Навошта аб’ядналіся педагогі нямецкай мовы і інфарматыкі?

- 12:12Якасць адукацыі

З 19 па 23 жніўня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў курс павышэння кваліфікацыі “STEAM-падыход у адукацыйным працэсе”. Настаўнікі інфарматыкі і нямецкай мовы разам даследавалі асаблівасці STEAM-адукацыі, знаёміліся з работай мікракантролера Сalliope Mini і распрацоўвалі на яго аснове праекты для школьнікаў.

Падчас прэзентацыі распрацовак урокаў.

На першы погляд, сумесныя курсы для настаўнікаў інфарматыкі і нямецкай мовы — гэта незвычайна, складана, а для кагосьці і нелагічна. Настаўнікам нямецкай мовы прыйшлося асвоіць азы праграмавання, а настаўнікам інфарматыкі — асновы навучання замежным мовам. Але менавіта такую мэту — нала­дзіць супрацоўніцтва педагогаў і міждысцыплінарныя сувязі паміж такімі, здавалася б, далёкімі прадметамі — ставілі перад сабой аўтары і мадэратары курса.

Склалі і правялі заняткі старшы выкладчык кафедры сучасных методык і тэхналогій адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і навуковы кансультант інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі STEAM-адукацыі як сродку дапрофільнай падрыхтоўкі ва ўстанове адукацыі” Анжаліка Мешчаракова, настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 2 Барысава Ірына Папова і настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 28 Гродна Алена Хаменя. Ідэя курса нарадзілася больш за год назад і пабудавана на нямецкай распрацоўцы — мікракантролеры Calliope Mini.

Сalliope Mini — гэта мікрасхема, з дапамогай якой школьнікі могуць пачаць знаёмства з робататэхнікай і праграмаваннем і стварыць першыя праекты. Датчыкі руху, святла, гуку дазваля­юць мікракантролеру аналізаваць асяроддзе і, згодна з паказальнікамі, выконваць зада­дзеную праграму. Напрыклад, дзеці могуць стварыц­ь прататып лабараторыі з аўтаматычным палівам раслін; маяка, што свеціць толькі ў цемры ці перадае пэўны сігнал на азбуцы Морзэ; дыскашара, што рэагуе на гук. Мікракантролер дае настаўніку больш магчымасцей падчас урокаў ці дадатковых заняткаў.

— Перш за ўсё мы самі навучыліся рабоце з мікракантролерам на спецыяльных курсах у Германіі, — расказала Ірына Папова. — Каб працаваць з Сalliope Mini, мы прайшлі два дыстанцыйныя і вочны этап падрыхтоўкі.

— На непасрэдна распрацоўку курса нам спатрэбіліся тры месяцы штодзённай работы, на працягу якіх мы складалі сам курс і праграму аб’яднання па інтарэсах, якое змогуць зладзіць у сваёй школе ўсе ўдзельнікі курса, — працягнула Алена Хаменя.

— За аснову праграмы ўзялі тэму “Святло Сalliope Mini” — гэта розныя праекты на мікракантролеры, якія так ці інакш звязаны са святлом і колерам, — патлумачыла Анжаліка Мешчаракова. — І на курсе мы патлумачылі педагогам нямецкай мовы асновы алгарытмізацыі, пазнаёміліся з тэхналогіяй CLIL (навучанне звычайнаму школьнаму прадмету на замежнай мове), а пасля ад простага да складанага даследавалі магчымасці мікракантролера і сімулявалі фрагменты ўрокаў з яго выкарыстаннем. У выніку ў апошні дзень настаўнікі прэзентавалі ўласныя распрацоўкі ўрокаў з выкарыстаннем Сalliope Mini.

Магчымасць прайсці курс і пазнаёміць з Сalliope Mini сваіх вучняў настаўнікі атрымалі дзякуючы дапамозе Інстытута імя Гётэ ў Мінску. Ён не толькі арганізаваў навучанне педагогаў і дапамог сфарміраваць курс, але і падарыў па наборы з 13 мікракантролераў 13 школам з розных абласцей краіны, дзе з’явяцца адпаведныя аб’яднанні па інтарэсах. А ўсе настаўнікі інфарматыкі, якія скончылі курс, атрымалі ад Інстытута імя Гётэ запрашэнне на бясплатныя дыстанцыйныя заняткі па нямецкай мове.

Як расказалі куратары праекта Марына Міцькіна і Таня Бальдрайх, Інстытут Гётэ захацеў зладзіць такую ініцыятыву, бо ў ёй аб’ядналіся развіццё міждысцыплінарных сувязей і трэніроўка крэатыўнага і крытычнага мыслення, навыкаў камунікацыі, праектнай дзейнасці. Таму і былі арганізаваны курсы, на якіх 24 настаўнікі-мультыплікатары (тыя, хто прывязе новыя веды ў свой рэгіён) з краін Усходняй Еўропы вывучалі работу з Сalliope Mini. Свой курс мультыплікатары Інстытута імя Гётэ ў Мінску запусцілі першымі, аналагічных праектаў па вывучэнні нямецкай мовы і праграмавання ў нашым рэгіёне пакуль няма.

— Беларусь падалася нам цудоўнай краінай для развіцця праекта на мяжы нямецкай мовы і праграмавання, бо тут хутка развіваюцца сучасныя тэхналогіі. Мы зацікаўлены ў тым, каб будучыя праграмісты вывучалі нямецкую мову і маглі пасля супрацоўнічаць з нямецкімі кампаніямі, — падкрэсліла Таня Бальдрайх.

Плануецца, што педагогі, якія зараз пачынаюць праводзіць заняткі з Calliope Minі (а гэта 26 настаўнікаў з розных гарадоў Беларусі), праз некалькі месяцаў збяруцца зноў, на зімнюю акадэмію, дзе абмяркуюць першыя вынікі работы. А ўжо ў канцы навучальнага года яны прывязуць у сталіцу сваіх выхаванцаў з праектамі, якія прыдумаюць і распрацуюць самі школьнікі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.