Калегі Уладзіміра Мечыслававіча гавораць, што ён гімназію адчыняе і ён жа яе зачыняе. Так вобразна можна сказаць аб адданасці педагагічнай справе настаўніка геаграфіі гімназіі № 1 Ліды У.М.Валюка. І гэтая любоў да справы і вучняў вызначаецца не толькі гадзінамі працы, але і дасягненнямі яго вучняў. Толькі за пяць апошніх гадоў 25 вучняў Уладзіміра Мечыслававіча станавіліся пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, 15 чалавек — заключнага, а Раман Дубіцкі ў 2014 годзе быў удзельнікам зборнай каманды Беларусі на Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі.
Навучыць любіць прадмет можна, напэўна, толькі тады, калі і сам лічыш яго цікавым. Зацікаўліваць геаграфіяй гімназістаў у У.М.Валюка атрымліваецца не адзін год. І не проста зацікаўліваць, а дапамагаць разумець прадмет, дзе неабходны таксама веды па матэматыцы, гісторыі, фізіцы, які спалучае фізіка-геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя навукі. Адна з самых старажытных навук у выкладанні Уладзіміра Мечыслававіча “абрастае” сучаснымі методыкамі, параўнаннямі, апорнымі схемамі, якія дапамагаюць дзецям паспяхова засвойваць прадмет.
— Высокаэрудзіраваны, адказны, надзейны, — так характарызуе настаўніка дырэктар гімназіі Наталля Зайцава. — Ён са сваімі вучнямі і на ўроках, і пасля ўрокаў. Такія якасці вельмі каштоўныя. У нашай гімназіі праводзіцца шмат мерапрыемстваў, у якіх удзельнічаюць і вучні, і настаўнікі. Нягледзячы на вялікую вучэбную нагрузку, Уладзімір Мечыслававіч не застаецца ўбаку: ён і на спартыўнай пляцоўцы, і ў інтэлектуальных гульнях у складзе каманды настаўнікаў і каманды выкладчыкаў і гімназістаў.
У.М.Валюк — адзіны географ у гімназіі. 21 клас, каля 500 вучняў. А яшчэ выкладанне ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, раённай школе па геаграфіі. Акрамя таго, настаўнік з’яўляецца трэнерам абласной каманды заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, удзельнікам абласной творчай групы настаўнікаў геаграфіі.
Без перабольшання, у гімназіі У.М.Валюка ведаюць усе вучні. У яго вучацца і дзеці былых вучняў, старэйшыя браты і сёстры расказваюць малодшым пра Уладзіміра Мечыслававіча. Так што нічога дзіўнага няма ў тым, што на суботнія заняткі да яго прыходзяць і вучні малодшых класаў. Ён прымае ўсіх, калі бачыць зацікаўленасць у прадмеце. Так, Іну Карняйчук, калі яна яшчэ вучылася ў 5 класе, прывёў да педагога яго былы вучань, а зараз настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Аляксей Сымановіч. Іна цікавілася камянямі, а праз гэта з’явілася цікавасць і да геаграфіі.
У практыцы Уладзіміра Мечыслававіча быў таксама выпадак, калі на той час вучань 3 класа Васіль Сечка папрасіўся на суботнія заняткі па геаграфіі, а ўжо праз год удзельнічаў у раённай алімпіядзе за 7 клас і стаў яе прызёрам.
Намеснік дырэктара гімназіі па пачатковай школе Наталля Курганская згадала і такі выпадак. У класе Васіля яна вяла заняткі па казках паўночных народаў, і калі прагучала пытанне пра Нарвегію, хлопчык сам выйшаў да дошкі і пачаў расказваць пра гэтую краіну: хто кароль, паходжанне назвы краіны і што яна азначае. На пытанне, адкуль ён гэта ведае, Васіль адказаў, што з аповедаў настаўніка геаграфіі.
