Настаўнікі ствараюць гэты свет

- 9:20Адукацыйная прастора

Настаўнік заўсёды знаходзіцца побач з чалавекам. Спачатку фізічна — калі вучыць дзіця ў класе ці аўдыторыі. А потым заўсёды суправаджае чалавека праз запаветы і прынцыпы, што закладзены настаўнікам у душы на ўсё жыццё. Так рукамі сваіх вучняў настаўнікі ствараюць гэты свет. Таму Дню настаўніка аказваецца асаблівая ўвага. Напярэдадні свята шэраг педагогаў атрымаў не толькі віншаванні, але і ўзнагароды.

Узнагароду ўручае намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі.

Лепшых педагогаў краіны запрасілі ў Міністэрства адукацыі, дзе падчас урачыстай цырымоніі ўручылі ўзнагароды профільнага міністэрства, Нацыянальнага сходу, Савета Рэспублікі і Адміністрацыі прэзідэнта.

Вітаючы педагогаў, міністр адукацыі падкрэсліў, што дзякуючы іх працы нацыянальная сістэма адукацыі развіваецца ў рэчышчы сусветных тэндэнцый.

“Напэўна, сёння няма такога чалавека, які б напярэдадні Дня настаўніка не ўспамінаў свайго першага настаўніка, сваіх педагогаў. І, вядома, мы з цеплынёй успамінаем усё самае лепшае, з асаблівым трапятаннем успрымаем нават заўвагі і павучанні педагогаў, — сказаў Ігар Карпенка. — Мне асабліва прыемна сёння віншаваць вас з гэтым святам, таму што мы сумеснымі намаганнямі робім усё для таго, каб нацыянальная сістэма адукацыі працавала якасна, паўнавартасна забяспечвала дзяцінства ў нашай краіне, развівалася ў рэчышчы сусветных тэндэнцый, каб мы не адставалі ад сучасных дасягненняў і рухаліся ў нагу з часам”.

Работа настаўніка пачынаецца не тады, калі ён уваходзіць у клас, і заканчваецца не тады, калі яго пакідае. Штодзень руплівыя педагогі разам удасканальваюць сістэму адукацыі. Новы імпульс гэтай рабоце быў дадзены напярэдадні пачатку новага навучальнага года на Рэспубліканскім педагагічным савеце, дзе былі прыняты важныя для галіны рашэнні.

 “І я ўдзячны кожнаму з вас і вашым калектывам за тое, што вы актыўна ўдзельнічалі ва ўдасканаленні нарматыўнай прававой і заканадаўчай базы сістэмы адукацыі. За тое, што вы адгукнуліся і актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні адзінага адукацыйнага рэсурсу для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. За тое, што сёння вы творча пераасэнсоўваеце вучэбныя праграмы і планы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі і ўваходзіце кожны дзень у клас, аўдыторыю, каб сеяць разумнае, добрае і вечнае”, — падкрэсліў міністр.

Настаўніцкая праца мае значэнне не толькі для кожнага чалавека, але і для нашай дзяржавы. Таму віншаванні з прафесійным святам, шчырыя цёплыя словы ўдзячнасці гучаць у гэтыя дні на самым высокім дзяржаўным узроўні. Ва ўрачыстым мерапрыемстве ў Міністэрстве адукацыі ўзялі ўдзе­л намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі і намеснік Старшыні Савета Рэспублікі
Анатоль Ісачанка.

“Прафесія педагога падобна да працы хлебароба. У сваёй штодзённай дзейнасці вы ствараеце на карысць нашай дзяржавы. Ваша праца — гэта сапраўднае прызванне, да якога трэба падыходзіць толькі з адкрытым сэрцам і ўсёй дабрынёй душы”, — адзна­чыў Анатоль Ісачанка.

Віцэ-спікер ад імя Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай уручыў віншавальны адрас міністру адукацыі Ігару Карпенку, а таксама ўзнагародзіў ганаровымі граматамі Нацыянальнага сходу і падзякамі Старшыні Савета Рэспублікі педагогаў і работнікаў сферы адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота Сяргея ПЯТРОВА.