Навучанне — без перапынку

- 14:34Адукацыйная прастора

У пачатку лістапада на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшлі Міжнародныя педагагічныя чытанні “Бесперапынная адукацыя педагогаў: дасягненні, праблемы, перспектывы”. У маштабным мерапрыемстве прынялі ўдзел 163 прадстаўнікі з усіх рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, а таксама Расійскай Федэрацыі. Як адзначылі арганізатары, педчытанні былі арганізаваны найперш для таго, каб наладзіць творчае ўзаемадзеянне навукоўцаў і педагогаў-практыкаў па пытаннях бесперапыннай адукацыі педагагічных кадраў, і для ўстанаўлення прафесійных кантактаў і абмену навукова-практычным вопытам.

Фота да матэрыяла: Навучанне — без перапынку.Міжнародныя педагагічныя чытанні былі арганізаваны па ініцыятыве і пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, грамадскага аб’яднання “Беларускае педагагічнае таварыства”. На пленарным пасяджэнні і секцыях былі заслуханы і абмеркаваны даклады і выступленні па актуальных праблемах і пытаннях бесперапыннай адукацыі педагогаў як асновы развіцця асобы ў сучасным грамадстве. Удзельнікі акрэслілі вядучыя тэндэнцыі і перспектыўныя напрамкі развіцця бесперапыннай адукацыі педагогаў, падкрэслілі ўзмацненне значнасці такой адукацыі педагогаў, бо яна з’яўляецца найважнейшым фактарам развіцця ўстаноў адукацыі і павышэння якасці адукацыі.

***

Гэта ў сваім выступленні пацвердзіла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Глыбоцкай раённай гімназіі Іна Шымко, якая засяродзілася на эфектыўных формах метадычнай работы па павышэнні прафесійных кампетэнцый педагогаў у сваёй навучальнай установе. Па словах Іны Мікалаеў­ны, адукацыя для дарослых будзе эфектыўнай і практыка-арыентаванай, калі ключавым складнікам метадычнай работы стане стратэгія развіцця, якая прадугледжвае пераход ад тэорыі да практыкі, ад ведаў да ўменняў.

“Для ажыццяўлення гэтай стратэгіі мы выкарыстоўваем дзейнасны падыход у навучанні настаўнікаў. Кожны педагог нашай гімназіі ставіць перад сабой канкрэтныя мэты, працуе над павышэннем свайго прафесіяналізму. Значная роля ў гэтым напрамку адводзіцца рабоце па самаадукацыі, якая рэалізуецца праз розныя формы: адкрытыя ўрокі і мерапрыемствы, прэзентацыю работы на педагагічным савеце, работу ў сацыяльных сетках, творчых групах, дыстанцыйнае навучанне, удзел у вэбінарах.

У аснову сістэмы метадычнага забеспячэння пакладзена ідэя бесперапыннай адукацыі педагогаў, навучанне на курсах павышэння кваліфікацыі, удзел у семінарах, канферэнцыях. Штогод 33% педагогаў гімназіі праходзяць курсавую падрыхтоўку, 46—53% з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі семінараў і канферэнцый рознага ўзроўню. Адным з самых магутных стымулаў для развіцця прафесійных кампетэнцый педагога з’яўляецца ўдзел у інавацыйнай дзейнасці. На працягу трох гадоў (з 2015 па 2018) гімназія з’яўлялася ўдзельніцай рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання медыякультуры навучэнцаў ва ўмовах сучаснага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Нашы педагогі знаходзіліся ў пастаянным творчым пошуку, вучыліся на дыстанцыйных курсах, знаёміліся з эфектыўным вопытам работы ў школах Чэхіі і Швецыі, супрацоўнічалі з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальным інстытутам адукацыі”, — адзначыла Іна Мікалаеўна.

