сумеснай з настаўнікам-дэфектолагам работы па выпраўленні маўлення дзяцей неадназначныя. Частка бацькоў, якія зацікаўлены ў выніках, актыўна ўключаецца ў сумесную работу. Іншыя ж, наадварот, ухіляюцца ад работы па выпраўленні маўленчых дэфектаў у дзяцей. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікла патрэба знайсці набольш аптымальныя формы прыцягнення бацькоў да сумеснай работы па карэкцыі маўленчых парушэнняў у дзяцей. Так узнікла ідэя стварэння таварыства “Настаўнік-дэфектолаг у вас дома”, і выбрана для гэтага сучасная форма ўзаемадзеяння — зносіны ў рамках віртуальнай лагапедычнай суполкі. Мая задача была ў тым, каб стварыць праект, даступны, зразумелы і зручны для карыстальнікаў усіх узростаў.

Сустрэнемся “УКантакце”

Пры планаванні дзейнасці па рэалізацыі праекта я вывучыла літаратуру па стварэнні віртуальных суполак, падабрала спецыяльныя праграмы па сайтабудаванні, азнаёмілася з магчымасцямі кіравання віртуальнай суполкай і вызначыла асноўныя яе блокі, модулі і іх змест. Вывучыла патрэбы бацькоў у атрыманні неабходнай інфармацыі (правядзенне папярэдняй размовы з бацькамі, анкетаванне), падабрала кансультатыўны матэрыял па парушэннях, якія ёсць у дзяцей. Прадугледзела магчымасць зваротнай сувязі. Адсочваць, як бацькі наведваюць суполку і знаёмяцца з кансультатыўнымі матэрыяламі, магчыма, дзякуючы функцыі “статыстыка”.Суполка “УКантакце” з’яўляецца адным з асноўных інструментаў, якія дазваляюць наладзіць гарызантальныя міжкарыстальніцкія сувязі, дзе бацькі будуць выступаць не проста ў ролі пасіўных слухачоў, а ў ролі актыўных суб’ектаў. Яны будуць дзяліцца вопытам выхавання, даваць парады, удзельнічаць у групавых абмеркаваннях, наладжваць зносіны не толькі з педагогам, але і паміж сабой. У той жа час можна адзначыць і моцнае жаданне большасці бацькоў аператыўна атрымліваць інфармацыю пра дзіця, яго поспехі, праблемы. Прадуктам майго праектавання з’яўляюцца тры блокі, кожны з якіх уключае ў сябе пэўныя мэты і задачы.
1. Кансультатыўны блок. У гэтым раздзеле я змяшчаю матэрыял, запланаваны мной на год. Тэмы для кансультацый вызначаюцца бацькамі шляхам іх апытання на пачатак года. На першым бацькоўскім сходзе ў першых днях верасня я прашу бацькоў вызначыцца з тэмамі кансультацый, якія яны хацелі б атрымаць у настаўніка-дэфектолага ў гэтым навучальным годзе, і складаю прыкладны пералік матэрыялаў для кансультавання. У кансультатыўным блоку ў бацькоў ёсць магчымасць пакідаць каментарыі, задаваць пытанні, абменьвацца думкамі. У настаўніка-дэфектолага ёсць магчымасць непасрэдна адказаць на пытанне кожнага з бацькоў, улічыць унікальнасць сям’і, дзіцяці.
Кансультатыўны блок прадстаўлены па напрамках:
— аказанне кансультатыўнай дапамогі бацькам (законным прадстаўнікам) па лагапедыі, навучанні і развіцці дзіцяці з маўленчымі парушэннямі;
— актывізацыя і ўзбагачэнне выхаваўчых уменняў бацькоў, падтрымка іх упэўненасці ў сваіх педагагічных магчымасцях;
— забеспячэнне адзінства і пераемнасці “бацькі — лагапед”.
2. Метадычны блок. Практычны вопыт работы ва ўстанове адукацыі дазваляе зрабіць выснову аб тым, што сучасным бацькам патрэбна пастаянная метадычная дапамога настаўніка-дэфектолага для вырашэння праблем маўленчага развіцця дзіцяці. Далучэнне бацькоў да выхаваўча-адукацыйнага працэсу, да карэкцыйна-педагагічнай дзейнасці важнае не таму, што гэтага хоча настаўнік-дэфектолаг, а таму, што гэта неабходна для развіцця іх дзіцяці. У метадычным блоку шырока прадстаўлена прафесійная лагапедычная дапамога бацькам у выглядзе разнастайных моўных гульняў, практыкаванняў, забаў, методык, дапаможнікаў, а таксама пералік мультфільмаў, якія выкарыстоўваюцца пры праходжанні лексічных тэм.
Бацькі могуць скарыстацца падборам практычнага матэрыялу, які ўключае ў сябе лексічныя, граматычныя, слоўнікавыя заданні, заданні на развіццё ўвагі, памяці. У бібліятэцы ёсць гульні і практыкаванні, якія выкарыстоўваюцца на франтальных і індывідуальных лагапедычных заданнях. Дзякуючы арыгінальным ідэям, прапановам саміх бацькоў бібліятэка папаўняецца практычным матэрыялам.
3. Інфармацыйны блок. Ніхто лепш за бацькоў не знойдзе аптымальнага падыходу да дзіцяці і ніхто так востра не зацікаўлены ў канчатковым выніку. Бывае, што бацькі адмаўляюцца ад лагапедычнай дапамогі, не разумеючы сур’ёзнага маўленчага дыягназу свайго дзіцяці. Часта яны прывыкаюць да маўлення малыша і не заўважаюць многіх праблем у яго развіцці, асабліва калі дзіця адзінае ў сям’і. Патрабуюцца індывідуальныя гутаркі з кожнай мамай, каб пераканаць яе ў мэтазгоднасці наведвання дзіцем заняткаў настаўніка-дэфектолага.
У гэтым блоку бацькі змогуць знайсці:
1. Даныя аб прасоўванні свайго дзіцяці, выніках работы ў плане карэкцыі парушэнняў.
2. Інфармацыю аб лагапедычных мерапрыемствах, адкрытых занятках.
3. Інфармацыю пра час правядзення псіхолага-педагагічнага абследавання.

