Наваселле з падарункамі і пачастункамі

- 10:44Дашкольная адукацыя

Вясёлыя хлопчыкі і дзяўчынкі пасяліліся ў новым гродзенскім мікрараёне Вішнявец. Менавіта такую назву атрымаў яслі-сад № 108. Урачыстае адкрыццё ўстановы адбылося 30 снежня 2015 года.

Звокнаў другога паверха добра відаць новую школу, якая адкрылася некалькі месяцаў назад — 1 верасня 2015 года. І вось у новым мікрараёне з’явіўся яшчэ ад зін важны аб’ект — ён стане другім домам для 300 выхаванцаў. Для дзяцей тут створаны ўсе ўмовы — 12 светлых, абсталяваных зручнай мэбляй групавых пакояў і спальняў, басейн, фізкультурная і музычная залы, зала харэаграфіі, камп’ютарны клас, медыцынскі блок. Кошт будаўніцтва склаў 57 млрд рублёў.На адкрыццё дзіцячай установы прыйшлі выхаванцы і іх бацькі, педагогі, госці — прадстаўнікі абласной і гарадской улады, сістэмы адукацыі і, як бывае пад Новы год, Дзед Мароз са Снягуркай.
Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адзначыў, што на Гродзеншчыне распрацавана і выконваецца праграма па будаўніцтве ўстаноў дашкольнай адукацыі. Паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў вобласці выклікае і прыемныя клопаты — патрабуецца будаўніцтва новых аб’ектаў. Так, у 2016 годзе будзе ўведзены дзіцячы сад у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна, у гродзенскім мікрараёне Альшанка закладзены фундамент яшчэ аднаго садка, пачнецца будаўніцтва дзвюх устаноў у горадзе беларускіх атамшчыкаў — Астраўцы. Уладзімір Васільевіч Краўцоў уручыў новаму дзіцячаму саду сертыфікат на тэхніку для камп’ютарнага класа, а выхаванцам — вялікі кошык з цукеркамі.
На цырымоніі таксама прысутнічалі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Алег Рахунок, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Бераснева.Мечыслаў Гой ад імя Гродзенскага гарвыканкама перадаў загадчыцы ясляў-сада № 108 Кацярыне Шлімаковай сертыфікат на набыццё забавак, спартыўнага інвентару, музычных інструментаў. Быў таксама і салодкі пачастунак.А пасля таго, як прадстаўнікі “Гроднапрамбуда” перадалі загадчыцы сімвалічны ключ ад новай дзіцячай установы, а дзеці прадэманстравалі свае таленты ў невялікім святочным паказе, госці і гаспадары адправіліся на экскурсію, каб пабачыць, як будуць жыць вясёлыя хлопчыкі і дзяўчынкі ў сваім дзіцячым садзе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.