Каб абмяняцца эфектыўным вопытам работы па ўкараненні сучасных методык у адукацыйны працэс, у гімназіі праводзяцца прадметныя дэкады і дэкады педагагічнага майстэрства. Станоўчым з’яўляецца тое, што педагогі гімназіі больш актыўна выкарыстоўваюць на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці метады і прыёмы па развіцці ключавых кампетэнцый навучэнцаў: тэхналогію крытычнага мыслення, метад праектаў, аналіз медыя­тэкстаў розных жанраў, работу з матэрыяламі СМІ, метад інтэрв’ю , даследчы метад, падборку матэрыялаў і выпуск нумароў гімназічнай газеты, стварэнне тэматычных відэаролікаў.

“Найбольш эфектыўнымі формамі работы лічым урокі для дарослых і майстар-класы. Педагог павінен сам стаць актыўным удзельнікам працэсу навучання, на практыцы авалодваць неабходнымі ўменнямі і навыкамі. Актыўныя формы работы дазваляюць настаўніку ўдасканальваць навыкі праекціроўкі педагагічных ідэй, камунікатыўныя навыкі, вывучаць, адбіраць і апрабоўваць новыя метады і прыёмы, перанесці вядомыя прыёмы ў незнаёмую сітуацыю, ажыццявіць аналіз сваёй педагагічнай дзейнасці.

Урок для дарослых — дастаткова новая форма метадычнай работы, але вельмі эфектыўная, таму што дае магчы­масць калегам ад­чуць сябе ў ролі навучэнцаў. На такіх занятках настаўнік, які право­дзіць урок, можа прааналізаваць, наколькі эфектыўная выкарыстаная ім методыка, калегі-навучэнцы — апраба­ваць на сабе прымяненне новых тэхналогій. На такім уроку вызначаюцца назіральнікі, якія аналі­зуюць, як адбываецца падача вучэбнага матэрыялу, як навучэнцы разу­меюць пытанні настаўніка, якія кампетэнцыі фарміруюцца ў вучняў. Такім чынам, ствараюцца ўмовы для адпрацоўкі новых тэхналогій, сістэматызацыі свайго вопыту работы, развіваюцца аналітычныя і рэфлексіўныя кампетэнцыі.

Педагогу важна знаходзіцца ў пастаяннай камунікацыі, абменьвацца думкамі, ідэямі, адчуваць педагагічную эмпатыю, прадстаў­ляць свае метадычныя напрацоўкі, атрымліваць адабрэнне. Гэта рассоўвае рамкі ўмоўнасцей, дае прастор для творчасці, фарміруе цэльную асобу настаўніка”, — падкрэсліла І.М.Шымко.

***

Сваім вопытам арганізацыі цэласнай сістэмы метадычнай падтрымкі педагогаў і стварэння ўмоў для самаадукацыі дзяліліся прадстаўнікі гімназіі № 1 Дзятлава. Настаўніца біялогіі Валянціна Багдановіч засяродзілася на дыягностыцы метадычнага ўзроўню настаўніка, які з’яўляецца адным з асноўных у працэсе самаадукацыі настаўніка. “Адным з паказчыкаў высокага метадычнага ўзроўню настаўніка з’яўляецца яго патрэба ў самаадукацыі. Толькі ў такім выпадку, пастаянна павышаючы сваю кваліфікацыю, а часта і асвойваючы цалкам новыя пласты ведаў, педагог зможа дасягнуць жаданых вынікаў. Настаўнік, які адказна ставіцца да сваёй справы, абавязкова рыхтуецца да кожнага ўрока і не дазваляе сабе праводзіць іх экспромтам. Многія педагогі, якія даўно працуюць у адных і тых жа класах, арыентуюцца не на асобныя планы, а фарміруюць метадычны пакет на кожны ўрок, які ўтрымлівае план урока, дыдактычнае суправаджэнне (карткі, пытанні, прыклады заданняў), дадатковы матэрыял да ўрока і заўвагі, якія настаўнік уносіць пасля праведзенага ўрока. Рабочы план павінен быць гнуткім, што дазволіць без асаблівых выдаткаў часу і працы прыстасоўваць яго да пэўных умоў навучання вучняў у канкрэтным класе”, — лі­чыць Валянціна Генрыкаўна.