Як адкрыць суполку

Крок першы: я стварыла асабісты акаўнт, на аснове якога пазней была створана суполка. Крок другі — стварэнне суполкі. Узаемадзеянне ва “УКантакце” я пачала са стварэння адкрытай групы, куды могуць увайсці педагогі, бацькі і спецыялісты. У мяне як стваральніка/адміністратара групы ў сетцы ёсць розныя магчымасці прыцягнення бацькоў да зносін адно з адным: размяшчэнне фотаздымкаў з падзеямі групы/класа, з дзецьмі ў розных відах дзейнасці; размяшчэнне відэазапісаў з ранішнікаў, класных вечарын, адкрытага ўрока і г.д.; публікацыя вынікаў творчай і інтэлектуальнай дзейнасці дзяцей (вырабы, прэзентацыі, праекты); размяшчэнне рэкамендацый па выхаванні і навучанні дзяцей у выглядзе спасылак на псіхолага-педагагічную літаратуру і педагагічныя сайты. Гэтыя і іншыя формы павінны матываваць бацькоў на ўдзел у сумесных абмеркаваннях пытанняў, на каментаванне матэрыялаў. А гэта ўжо новы ўзровень работы з бацькамі.Пасля таго як сеткавыя зносіны набудуць стабільны і мэтанакіраваны характар, з’явіцца выразная зваротная сувязь, я разам з бацькамі магу ўскладняць формы ўзаемадзеяння: праводзіць віртуальныя бацькоўскія сходы, анлайн-кансультацыі, анлайн-анкетаванне, скайп-канферэнцыі і інш. Гэтыя формы ўзаемадзеяння бацькоў і дэфектолага ўмацуюць непасрэдныя зносіны бакоў, выведуць іх на якасна новы ўзровень. Менавіта таму арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння з бацькамі з’яўляецца адной з цікавых і нефармальных форм работы, якая на практыцы паказвае станоўчы вынік і выклікае апошнім часам заслужаную цікавасць і ў педагогаў, і ў бацькоў.

