Наваселле для вялікай сям’і

- 11:17Адукацыйная прастора

Чарговы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Магілёўскай вобласці. Наваселле святкавалі ў Чавусах. У двухпавярховы катэдж па вуліцы Чырвонай райцэнтра засялілася вялікая сям’я Наталлі Аляксандраўны і Паўла Валер’евіча Панцялеевых.

Дарыць бяздольным дзецям сямейнае цяпло і ласку Наталля Аляксандраўна і Павел Валер’евіч вырашылі даўно. Яны больш за дзе­сяць гадоў з’яўляліся прыёмнымі бацькамі. Зараз жа вырашылі цалкам прысвяціць сябе прафесійнаму бацькоўству.

— Сям’я Панцялеевых яшчэ не так даўно пражывала ў Магілёве. Але Наталля Аляксандраўна і Павел Валер’евіч без роздумаў адгукнуліся на прапанову стаць бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячым доме сямейнага тыпу ў Чавусах, — расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама І.М.Кускова.

У Панцялеевых трое родных дзяцей. Двое з іх ужо паўналетнія. У Чавусы з мамай і татам паехалі дачка Сафія, а таксама прыёмныя сыны Якаў і Клім. А не так даўно сям’я папоўнілася новымі членамі. Наталля Аляксандраўна і Павел Валер’евіч прынялі на выхаванне Мацвея, Арсенія, Андрэя, Алёну, Аляксандру і Сяргея.

Для такой вялікай сям’і былі створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання. Новы дом вельмі прасторны, яго агульная плошча — больш за 160 квадратных метраў.

— Будынак дзіцячага дома сямейнага тыпу быў на рэканструкцыі. Зараз дом вельмі ўтульны. Тут ёсць усё неабходнае для паўнавартаснага выхавання і ўсебаковага развіцця дзяцей. Акрамя бюджэтных сродкаў, істотную дапамогу ў рамонтных і будаўнічых работах аказала арганізацыя “Канадская дапамога ахвярам Чарнобыля”, — адзначыла Ірына Міхайлаўна.

Адкрыццё новага дзіцячага дома сямейнага тыпу прайшло ва ўрачыстай абстаноўцы. Павіншаваць сям’ю Панцялеевых з наваселлем прыйшло нямала ганаровых гасцей. Сярод іх — дырэктар РГА “Беларускі дзіцячы фонд” І.А.Фісюк, старшыня Чавускага райвыканкама А.А.Яфімчыкаў і інш. Усе госці ўручылі навасёлам падарункі, неабходныя ў побыце.

Адзначым, што дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Чавусах стаў пяцьдзясят трэцім па ліку на Магілёўшчыне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Марыям ТАБАГАРЫ.