У першай гімназіі Дзятлава  педагогі, як маладыя, так і вопытныя, аб’ядналіся ў творчую эксперыментальную лабараторыю “Пошук”, што паспрыяла стварэнню атмасферы самарэалізацыі і павысіла матывацыю да самаадукацыі. Як заўважыла Валянціна Генрыкаўна, дыягностыка метадычнага ўзроўню педагогаў забяспечвае накіраванасць настаўніка на творчае пераасэнсаванне ўтрымання сваёй дзейнасці і становіцца інфармацыйнай асновай для далейшай самастойнай працы педагога. Змест педагагічнай дыягностыкі разумеецца як адначасовае аператыўнае вывучэнне і ацэнка, рэгуляванне і карэкцыя педагагічнага і метадычнага працэсаў на ўзроўні асобы педагога.

А затым настаўніца біялогіі праілюстравала аспекты педагагічнай дзейнасці, якія дапамагаюць у дыягностыцы: планаванне самаадукацыі і павышэнне кваліфікацыі; авалоданне зместам абноўленых праграм і падручнікаў; уменне фармуляваць мэты (задачы) вучэбных заняткаў; выкарыстанне прыёмаў сучасных адукацыйных тэхналогій, уменні право­дзіць самааналіз урока, апісаць вопыт сваёй работы, правесці аналіз урока калегі; выкарыстанне прыёмаў эфектыўнай педагагічнай практыкі, апісаных у метадычнай літаратуры; выкарыстанне прыёмаў, якія прымяняюць калегі, складанне аўтарскай праграмы, арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў.

Настаўніца інфарматыкі гімназіі № 1 Дзят­лава Святлана Кетка адзна­чыла, што пашырыць уласную адукацыйную траекторыю дапаможа стварэнне ўласных дыстанцыйных курсаў на спецыяльных платформах.

“І LMS Moodle — модульнае аб’ектна арыентаванае дынамічнае вучэбнае асяроддзе, распрацаванае ў Аўстраліі. Moodle пастаянна развіваецца, бо сумесны вопыт распрацоўшчыкаў і супольнасцей карыстальнікаў па ўсім свеце забяспечвае пастаяннае дапаўненне яе новымі інструментамі. Фінскі праект Eliademy таксама дазваляе любому педагогу лёгка і проста ствараць уласныя дыстанцыйныя курсы, якія можна выкарыстоўваць у адукацыйнай дзейнасці. Сэрвіс Eliademy перакладаецца на мноства моў, у тым ліку і на рускую. Eliademy пабудаваны на аснове Moodle, аднак ён істотна прасцейшы. Функцыянал вельмі просты і інтуітыўна зразумелы, такога багацця кнопак і магчымых дзеянняў, як ёсць у Moodle, тут няма.

Сэрвіс “Google-клас” бясплатны і даступны ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу, зарэгістраваным на дамене навучальнай установы. Выкарыстоўваць гэты сэрвіс вельмі зручна. Галоўнымі перавагамі яго выкарыстання з’яўляюцца: магчымасць стварэння асобных класаў па кожным асобна ўзятым вучэбным аспекце/курсе; магчымасць стварэння інтэрактыўных відаў заданняў (з дапамогай падгружаных спасылак і мультымедыйнага кантэнту) з устаноўкай тэрмінаў здачы і аўтаматычным адсочваннем іх выканання навучэнцамі, а таксама вызначэннем шкалы ацэньвання для кожнага канкрэтнага задання; магчымасць адсочвання выканання заданняў у рэальным часе і, пры неабходнасці, аператыўнага іх суправаджэння.

Гэтую платформу можна дапоўніць выкарыстаннем шэрага іншых сэрвісаў Google, такіх як “Google-дыск”, Blogger, YouTube, Hangouts, “Google-каляндар”. Пры гэтым доступ да ўсіх гэтых рэсурсаў забяспечваецца сінхронна пад адным уліковым запісам. Аўтаматычнае апавяшчэнне на паштовую скрыню вучня аб тэрмінах выканання задачы, рассыланне адзнак на пошту, каментарыі педагога, якія можна паглядзець у сваім кабінеце, магчымасць зносін у межах дыстанцыйнага класа дазваляюць зрабіць працэс навучання жывым і цікавым”, — па­дзялілася Святлана Іосіфаўна.

