Настаўнікі з Валожына Арцём і Іна Балабан прывыклі заўсёды быць разам: на вучобе, рабоце, дома, на адпачынку

- 14:25Учительский дуэт

Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя валожынскай сярэдняй школы № 1 Арцём Барысавіч і Іна Аляксееўна Балабан выгадавалі дваіх уласных дзяцей і зараз прывіваюць любоў да фізкультуры і спорту дзясяткам навучэнцаў. Таленту быць разам і ўпарта працаваць на вынік у настаўніцкага дуэта варта павучыцца кожнаму. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сям’я валейбола і баскетбола

Для Арцёма Балабана шлях да спорту пачаўся з паступлення ў Нацыянальны дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, спорту і здароўя імя П.Ф.Лесгафта, што ў Санкт-Пецярбургу. Арцём Барысавіч прызнаецца, што бачыў сябе толькі трэнерам. Па волі лёсу малады спартсмен пераехаў жыць у Беларусь і перавёўся ў Мінск на трэнерскі факультэт у тагачасную Акадэмію фізічнага выхавання і спорту Рэспублікі Беларусь (зараз — БДУФК). Тут жа сустрэў свой лёс — пазнаёміўся з Інай Аляксееўнай, якая таксама была студэнткай акадэміі. Стварылі сям’ю. Пасля заканчэння УВА галава сям’і атрымаў спецыяльнасць “Трэнер па валейболе. Настаўнік фізічнай культуры”, а яго жонка — спе­цыяльнасць “Трэнер па спартыўных гульнях”.

— Па размеркаванні мы паехалі на радзіму Іны Аляксееўны, — расказвае Арцём Барысавіч. — Так склалася жыццё, што нашы трэнерскія здольнасці, наш прафесійны ўзровень і вопыт спартыўнай кар’еры (мы гулялі ў камандзе майстроў) у нашым раёне, скажам так, не сталі запатрабаванымі. Горад невялікі — у гэтым уся справа. Таму мы накіраваліся на работу ў школу. Я настаўнічаў ва ўсіх агульнаадукацыйных установах горада, акрамя гімназіі. Прычым у некаторых з іх — не адзін раз. Пераходы з установы ва ўстанову былі звязаны з тым, што хацелася руху, развіцця, цікавых прапаноў. У некаторых гарадскіх установах адукацыі мы працавалі разам з Інай Аляксееўнай, і ў нас гэта нядрэнна атрымлівалася. Гэта тычыцца і 1-й школы Валожына, дзе мы выкладаем зараз.

Валожын — родны горад Іны Балабан. Яна вучылася ў той жа школе, дзе зараз працуе. Прафесію выбрала, пайшоўшы па слядах старэйшай сястры, якая запісалася ў секцыю па баскетболе. Педагог прызнаецца, што, колькі сябе памятае, зай­малася баскетболам. У 6 класе адоранай дзяўчынцы прапанавалі паступіць у вучылішча алімпійскага рэзерву па баскетболе (філіял у Плешчаніцах Лагойскага раёна Мінскай вобласці), і школу скончыла яна ўжо там. Пасля вучылішча дзяўчыну запрашалі ў розныя УВА — БДЭУ, БДУ, бо спарт­смены ўніверсітэтам былі патрэбны, але яна бачыла сябе толькі трэнерам па баскетболе. Скончыла Акадэмію фізвыхавання і спорту і вярнулася ў раён.

— Працавала спачатку трэнерам у мясцовай спартыўнай школе, але належных умоў для трэніровак на той момант ва ўстанове не было: даводзілася выкладаць у маленькай халоднай спартзале з нізкай столлю, — прыгадвае Іна Аляксееўна. — Як і муж, працавала ў розных установах адукацыі, спрабавала сябе на кіраўніцкай пасадзе, але зразумела, што гэта не маё, бо я практык і люблю працаваць з дзецьмі. У рэш­це рэшт мы спыніліся на маёй роднай 1-й школе, бо яна мне самая блізкая па духу. Акрамя таго, тут вучыліся нашы сын і дачка.

Педсавет дома

У сям’і настаўнікаў шмат спартсменаў. Брат Арцёма Барысавіча і яго жонка, а таксама сястра скончылі Акадэмію фізвыхавання і спорту. Сястра Іны Аляксееўны — аналагічна, і зараз яна, Ала Аляксееўна Садоўская, працуе настаўніцай фізічнай культуры і здароўя ў Сакаўшчынскай сярэдняй школе В.А.Каваленкі Валожынскага раёна.

— Калі збіраецца наша сям’я, то атрымліваецца сапраўдны педсавет настаўнікаў фізкультуры, — усміхаецца Арцём Барысавіч. — Мы разумеем адно аднаго з паўслова, разбіраемся ў тонкасцях прафесіі, абмяркоўваем навучэнцаў, вырашаем, каго з іх выстаўляць на спаборніцтвы. Зразумела, мы стараемся пакідаць работу на рабоце, аднак гэта складана. Каб не займацца дома прафесійнымі пытаннямі, я прывёз камп’ютар, у якім усе нашы рабочыя дакументы, у школу. Аднойчы я зразумеў, што вечарамі нам трэба разгружацца, адпачываць, а не працаваць за камп’ютарам. Адпачынак быў асабліва неабходны Іне Аляксееўне, якая і дома паглыблялася ў работу з галавой. Калі камп’ютар перакачаваў у школу, Іна Аляксееўна спачатку прыносіла дакументы ў папачцы на выхадныя, але гэтая практыка не прыжылася.

— Па жыцці мы заўсёды разам: і дома, і на рабоце, — далучаецца да размовы Іна Аляксееўна. — Я думаю, што калі б мой муж не быў адной прафесіі са мной, то яму было б складана.

Перамагае ў спорце інтэлект

— Ці ёсць сярод вашых выхаванцаў адораныя навучэнцы, у якіх вам хочацца ўкладваць свае сілы і час? — пытаюся ў настаўніцкага дуэта.

— У фізічнай культуры, як ні ў адным іншым вучэбным прадмеце, трэба ўлічваць, што дзеці мяняюцца, гэта звязана з фізіялогіяй чалавека, — адказвае Іна Балабан. — Часам у пачатковай школе некаторыя дзеці вельмі моцныя, выдатна здаюць нарматывы, з імі шмат працуеш, а далей уключаецца генетыка. Некаторыя з іх павышаюць свой узровень, а некаторыя, хоць і здаюць нарматывы, нейкага росту з-за сваіх фізічных даных не паказваюць. Бліжэй да 8 класа патэн­цыял дзяцей можна разглядаць на перспектыву. У кожным класе ў нас ёсць моцныя дзеці, якіх можна выстаў­ляць на шматлікія старты па розных відах спорту. Ёсць і такія дзеці, якія ўдзельніча­юць у некалькіх відах спорту, напрыклад, вучаніца 9 “А” класа Насця Аляксандрава. У дзяўчынкі няма нейкіх выдатных фізічных здольнас­цей, але яна сваёй упартас­цю, запалам і энергіяй дасягае многага.

— Я заўсёды прыводжу Насцю ў прык­лад: перамагае той, хто хоча, — згаджаецца з жонкай Арцём Балабан. — Яшчэ ў нас падрастае зорачка — чацвёртакласніца Вераніка Корнюш, якая ўжо стала пераможцай рэспубліканскіх спаборніц­тваў у бегу з бар’ерамі. Сярод асноўных праблем работы з дзецьмі — наяўнасць вялікай колькасці навучэнцаў з падрыхтоўчай групай па фізкультуры. З двух 10-х і двух 11-х класаў толькі адзінац­цаць хлопчыкаў ма­юць асноўную групу здароўя. Таму мы ста­раемся стымуляваць дзяцей, каб абу­дзіць у іх жаданне выйграваць у спаборніц­твах, праяўляць сябе. Я вучу іх, што перамагае ў спорце інтэлект. Якім бы ты ні быў моцным, калі не здольны знайсці для сябе кропку апоры — не перавернеш свет. Важна не проста быць моцным і фізічна развітым — важна правільна выкарыстоўваць сваю сілу, каб не прайграць больш слабаму фізічна, але інтэлектуальна больш развітому саперніку.

Ужо два гады запар сярэдняя школа № 1 Валожына ў прызёрах раённай спартакіяды. Доўгі час яе навучэнцы на чале, зразумела, з педагогамі змагаліся за першынство з гімназіяй, і нарэшце ў іх атрымалася! У мінулым навучальным годзе па выніках спаборніцтваў адрыў ад гімназіі быў настолькі значным, што сумненняў не засталося: 1-е месца — у 1-й школы. Пераможны кубак зараз красуецца ў кабінеце дырэктара школы Ірыны Вацлаваўны Чаховіч. Арцём і Іна Балабан самі па сабе камандныя гульцы, таму каманда для іх надзвычай важная. Кожны ўдзельнік спартакіяды цвёрда ведае, што адказвае не толькі за сябе, але і за ўсю каманду. І менавіта ў гэтым іх сіла.

Вызначыць напрамак і прыняць рашэнне

Калі Арцём Барысавіч і Іна Аляксееўна пачалі працаваць у сярэдняй школе № 1 Валожына, яе дырэктар стварыла для настаўнікаў фізкультуры і здароўя максімальна камфортныя ўмовы для работы ў плане развіцця матэрыяльнай базы. Арцём Балабан лічыць гэта важным для выхавання дзяцей. Калі навучэнцы ба­чаць, што стварэнне камфортных умоў для заняткаў фізкультурай і спортам — гэта не пустыя размовы, а рэальнасць, то імкнуцца паказаць вынік. Дарэчы, апошні заваяваны кубак — за 2-е месца ў асеннім кросе — дзеці прынеслі асабіста дырэктару.

А яшчэ пры школе, на месцы былой пусткі, нядаўна з’явілася футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём — падарунак ад футбольнай асацыяцыі. Заасфальтавана гульнявая пляцоўка для валейбола і баскетбола, у дзяцей ёсць магчымасць займацца на трэнажорах. У школе выдатная лыжная база — адна з лепшых у раёне. Зразумела, для заняткаў ёсць і іншы неабходны інвентар, напрыклад, мячы для розных відаў спорту. У планах — замена грануляту на бегавой дарожцы на сучаснае штучнае пакрыццё.

— Хто галоўны ў вашым настаўніцкім дуэце? — задаю мужу і жонцы сакраментальнае пытанне.

— Зразумела, Арцём Барысавіч, як у любой сям’і, — адразу адказвае Іна Балабан.

А Арцём Балабан папраўляе:

— Іна Аляксееўна вызначае напрамак, а я прымаю рашэнне, прыслухоўваючыся да яе аргументаў.

Можа, гэта і з’яўляецца рэцэптам шчаслівага сямейнага жыцця і працоўных поспехаў — умець слухаць і чуць адно аднаго? У настаўніцкім дуэце сям’і Балабан — дакладна.

Наталля КАСТЭНКА
Фота аўтара