Наводзіць парадак на Магілёўшчыну накіраваны вопытныя кіраўнікі

- 11:15Інфармацыйная гадзіна

Леанід Заяц зойме пасаду старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта, а Міхаіл Русы будзе накіраваны на пасаду памочніка прэзідэнта — інспектара па Магілёўскай вобласці. Адпаведныя рашэнні прыняты ў панядзелак Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам па выніках сустрэчы з імі.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў матывы, па якіх названыя чыноўнікі нядаўна былі вызвалены ад пасад міністра сельскай гаспадаркі і харчавання і віцэ-прэм’ера. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што за ўсё, што адбывалася ў краіне ў сферы сельскай гаспадаркі, яны неслі персанальную адказнасць. “Пачынаючы ад маіх канкрэтных даручэнняў па асобных культурах — лён, рапс і іншае — і да тэхналогій у сельскай гаспадарцы і экспарту прадукцыі на іншыя рынкі, — сказаў прэзідэнт. — І я папрасіў бы вас яшчэ раз, каб вы не думалі, што гэта нейкі экспромт з-за нейкай фермы ў Сліжах. Слухайце, там ёсць каму займацца фермамі, і яны павінны былі гэтым займацца. Яны цяпер і займаюцца. Гэта справа перш за ўсё кіраўнікоў гаспадаркі і старшыні райвыканкама”.

“Таму не трэба думаць пра тое, што беспарадак на фермах і машынных дварах у гэтым “Купалаўскім” (аграхолдынг “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне. — Заўв. БелТА.) прывёў да адстаўкі аднаго і другога”, — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што неабходна строгае выкананне тэхналогій і жалезная дысцыпліна: “Я папярэджваў, асабліва вас, Леанід Канстанцінавіч, ні з кім не трэба размаўляць. Усе вельмі шмат гавораць, але мала робяць. Вы гэты фактар не ўлічылі і выпусцілі з-пад увагі. Тое ж самае датычыцца віцэ-прэм’ера, які быў адказным за Магілёўскую вобласць”.

Прэзідэнт заявіў, што запрасіў Міхаіла Русага і Леаніда Зайца, каб агу­чыць прынятае ім рашэнне. “Гэта загад: вы ўдваіх едзеце ў Магілёўскую вобласць, наведзяце там жалезны парадак і даложыце мне. Я буду ў вас кожны месяц у Магілёўскай вобласці. Чым змагу, тым дапамагу. Але перш за ўсё вы там пасееце як трэба, па тэхналогіі. І на працягу месяца, калі вам трэба перавесці Магілёўшчыну на ваеннае становішча, як цяпер у “Купалаўскім”, пераводзьце”.

Самае галоўнае, што запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка, — арганізаваць работу ў сельскай гаспадарцы па тэхналогіі: “Прымусьце, навучыце іх дзейнічаць па тэхналогіі. Не можа Магілёўская вобласць плесціся ў хвасце з такімі глебамі, якія яна мае. Гэта цудоўныя землі”.

“Вы як грамадзяне Беларусі мой загад павінны выканаць. Выкарыстоўвайце любыя законныя метады, любы законны сродак, каб там навесці парадак і даказаць, што вы тэхналагічныя і са­праўдныя мужыкі”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.