Пра ўдасканаленне даследчых кампетэнцый педагогаў праз рэалізацыю сацыяльна значных інавацыйных праектаў з міжнародным удзе­лам расказала настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Дзятлава Алена Вікенцьеўна Радомская: “Вызначальным момантам ва ўсталяванні міжнароднага супрацоўніцтва на працягу шэрага гадоў у нашай гімназіі з’яўляецца інавацыйная дзей­насць. Першым стаў праект рэспубліканскага значэння “Выхаванне талерантнасці школьнікаў праз даследчую дзейнасць па тэме “Халакост на Дзятлаўшчыне”, які рэалізоўваўся ў 2008—2011 гадах. У выніку даследчай дзейнасці педагогаў і навучэнцаў у гімназіі былі створаны экспазіцыі “Яўрэйская культура” і “Халакост на Дзятлаўшчыне”. Намі былі ўстаноўлены сувязі з Рэспубліканскім фондам “Халакост”, украінскім цэнтрам вывучэння гісторыі халакосту. Такое супрацоўніцтва дало магчымасць 5 педагогам гімназіі прайсці навучанне на базе Міжнароднага адукацыйнага цэнтра “Яд Вашэм” у Ізраілі.

З 2016 года ў гімназіі рэалізуецца яшчэ адзін інавацыйны праект — “Укараненне мадэлі фарміравання і развіцця даследчай кампетэнтнасці навучэнцаў на аснове духоўнай і культурнай спадчыны”. Дакладнае разуменне таго, што правядзенне даследчай дзейнасці немагчыма без сацыяльнага партнёрства, сарыентавала членаў інавацыйнай групы на правядзенне рэспубліканскага семінара па фарміраванні інавацыйнага педагагічнага вопыту ўдзельнікаў інавацыйнай дзейнасці. У рамках семінара прайшоў майстар-клас “Навучанне даследчай дзейнасці, аналіз аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Дзятлаўшчыны”, адбыўся абмен вопытам, апрабацыя новых методык па тэме “Навукова-даследчыя заданні на ўроках”, прэзентацыя вынікаў інавацыйных напрацовак. Супрацоўніцтва з установамі адукацыі, аб’яднанымі ў рамках аднаго інавацыйнага праекта, — гэта адзін з напрамкаў у ажыццяўленні сацыяльнага партнёрства. Нашымі партнёрамі з’яўляюцца Дзятлаўскі музей, музей яўрэйскага супраціўлення, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”.

Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыйным працэсе стала тэмай выступлення настаўніцы рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Дзятлава Святланы Лябецкай, якая заўважыла, што для навучання на аснове кампетэнтнаснага падыходу важнымі з’яўляюцца бесперапыннасць, пераем­насць, сістэматыч­насць і інтэграцыя на ўсіх узроўнях адукацыі. “У школьных праграмах па кожным прадмеце ў “Тлумачальнай запісцы” вызначаны асноўныя кампетэнцыі, якія павінны быць сфарміраваны ў вучняў ва ўрочнай і пазакласнай рабоце. Педагог павінен добра іх вывучыць і ведаць змястоўны кампанент кожнай кампетэнцыі, ведаць асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, нарматыўна-прававыя дакументы — вало­даць тэарэтычнай базай навучання на аснове кампетэнтнаснага падыходу.

Акрамя тэарэтычнай базы, педагог павінен асвоіць метадычную базу навучання: прымяняць адэкватныя абноўленаму зместу адукацыі формы і метады навучання і выхавання, выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, бо адной з умоў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу з’яўляецца тэхналагізацыя працэсу навучання і выхавання. Важнай умовай для рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляецца алгарытмізацыя дзейнасці як настаўніка, так і вучня. У педагога павінен быць выразна ўсвядомлены пэўны алгарытм дзейнасці”, — адзначыла Святлана Віктараўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.