— Мне тады засталося толькі дадаць, што Васілю можна верыць, бо ён займаецца з Уладзімірам Мечыслававічам, — гаворыць Наталля Аляксееўна і адзначае, што геаграфія ніколі не была такой папулярнай у гімназіі, як з прыходам У.М.Валюка.
Сваю прафесійную дзейнасць У.М.Валюк пачынаў у сярэдняй школе № 11 Ліды пасля заканчэння геаграфічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Універсітэт стаў не толькі месцам вучобы, але і “радзімай” сям’і студэнтаў геафака Уладзіміра і Люцыны. На 4 курсе яны сталі бацькамі. Старэйшая дачка Ганна таксама пайшла па слядах мамы і таты — скончыла геаграфічны факультэт і працуе зараз у навукова-даследчым інстытуце геалогіі і разведкі карысных выкапняў. Дарэчы, Ганна скончыла сярэднюю школу № 11 з залатым медалём і была пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі. Малодшая дачка, дзевяцікласніца-гімназістка Яна, геаграфіяй таксама цікавіцца, але больш яе вабіць іспанская мова. Дома ў Валюкоў вісіць вялікая карта Еўропы — і гэта падабаецца ўсім членам сям’і.
— Люцына Эдвардаўна ўвесь час выкладае геаграфію ў першай лідскай школе. І рыхтаваць алімпіяднікаў пачала яна. Неяк няёмка было адставаць ад жонкі — і я ўцягнуўся ў гэтую работу, — усміхаецца Уладзімір Мечыслававіч. — Першую перамогу на рэспубліканскім этапе ў 1998 годзе атрымаў мой вучань Дзмітрый Мікулка.
Пачынаць маладому настаўніку было нялёгка, але, як ён сам адзначае, цікава. Было жаданне працаваць, прыдумваць нейкія “хады”, каб дзеці лягчэй успрымалі прадмет. Напрыклад, што значыць Афрыка? Не толькі кантынент, але і магчымасць хутчэй запомніць шэсць асноўных моў свету пры ААН.
— Урокі Уладзіміра Мечыслававіча вылучаюцца разнастайнасцю форм і метадаў падачы вучэбнага матэрыялу. Настаўнік добра ведае індывідуальныя асаблівасці сваіх вучняў, што дазваляе яму шырока выкарыстоўваць рознаўзроўневыя заданні, падыходзіць да працэсу навучання дыферэнцыравана, — гаворыць Наталля Андрэеўна Зайцава. — Выхаванне культуры зносін, павагі да традыцый сваёй краіны і культуры іншых народаў ляжыць у аснове ўрока. Яго вучнi маюць права на памылку, умеюць слухаць сябе і суразмоўцу, вучацца навыкам рэфлексіўнай дзейнасці. Гэтаму спрыяюць змястоўнае дыдактычнае забеспячэнне ўрока, добры псіхалагічны клімат, карэктнасць настаўніка, выкарыстанне славеснай ацэнкі для падтрымання высокай матывацыі да вывучэння геаграфіі.
— Вопыт дазваляе адразу адчуваць настрой класа. Часам бывае, што трэба крыху адысці ад плана заняткаў, зымправізаваць, даць дадатковую інфармацыю, каб выклікаць цікавасць, стварыць рабочы настрой, — гаворыць педагог.
Вучні Уладзіміра Мечыслававіча ўслед за настаўнікам паўтараюць яго любімыя выказванні: “Без гісторыі ты ніхто, без геаграфіі ты нідзе”, “Не плыві па цячэнні, не плыві супраць цячэння, а плыві туды, куды трэба”, “Карта — мова геаграфіі”. А сам У.М.Валюк гаворыць, што залатым правілам для яго з’яўляюцца словы: “Вучы, бо ты настаўнік”, і яшчэ педагог павінен не нашкодзіць, а дапамагчы свайму вучню не толькі атрымаць веды, але і стаць грамадзянінам і патрыётам. А любіць сваю Радзіму вучыць і геаграфія, і яе выкладчык.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.