“Настаўнік года — 2020” — малады географ з Гомеля!

- 9:36Актуально, Апошнія запісы

Учора напярэдадні Дня настаўніка ў сталіцы прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, на якіх ганаравалі лепшых педагогаў краіны. Але ж галоўная інтрыга была раскрыта ў Палацы Рэспублікі, дзе быў абвешчаны пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020”. Ім стаў настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзім Алегавіч Лосеў. Імя лепшага педагога краіны агучыў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Вадзім Алегавіч вылучаўся сярод астатніх удзельнікаў з самага пачатку. Жывы, непасрэдны і вельмі шчыры настаўнік! Выйшаўшы на сцэну Палаца Рэспублікі, ён не здолеў стрымаць эмоцый і зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Вользе Клімовіч! Усёй рэдакцыяй далучаемся да віншаванняў!

Затым ён шчыра падзякаваў усім, хто яму дапамагаў і падтрымліваў на працягу ўсіх конкурсных мерапрыемстваў. Успомніў сваю настаўніцу геа­графіі Вольгу Іванаўну Мітраховіч, якая некалі сваім прыкладам натхніла яго на педагогіку. І вось Вадзім Алегавіч — лепшы настаўнік краіны, які атрымае крыштальнага жураўля і ключы ад аўтамабіля.

Раман Галоўчанка зачытаў віншаванне прэзідэнта краіны з нагоды Дня настаўніка. Прэм’ер-міністр адзначыў, што ўрад давядзе заробак настаўнікаў да сярэдняй зарплаты па краіне. “Шляхам паэтапнага штогадовага павелічэння заработнай платы педагогаў мы абавязкова давядзём яе да сярэдняй зарплаты па краіне не пазней чым да 2025 года. Будзем і далей максімальна ўлічваць вашы інтарэсы, праводзіць работу па скарачэнні неўласцівых функцый, паляпшэнні ўмоў вашай нялёгкай працы, забеспячэнні сацыяльных гарантый. Урад прыме для гэтага ўсе магчымыя меры”, — сказаў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, дзяржава будзе і надалей працаваць над павышэннем статусу педагагічнай прафесіі. “Педагогі — эліта грамадства, вам вераць, да вас прыслухоўваюцца. І само жыццё сёння патрабуе ад настаўнікаў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, бо ў будучыні менавіта вашым вучням будаваць дзяржаву і кіраваць ёй”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Прыярытэтам школы Раман Галоўчанка назваў выхаванне актыўнай моладзі, здольнай крытычна думаць. Кіраўнік урада лічыць, што, “дзякуючы вопыту і прафесіяналізму настаўнікаў, сёння можна ганарыцца беларускай сістэмай адукацыі, якая цэніцца не толькі ў краінах СНД, але і далёка за іх межамі”.

Пераможца конкурсу “Настаўнік года — 2020” быў выбраны па выніках суперфіналу, які праходзіў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі 30 верасня. У васьмёрку суперфіналістаў увайшлі настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Наталля Уладзіміраўна Шчаглова; настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 3 Оршы Вольга Аляксандраўна Трухан; настаўнік рускай мовы і літаратуры Маладзечанскай сярэдняй школы № 1 імя Янкі Купалы Васіль Уладзіміравіч Маліноўскі; настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Свіслачы Людміла Анатольеўна Пабудзей; настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 8 Гомеля Марына Віктараўна Капцэвіч; настаўніца музыкі Гродзенскай гарадской гімназіі Святлана Міхайлаўна Адамчук; выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Сонейка” Слуцка Вікторыя Пятроўна Гяч і, зразумела, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля Вадзім Алегавіч Лосеў.

Усе суперфіналісты атрымалі з рук прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі падзяку Прэзідэнта Беларусі за плённую працу, высокі ўзровень прафесійнага майстэрства, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення.


На ўрачыстым ганараванні педагогаў, якое праходзіла ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, усе гэтыя настаўнікі атрымалі нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

У БДПУ педагогаў віншавалі намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава.

Ігар Петрышэнка шчыра падзякаваў педагогам за працу, прафесіяналізм і цярпенне. “І ўдвая хачу падзякаваць за тое, што ў складаную хвіліну пандэміі, з якой мы сутыкнуліся, вы не ўсталі і не адышлі ўбок. Вы засталіся на перадавой, дапамагаючы дзецям пераадолець хваляванне, страх, і вы самі пераадолелі гэты страх. Самае галоўнае, што мы не перапынілі вучэбны працэс і працягваем вучыць дзяцей, выкарыстоўваючы розныя фарматы. Вялікі вам за гэта дзякуй”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Адказваючы на пытанні журналістаў да пачатку мерапрыемства, Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што прэстыж прафесіі настаўніка расце, што пацвярджае конкурс на педагагічныя спецыяльнасці, які з кожным годам павялічваецца. “Гэты факт гаворыць сам за сябе. Мы хочам, каб нашых дзяцей вучылі вельмі падрыхтаваныя, кваліфікаваныя, добрыя, але патрабавальныя педагогі. І гэтым крытэрыям нашы педагогі цалкам адпавядаюць”, — упэўнены віцэ-прэм’ер.

Ігар Петрышэнка ўручыў настаўнікам ганаровыя граматы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і падзякі прэм’ер-міністра. З вішавальным адрасам да педагогаў звярнуўся намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, які пасля ўручыў педагогам ганаровыя граматы і падзякі Адміністрацыі прэзідэнта.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.