Навучанне бацькоў

У суполцы можна абмяркоўваць любую тэму. Можна сказаць, што віртуальная суполка — гэта клуб па інтарэсах. Іншымі словамі, “Настаўнік-дэфектолаг у вас дома” — гэта такое месца ў інтэрнэце, дзе збіраюцца людзі, якіх аб’ядноўвае адно захапленне або ідэя, і маюць зносіны на тэмы, якія іх цікавяць. Бацькі дапамагаюць адно аднаму парадамі і падказкамі, абменьваюцца жыццёвым вопытам, падтрымліваюць адно аднаго. Я як адміністратар маю доступ да ўсіх абмеркаванняў карыстальнікаў, тым самым магу вызначыць для сябе асноўныя напрамкі работы з бацькамі, зразумець іх.
Сёння зносіны адбываюцца наступным чынам. На сцяне суполкі размешчаны час правядзення кансультацыі, якая будзе праводзіцца ва ўстанове адукацыі, і час выхаду ўдзельнікаў для папярэдніх зносін анлайн. Напярэдадні кансультацыі бацькі непасрэдна ў суполцы абмяркоўваюць будучую тэму кансультавання і ўносяць свае дапаўненні, задаюць дадатковыя пытанні. Я ўношу дапаўненні ў сваю кансультацыю, раблю індывідуальныя паметкі.
Сярэдняя наведвальнасць суполкі ў суткі — 3—4 чалавекі. Агульная колькасць удзельнікаў суполкі — 52 чалавекі. Сярэдні ўзрост наведвальнікаў 27—30 гадоў — 68%, а гэта большасць бацькоў, чые дзеці наведваюць заняткі ў пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.
Колькасць мэтавых наведвальнікаў у суполцы і іх пераход у наведвальнікі праз крыніцу “Прамыя спасылкі” і “Мае групы” ў суполку складаюць 75%. Гэта значыць, што суполку наведваюць тыя, хто ўжо з’яўляецца ўдзельнікам гэтага праекта. Наведвальнікаў праз пошукавыя сістэмы і пошук “УКантакце” — прыкладна 5%.
Самымі папулярнымі матэрыяламі ў суполцы з’яўляюцца відэазапісы, абмеркаванні, навіны і “сцяна суполкі”, дзе я пакідаю дамашнія заданні і цікавыя матэрыялы — 5—7 чалавек на дзень.
У верасні 2014 года было праведзена анкетаванне бацькоў па выяўленні ўзроўню агульнай дасведчанасці бацькоў па праблеме маўленчага развіцця свайго дзіцяці. Апытанне праводзілася ў пачатку навучальнага года на агульным бацькоўскім сходзе. У канцы навучальнага года я зноў правяла анкетаванне ў тым жа фармаце. Прааналізаваўшы вынікі, я з задавальненнем для сябе адзначыла, што адказы бацькоў на пытанні анкеты былі больш поўнымі, не было пытанняў без адказаў. Гэта значыць, што бацькі сталі больш адукаванымі, усвядомлена падыходзілі да выканання дамашніх заданняў настаўніка-дэфектолага. Усё гэта павысіла якасць карэкцыйнай работы. Так, працэнт выпраўлення парушэнняў за 2013/2014 навучальны год склаў 35%, а за 2014/2015 навучальны год — 50%.

Вынікі работы

За час інтэрактыўнага ўзаемадзеяння настаўніка-дэфектолага і бацькоў з дапамогай анлайн-зносін у сацыяльных сетках групы “Настаўнік-дэфектолаг у вас дома” ў дзяцей адбыліся значныя змены ў маўленчым развіцці. У дарослых удзельнікаў групы павысілася кампетэнтнасць у пытаннях маўленчага развіцця дзяцей. Бацькі ўсвядомілі, як важна ўзаемадзейнічаць з педагогамі для атрымання інфармацыі, зразумелі, што займацца з дзецьмі трэба ў дамашніх умовах не таму, што гэтага хоча настаўнік-дэфектолаг, а таму, што гэта неабходна для развіцця дзіцяці. Гэтая форма работы з’яўляецца эфектыўнай, дазваляе ў рэальным часе вывучаць патрэбы бацькоў, аператыўна рэагаваць на запыты, якія ўзнікаюць, а самае галоўнае — рэальна дапамагаць дзецям.
Хочацца заўважыць, што інтэрактыўнае ўзаемадзеянне настаўніка-дэфектолага і бацькоў выхаванцаў з дапамогай анлайн-зносін у сацыяльных сетках не адмяняе традыцыйныя формы (кансультацыі, бацькоўскія сходы, папкі-перасоўкі, памяткі і інш.), таму што далёка не ўсе сем’і выхаванцаў, якія маюць патрэбу ў карэкцыі маўлення, ахоплены гэтай формай работы.
Падводзячы вынікі сваёй работы ў гэтым праекце, адзначу, што ідэя стварэння віртуальнай суполкі была актуальнай. Бацькі:
1) выходзяць на сувязь у зручны для іх час (вольны ад дамашняй работы);
2) маюць магчымасць выйсці на сувязь з любой прылады (мабільнага тэлефона, планшэта, камп’ютара);
3) больш свабодна пачынаюць размову;
4) смялей задаюць пытанні.
Калі бацькам нязручна абмяркоўваць свае праблемы і задаваць хвалюючыя пытанні на сходзе ў прысутнасці іншых бацькоў, то яны могуць рабіць гэта ў нашай групе ў сацыяльнай сетцы. Такім чынам, да новых прапаноў яны адкрыты, што робіць працэс камунікацыі больш эфектыўным.

Кацярына ЯНОВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг Дакурнішскага ясляў-
сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.