Наталля Амельчанка: «Асоба педагога — гэта прыклад грамадзянскасці для вучня і яго сям’і»

- 11:15Моя гражданская позиция

Грамадзянскае выхаванне як адзін з напрамкаў ідэалагічнай работы ўстановы абавязкова павінна быць паэтапным, дынамічным працэсам, лічыць настаўніца гісторыі і грамадазнаўства, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 1 Хойнікаў Наталля Амельчанка.

Свой педагагічны шлях я пачынала ў савецкай школе, узначальваючы камсамольскую арганізацыю ўстановы. Тады прапанавала аб’яднаць камсамольскую арганізацыю работнікаў і навучэнцаў, што было новым для Хойніцкага раёна.

Сёння педагог з’яўляецца ключавой фігурай нацыянальнай сістэмы адукацыі, і яго задача заключаецца ў пошуку новых спосабаў фарміравання ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Грамадзянс­касць — якасць асобы, якая дазваляе чалавеку ўсведамляць сябе грамадзянінам той ці іншай дзяржавы, адчуваць сваю прыналежнасць да Радзімы, да той краіны, у якой ён жыве і працуе.

На сваіх уроках і ў пазакласнай дзейнасці звяртаю ўвагу на тое, што глыбокія традыцыі выхавання грамадзянскасці — яркае пацвярджэнне таго, што асаблівую ўвагу нашы продкі ўдзялялі гарманічным узаемаадносінам паміж чалавекам, грамадствам і дзяржавай, а такі вопыт будзе карысны і ў наш час. Не сакрэт, што асоба фарміруецца пад уздзеяннем таго грамадства, у якім яна жыве. Такім чынам, ступень грамадзянскасці вызначаецца тым, наколькі гэтая асоба ўпісалася ў сацыяльна-палітычныя адносіны і садзейнічае развіццю і ўмацаванню грамадскага ладу. Развіццё сучаснага беларускага грамадства, змяненні ў сацыяльна-эканамічным і палітычным жыцці дзяржавы, умацаванне дэмакратычных традыцый дазваляюць вызначыць знач­насць узаемадзеяння педагога, навучэнцаў, сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці. Тут не павінна быць мітусні, спешкі, нескаардынаваных дзеянняў, бессістэмнай работы. Усе ўдзель­нікі адукацыйнага пра­цэсу — члены грамадства, і важнымі з’яўляюцца выпрацоўка крытэрыяў актыўнай грама­дзянскай пазіцыі, пераўтварэнне адносін унутры сям’і, школы, соцыуму, станаўленне дэмакратычных традыцый. Педагогі ўстановы імкнуцца да станаўлення чалавека як адукаванай асобы. Таму кожнаму з нас важна ўсвядоміць, што адукаваны чалавек — гэта не толькі чалавек дасведчаны, але і здольны да самастойнага прыняцця адказных рашэнняў, свабодны ў ацэнках і меркаваннях.

Я настаўнік са шматгадовым вопытам работы і ўпэўнена ў тым, што нельга гаварыць аб грамадзянскасці індывіда, які не ведае гісторыі свайго народа, Канстытуцыі, функцый розных дзяржаўных органаў. Шмат часу прысвячаю індывідуальнай рабоце з навучэнцамі. На жаль, яны бачаць сваю прыналежнасць да дзяржавы толькі праз кіраванне. А важна ж навучыць іх не столькі кіраваць, колькі накіроўваць, каардынаваць дзейнасць.

Традыцыйна лічылася, што выхаваннем грамадзянскай пазіцыі дзяцей і падлеткаў павінны займацца класныя кіраўнікі і настаўнікі гісторыі, грамадазнаўства. З нядаўняга часу ў штатны расклад установы ўве­дзена адзінка кіраўніка па ваенна-­патрыятычным выхаванні. У нас гэта чалавек-практык, спецыяліст, які разумее і ўсведамляе ўсю адказнасць ускладзеных на яго задач у гэтым напрамку дзейнасці школы. Шмат зроблена — яшчэ больш трэба зрабіць. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні — каардынатар ідэалагічнай, патрыятычнай работы ў школе, а патрыятычнае выхаванне — адна са ступеней грамадзянскага выхавання моладзі. Кожны педагог проста абавязаны выхоў­ваць у сваіх вучнях павагу да правоў іншых лю­дзей, здольнасць абмяркоўваць розныя пытанні, адрозніваць асновы прававога і грамадзянскага грамадства.

Грамадзянскае выхаванне як адзін з напрамкаў ідэалагічнай работы ўстановы абавязкова павінна быць паэтапным, дынамічным працэсам. Мы, педагогі, уплываем на свядомасць і пачуцці асобы з мэтай фарміравання ў іх глыбокіх і ўстойлівых грамадзянскіх уяўленняў і перакананняў.

Для мяне як спецыяліста сучасны ўрок — метад узаемадзеяння настаўніка і вучня, у тым ліку і па рэалізацыі выхаваўчых мэт. Асоба педагога — гэта прыклад грамадзянскасці для вучня і яго сям’і. Разумею, што павінна валодаць не толькі спецыяльнымі ведамі і навыкамі, але і пэўнымі якасцямі грамадзяніна — быць ініцыятыўнай, актыўнай, адказнай.

2024 год — Год якасці. Кожнаму грама­дзяніну Рэспублікі Беларусь дадзена магчымасць рэалізаваць сябе праз грамадскія аб’яднанні, праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, адчуць адказнасць перад іншымі людзьмі. Маю вялікі вопыт работы старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ўстановы. Прафсаюзныя ўрокі з’яўляюцца неад’емнай часткай маёй педагагічнай работы. Праводжу іх з мэтай прапаганды важнасці развіцця грамадзянскай супольнасці, здольнай кансалідаваць дзяржаву і ўмацоўваць яе пазіцыі на міжнароднай арэне. Зрабі добрую справу — згуртуй вакол сябе людзей для інтэграцыі грамадства, дзяржавы, умацаваўшы яе сілу! Такі лейтматыў кожнага прафсаюзнага ўрока.