Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Навагрудка Наталля Георгіеўна Пармонік прадоўжыла сямейную дынастыю, звязаўшы сваё жыццё з педагогікай. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
З дзяцінства дзяўчынка бачыла, як з душой падыходзяць да любімай справы яе бацькі, як аддаюць ёй не толькі сілы, веды і прафесійны вопыт, але і сваё сэрца, як любяць дзяцей. Яе мама Людміла Уладзіміраўна і сёння выкладае рускую мову і літаратуру ў сельскай школе на Брэстчыне. Настаўнікам, дырэктарам школы быў тата, на жаль, яго ўжо няма. І бабуля таксама была настаўніцай пачатковых класаў.
— Відавочна, я не выпадкова выбрала такую прафесію. Яшчэ ў дзяцінстве вяла школьны журнал, куды ставіла адзнакі сваім лялькам. Калі мама правярала сшыткі, мне гэта было цікава. Падчас вучобы ў школе захапілася вывучэннем англійскай мовы, — адзначыла педагог.
Наталля Пармонік паступіла ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. На 3 курсе дадаткова стала вывучаць яшчэ і нямецкую мову. А два гады назад скончыла ўніверсітэт і па размеркаванні трапіла ў сярэднюю школу № 5 Навагрудка. Два гады праляцелі непрыкметна. Малады спецыяліст успамінае, як хвалявалася, адпраўляючыся на сваё першае працоўнае месца. Да таго ж і горад быў для яе незнаёмы. Але месца работы выбрала сама, хацелася быць недалёка ад родных мясцін, каб часцей наведвацца да мамы. Парадавала, што прадаставілі месца ў інтэрнаце, і да школы недалёка.
— Перажывала, што нікога ў Навагрудку не ведаю, але, калі прыйшла ў школу, пазнаёмілася з адміністрацыяй, з калегамі, адчула, што мяне тут чакалі, бо сустрэлі вельмі цёпла, — успамінае Наталля Георгіеўна. — Калегі падтрымалі, дапамаглі ўліцца ў калектыў. Я бачыла, што заўсёды магу разлічваць на дапамогу, атрымаць адказы на свае пытанні. На другі год мне даверылі класнае кіраўніцтва. У першы год вяла прадмет у старшых класах, а ў мінулым годзе мне далі 3-я класы. Як іх навучыць, з чаго пачаць? Спачатку вельмі перажывала. Але потым мне спадабалася працаваць з маленькімі дзецьмі. У адных адразу ўсё атрымлівалася. Каму было складана, старалася дадаткова растлумачыць, прымяніць свае напрацоўкі, каб навучыць іх чытаць. Увогуле, атрымалася ўсё добра.
Наталля Пармонік падыходзіць да сваіх урокаў творча. Актыўна выкарыстоўвае камп’ютарныя тэхналогіі, нават сама распрацоўвае гульні на англійскай мове. Дзецям вельмі падабаецца. Калі ў рабоце з навучэнцамі пачатковых класаў педагог выкарыстоўвае гульні, то са старшакласнікамі разгарнула праектную дзейнасць. Напрыклад, дзеці робяць замалёўкі і потым на аснове метаду візуалізацыі даных mindmap расказваюць вусную тэму. З творчым падыходам распрацоўваюць і дыялогі.
У мінулым годзе Наталля Пармонік прымала ўдзел у раённым конкурсе маладых спецыялістаў, давала адкрыты ўрок для настаўнікаў англійскай мовы раёна. І гэта быў не першы яе адкрыты ўрок. Дарэчы, яе ўрокі пра Беларусь для 6 класа надрукаваны ў “Настаўніцкай газете” і “Народнай асвеце”.
Малады спецыяліст імкнецца больш часу праводзіць з дзецьмі, удаскальваць не толькі прафесійнае майстэрства, але і выхаваўчыя навыкі. Менавіта таму другі раз летам адправілася працаваць у якасці выхавальніка ў раённы аздараўленчы лагер “Свіцязь”. Такая педагагічная практыка спадабалася ёй і падчас вучобы ва ўніверсітэце.
— У лагеры вельмі добры калектыў, тут атрымліваеш не толькі новыя знаёмствы, падчас зносін з больш вопытнымі калегамі мімаволі пераходзіш на размову пра работу, і яны з задавальненнем дзеляцца сваімі напрацоўкамі. Таксама вельмі карысны вопыт зносін з дзецьмі не ў школьным асяроддзі, ёсць магчымасць даведацца пра іх захапленні. Хлопчыкі і дзяўчынкі раскрываюцца, паказваюць сябе, і ты лепш разумееш іх. Гэта дапамагае мне потым будаваць сваю выхаваўчую, вучэбную дзейнасць, — расказала Наталля Георгіеўна.
У планах у маладога спецыяліста — развівацца прафесійна, укараняць у вучэбны працэс новыя распрацоўкі калег і свае ўласныя. Новы навучальны год для яе трэці ў якасці педагога.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара