Натхніцца на добрыя справы

- 13:00Адукацыйная прастора

Традыцыйна напярэдадні Дня настаўніка ў нашай краіне ўшаноўваюць адметных педагогаў, апантаных сваёй справай. Сёлета сярод іх — педагог-арганізатар сярэдняй школы № 120 Мінска Сяргей Андрэевіч Курыловіч. Гэта неверагодна энергічны чалавек, які працуе 24/7 і ўсё роўна не паспявае рэалізаваць усе свае ідэі і планы. Бо, акрамя таго, што кожны тыдзень праводзіць некалькі школьных мерапрыемстваў, ён яшчэ трэніруе футбалістаў-пачаткоўцаў і займаецца добрымі справамі з юнымі валанцёрамі.

“Сяргей Андрэевіч — крэатыўны чалавек, з якім я з радасцю працую вось ужо 5 гадоў. Ён ведае, чаго хоча, дасягае пастаўленых мэт, калі бярэцца за справу, то заўсёды даводзіць яе да канца. Дзеці яго любяць і падтрымліваюць, нават для мяне ён моцная апора”, — такімі словамі ды­рэктара школы Дзяніса Вячаслававіча Гардзіюка пачалося маё знаёмства з педагогам-арганізатарам С.Курыловічам.

Пасля заканчэння сталічнага педкаледжа Сяргей Андрэевіч стаў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры мінскай школы № 98. На жаль, там ён затрымаўся нядоўга, бо па сямейных абставінах вымушаны быў кардынальна змяніць сферу дзейнасці. Але праз 5 гадоў педагагічнае прызванне зноў вярнула яго ў адукацыю. Спачатку ён прыйшоў у Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 13 будаўніцтва педагогам-арганізатарам, а праз пару гадоў апынуўся ў Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 3 машынабудавання, неаднаразова быў удзельнікам конкурсу “Настаўнік года”. Далей жыццёвыя абставіны зноў змяніліся, і раптам яму прапанавалі папрацаваць са школьнікамі.

“Я ніколі не бяруся за справу, калі не ўпэўнены, што спраўлюся з ёй, каб потым не было сорамна перад людзьмі, якія ў мяне паверылі. Узважыўшы ўсе за і суп­раць, я падумаў: а чаму б і не паспрабаваць наладзіць кантакт з дзецьмі? Адразу ўсё было незвычайна і складана, але я хутка “захварэў” на педагогіку”, — прызнаўся педагог-арганізатар.

Яго асноўныя памочнікі ў школе — старасты і валанцёрскі атрад, а гэта прыкладна 80 чалавек з больш чым 700 вучняў. “Аднак я пастаянна гавару, што мае памочнікі — усе школьнікі, бо кожны мае дачыненне да той ці іншай справы, і мае калегі таксама”, — адзначыў С.Курыловіч, які працуе са сваімі выхаванцамі ў некалькіх напрамках. ­Адзін з іх — валанцёрскі. Літаральна днямі школьны валанцёрскі атрад “Адкрытае сэрца” быў адзначаны сертыфікатам Рэспубліканскага валанцёрскага цэнтра за актыўны ­ўдзел у рэспубліканскім марафоне “Валанцёрства — гэта мы”. Як прызнаюцца прадстаўнікі атрада, на добрыя справы іх натхняе Сяргей Андрэевіч. Ці магло быць інакш, калі ён уласным прыкладам паказвае, як трэба дапамагаць людзям?

“Я працую па прынцыпе: рабі добрыя справы, але не выстаўляй гэта напаказ. І вучу дзяцей: зрабілі добрую справу — не трэба бегаць і крычаць пра яе. Вось, напрыклад, у нашым Заводскім раёне згарэў другі паверх дома, у якім жыве старэнькі дзядуля. Мы з вучнямі-валанцёрамі дапамаглі ра­забраць завалы, прыбралі, вымылі памяшканне, што ўцалела, адрамантавалі плот, з таго часу віншуем яго са святамі. І заўсёды вучу сваіх дзяцей: рабіце як мага больш добрых спраў, і дабро абавязкова да вас вернецца. Увогуле ў нас вельмі шмат валанцёрскіх напрамкаў: дапамога ветэранам і адзінокім пажылым людзям, супрацоўніцтва з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа, догляд магіл невядомых салдат і воінаў-афганцаў, а самы цікавы — мемарыяльны комплекс “Благаўшчына”. Дарэчы, 25 кастрычніка я буду праводзіць там гарадскую акцыю з удзелам больш як 100 мінскіх школьнікаў”, — расказаў С.Курыловіч.

Клапоцяцца вучні і пра гадаванцаў Мінскага заапарка, прыносячы ім крупы. “Заадно для наведвальнікаў мы ладзім гульнявыя праграмы. А на Новы год я сам ператвараюся ў Дзеда Мароза, стараючыся знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Мне гэта падабаецца, я працую Дзедам Марозам з 18 гадоў, а мне ўжо 36”, — з усмешкай паведаміў педагог.

Яшчэ адзін напрамак дзейнасці С.Курыловіча — футбол, якім ён захапляецца з 6 гадоў. “Я заўсёды марыў стаць трэнерам і вучыць дзяцей. Спачатку ў ліцэі сабраў каманду, а пасля і ў школе па прапанове нашага дырэктара набраў футбольную каманду хлопчыкаў, а праз год — і каманду дзяўчынак, якія ўжо сталі 4-кратнымі чэмпіёнкамі горада. Цікава назіраць, як растуць і развіваюцца твае падапечныя, прыемна, калі на спаборніцтвах падыходзяць прафесійныя трэнеры і запрашаюць іх да сябе”, — расказаў трэнер.

Што тычыцца крэатыўных ідэй, то іх у С.Курыловіча багата. Так, напрыклад, пару гадоў назад сцяг сярэдняй школы № 120 Мінска пабываў у Антарктыдзе. Увогуле, калі амаль дзве гадзіны размаўляла з педагогам-арганізатарам, на мае вочы час ад часу наварочваліся слёзы радасці і гордасці за нашых лю­дзей. Менавіта яны і павінны станавіцца прыкладам для нашага падрастаючага пакалення. І як сказаў Сяргей Андрэевіч, “калі ты сам валанцёрыш, трэніруешся, дапамагаеш, то і дзеці цягнуцца да цябе і імкнуцца быць падобнымі”.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.